Сьцісла
- Усе задачы, якія ставіў Крэмль, на гэтых выбарах вырашаныя.
- Аляксандар Лукашэнка, гледзячы на думскія выбары, можа сказаць: «Я ўсё рабіў слушна летась, бачыце, Масква гэтак жа дзейнічае».
- У Думе цяпер вельмі шмат радыкальна настроеных людзей, якія сьпяць і бачаць, каб Белавескія пагадненьні былі дэнансаваныя.
Ці сапраўды гэта «выбар паміж шакаламі і каётамі»?
— Я хацела б пачаць размову з даволі жорсткай мэтафары ад расейскага журналіста Рамана Папкова, які назваў выбары ў Дзярждуму «выбарам паміж шакаламі і каётамі ў райхстаг, які нічога ня значыць». Якая ваша ацэнка вынікаў выбараў?
— Гэта вельмі прыгожая фраза. Зразумела, што хоча сказаць Раман. Калі гаварыць пра вынікі выбараў у дэталях, то Сяргей Кірыенка і ўвесь апарат, які забясьпечваў выбары з боку Крамля, пацьвердзіў сваё ўсёўладзьдзе, бо ўсе задачы, якія ставіў Крэмль, на гэтых выбарах вырашаныя. «Адзіная Расея» атрымала канстытуцыйную большасьць, хоць да выбараў у тым ліку і крамлёўскія экспэрты выказвалі пэўную трывогу, што гэта будзе простая большасьць, а не канстытуцыйная.
Другі момант навізны заключаецца ў тым, што Кірыенка ўмела працягнуў у Думу пятую партыю — так званых «Новых людзей». Самая важная інтрыга і падзея — ня самі па сабе выбары, а «Разумнае галасаваньне», Аляксей Навальны, разгром грамадзянскіх арганізацый у Расеі, франтальная атака на незалежныя мэдыя і нядопуск да выбараў многіх вядомых грамадзкіх дзеячоў, такіх як Леў Шлосберг, Юлія Галяміна і іншых. У рэгіёнах — можа, там людзі не такія вядомыя, але там вельмі шмат каго не дапусьцілі да выбараў: ім інкрымінавалі сувязь у мінулыя часы ці з Фондам барацьбы з карупцыяй Навальнага, ці з «Адкрытай Расеяй» Хадаркоўскага.
Выбары скончыліся, настрой ва ўсіх вельмі маркотны і змрочны, але ўсё ж трэба сказаць, што Аляксей Навальны і ягоныя людзі бліснулі чарговым разам, бо да апошняй хвіліны Крэмль жорстка змагаўся з гэтым «Разумным галасаваньнем». Пры тым, што сам па сабе сьпіс «Разумнага галасаваньня» не ўяўляе сабой нічога асаблівага, там няма ніякіх ультраапазыцыйных кандыдатаў. Гэта проста сьпіс звычайных зарэгістраваных дэпутатаў з самай рознай рэпутацыяй. За кошт такога нязначнага сьпісу Навальны падчас выбарчай кампаніі, безумоўна, ствараў некаторую крызіснасьць. Крэмль зь ёю справіўся, але тым ня менш канфлікт быў даволі моцны і барацьба вельмі жорсткая.
«Два рэжымы абменьваюцца рэпрэсіўнымі практыкамі»
— Расейскія ўлады гадамі выкарыстоўваюць самы розны аўтарытарны досьвед Аляксандра Лукашэнкі, удасканальваючы яго. Ці былі выкарыстаныя беларускія «тэхналёгіі» пры правядзеньні выбараў у Думу? Ці можна тут праводзіць аналёгіі?
— Аналёгія беспасярэдняя напрошваецца, прынамсі ў адным элемэнце. На апошніх выбарах Аляксандар Лукашэнка прадпрыняў прэвэнтыўна жорсткія зьняцьці кандыдатаў — Ціханоўскага, Бабарыкі. Практычна ўсе, хто быў якой-небудзь магчымай альтэрнатывай Лукашэнку і мог сабраць значную колькасьць галасоў, былі выбітыя з выбараў. На гэтых думскіх выбарах такую ж тактыку выкарыстоўваў Крэмль.
Крэмль «выбіў» з выбараў спачатку партыю ПАРНАС, якую часова пазбавілі рэгістрацыі (гэтая партыя была створаная ў свой час пры ўдзеле Барыса Нямцова і іншых апазыцыйных дзеячоў). Потым вядомых дзеячоў зьнялі з выбараў на розных падставах, у тым ліку і анэкдатычных, як прыналежнасьць да экстрэмісцкіх арганізацый. Гэтыя людзі маглі перамагчы ў аднамандатных акругах і тым самым таксама зьмяніць карціну выніковага галасаваньня. Падчас выбараў быў цалкам зьнішчаны Фонд барацьбы з карупцыяй Навальнага, усе былі абвешчаныя экстрэмістамі, тым самым страцілі магчымасьць вылучацца ва ўсіх рэгіёнах. Усе, уключна з такімі вядомымі людзьмі, як Любоў Собаль.
Можна сказаць, што адбываецца абмен рэпрэсіўнымі практыкамі паміж двума рэжымамі. І цяпер Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка, гледзячы на думскія выбары, можа сказаць: «Значыць, я ўсё рабіў слушна летась, бачыце, Масква гэтак жа дзейнічае». Адбываецца некаторае зрошчваньне, злучэньне дзьвюх рэпрэсіўных практык Беларусі і Расеі.
— І калі на выніковыя лічбы глядзець, то ў Лукашэнкі і Кадырава, напрыклад, яны вельмі падобныя...
— Так, пацьвярджаецца канцэпцыя асаблівых электаральных тэрыторый, дзе яўка — 90%, і 90% — за лідэра тэрыторыі або за партыю ўлады. Нават 99%, як у Кадырава. Часткова мае рацыю Вячаслаў Іназемцаў, які сёньня напісаў, што мы цяпер ня можам нават гаварыць пра асаблівыя электаральныя тэрыторыі ў Расеі, бо гэта ўсё ператварылася ў адну такую тэрыторыю. «Адзіная Расея» ўжо не канкурэнтная, яна забірае ўсё, што хоча, і атрымлівае любыя плянаваныя галасы, пры тым, што магчымасьці апазыцыі цалкам ліквідаваныя.
«Штурхаць Лукашэнку і Беларусь у саюзную дзяржаву поўнага профілю з агульным войскам і валютай»
— Калі паглядзець на расстаноўку сіл у новай Дзяржаўнай Думе, ці могуць быць нейкія зьмены ў адносінах з Лукашэнкам?
— Выбары завершаныя ў Расеі. Расейская крамлёўская палітычная супольнасьць уваходзіць у новы этап паміж 2021 і 2024 годам, калі Ўладзімір Пуцін павінен пераабірацца ў той ці іншай форме на свой новы тэрмін. Трэба нагадаць, што калі мінулым разам, у 2018 годзе, Пуцін меўся пераабірацца, актыўна мусіравалася ідэя — а можа, яму варта пераабірацца ўжо ў прэзыдэнты аб’яднанай саюзнай дзяржавы? У той жа час у маскоўскіх колах гэта абмяркоўвалася як цалкам рэальны сцэнар.
І Лукашэнку давялося на гэта рэагаваць, ён таксама ўсьведамляў небясьпеку таго, што, магчыма, справа дойдзе да таго, што Пуціну захочацца быць прэзыдэнтам нейкай больш маштабнай Расеі, чым сёньня. Я лічу, што да 2024 году гэтая тэма зноў будзе ўставаць, расейская палітычная эліта будзе яе настойліва ўздымаць. Гэта будзе адбывацца асабліва таму, што інтэграцыйны працэс, які ішоў у гэтым годзе, не ацэньваецца ў Крамлі як вельмі пераканаўчы.
Крэмль не дамогся ні прызнаньня Крыму Менскам, ні вайсковай базы, ні продажу расейскім дзяржкампаніям нейкіх прадпрыемстваў у рамках прыватызацыйных угодаў, ні «дарожных мапаў», якія прадугледжваюць рэальную палітычную інтэграцыю. На гэтым тле пачнецца вельмі актыўная барацьба з боку новага складу Дзяржаўнай Думы. Там цяпер вельмі шмат будзе радыкальна настроеных людзей, якія сьпяць і бачаць, каб Белавескія пагадненьні былі дэнансаваныя, перасталі існаваць, каб штурхаць Лукашэнку і Беларусь як мага хутчэй у саюзную дзяржаву поўнага профілю з агульным войскам, валютай, агульным цэнтрам прыняцьця палітычных рашэньняў.
«Колькасьць нэасталіністаў у расейскім грамадзтве павялічваецца»
— Што ў рэальнасьці азначае падтрымка КПРФ на выбарах? Што настроі вяртаньня ў СССР узмацняюцца?
— Безумоўна. Тут тры фактары адразу. Першы палягае ў тым, што апошнія тры-чатыры гады былі вельмі моцныя настроі калі не вяртаньня да літаральна савецкага, але да нейкага аналягу гэтага. На гэтым тле камуністы пасьпяхова граюць. Другі момант у тым, што расейскі выбарнік, асабліва ў рэгіёнах, цяпер востра перажывае тэматыку сацыяльнай несправядлівасьці. Трэба сказаць, што расейскі выбарнік хоча не свабоды, а справядлівасьці. Таму зь лібэральнымі партыямі выбарнік з глыбінкі ня можа зьвязаць свае чаканьні, і ўсё ж зьвязвае іх з кампартыяй, бо тая найчасьцей гаворыць пра сацыяльную справядлівасьць.
Трэці момант у тым, што Аляксей Навальны і «Разумнае галасаваньне» заклікалі галасаваць дэ-факта за кампартыю. Гэта адыграла ня самую галоўную ролю, але я лічыў бы, што плюс 2 працэнты заклік Навальнага ў стане забясьпечыць. Кампартыя атрымала плюс 7% у параўнаньні зь мінулымі выбарамі, і гэта склалася з натуральнай цягі выбарніка, з закліку Навальнага і з той акалічнасьці, што колькасьць нэасталіністаў у расейскім грамадзтве, на жаль, павялічваецца.