Рамзан Кадыраў перамог на выбарах прэзыдэнта Чачэніі з 99,7% галасоў па выніках апрацоўкі 100% пратаколаў, вынікае з дадзеных расейскага ЦВК.
Ягонымі супернікамі былі экс-мэр Грознага Іса Хаджымурадаў («Справядлівая Расея») і сябра КПРФ, дэпутат чачэнскага парлямэнту Халід Накаеў, перадае тэлеканал РБК.
Рамзан Кадыраў пачаў кіраваць Чачэніяй у 2007 годзе, неўзабаве пасьля таго, як у тэракце загінуў ягоны бацька-прэзыдэнт Ахмат Кадыраў. У 2016-м, на першых прамых выбарах кіраўніка рэспублікі, ён набраў 97,94% галасоў.
А ў мяцежным Хабараўскім краі, дзе паралельна зь леташнімі беларускімі пратэстамі на вуліцы выходзілі тысячы людзей, перамог часовы выканаўца абавязкаў губэрнатара Міхаіл Дзегцяроў. Ён набраў 56,81% галасоў пасьля апрацоўкі 100% пратаколаў, паведамляе «Настоящее время».
Вядоўца «Первого канала» Марына Кім, які вылучалася ад партыі «Справедливая Росссия — За правду», атрымала 25,39%, Уладзімір Парфёнаў ад «Российской партии пенсионеров за социльную справедливость» — 10,02%, гендырэктар ТАА «Сфера» Бабек Мамедаў ад партыі «Родина» — 3,53%. Для перамогі кандыдат павінен быў набраць ня менш за 50% плюс адзін голас.
Міхаіла Дзегцярова прызначылі часовым выканаўцам абавязкаў губэрнатара Хабараўскага краю летам 2020 году пасьля арышту экс-кіраўніка рэгіёну Сяргея Фургала.
Пасьля гэтага ўдзельнікі акцый пачалі выступаць таксама і супраць новага кіраўніка, скандуючы: «Мишаню в баню!» (Міхаіл Дзегцяроў праславіўся здымкамі ў лазьні з кіраўніком ЛДПР Уладзімірам Жырыноўскім), «Чемодан, билет, Самара!» (у гэтым горадзе ён пачынаў кар’еру чыноўніка).