Дата дня
19 верасьня 1991 Вярхоўны Савет Беларусі прыняў пастанову аб зьмене назвы Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі на Рэспубліку Беларусь. Дзяржаўным гербам была зацьверджаная «Пагоня», а дзяржаўным сьцягам – бел-чырвона-белы сьцяг.
Год таму ў гэты дзень
- У Менску адбыўся «Бліскучы» жаночы марш, брутальна разагнаны сілавікамі, больш за 300 затрыманых.
- МЗС Беларусі і Расеі назвалі запрашэньне Сьвятланы Ціханоўскай у Брусэль «умяшаньнем ва ўнутраныя справы Беларусі».
- Украіна далучылася да пазыцыі Эўразьвязу аб непрызнаньні афіцыйных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.
- Экс-прэзыдэнт Украіны Леанід Краўчук ухваліў перанос перамоваў па Данбасе зь Менску ў Вену.
- Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што ўпершыню ў найноўшай гісторыі Расея валодае самай дасканалай зброяй, здольнай абараніць краіну ад якіх-кольвек замахаў звонку.
Дзень у гісторыі
1356 – ангельцы разьбіваюць французаў у бітве пры Пуацье
1794 – падчас паўстаньня 1794 году расейскія войскі разьбілі пад Берасьцем атрады Рэчы Паспалітай.
1888 – у Бэльгіі на курорце Спа прайшоў першы ў гісторыі конкурс прыгажосьці.
1893 – Новая Зэляндыя стала першай у сьвеце дзяржавай, якая дала жанчынам права голасу на выбарах.
1939 – Чырвоная армія заняла Вільню.
1946 – выступ Уінстана Чэрчыля ў Цюрыскім унівэрсытэце, які паслужыў пунктам адліку ў стварэньні Рады Эўропы.
У гэты дзень нарадзіліся
1551 – Генрык III, кароль Рэчы Паспалітай у 1574, потым – Францыі
1797 – Януар Сухадольскі, беларускі мастак-баталіст.
1802 – Лаяш Кошут, вугорскі дзяржаўны дзеяч, рэвалюцыянэр, прэм’ер-міністар Вугоршчыны ў пэрыяд Вугорскай рэвалюцыі 1848-1849 гадоў.
1829 – Руф Ігнацьцеў, беларускі гісторык
У памяці
1938 – Браніслаў Туронак, беларускі нацыянальны дзяяч.
2004 – Рыгор Рэлес, беларускі габрэйскі пісьменьнік і паэт.
2005 – Алесь Лабанок, актор, удзельнік нацыянальнакультурніцкага руху 1960–1980-х і нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х – пач. ХХІ ст.
Ніколі ня мог пахваліцца шырокімі сувязямі ў беларускім акторскім асяродзьдзі.
Напэўна, таму, што баюся расчараваньня: а раптам па-за магічнымі межамі сцэны чалавек, якім захапляўся, зноў выявіцца нецікавым і пуставата-абыякавым да таго, чым ты жывеш.
Алесь Лабанок ня быў маім сябрам, але кожная зь нячастых сустрэчаў зь ім не расчароўвала, а рабілася падзеяй.
У 1970-я гады нас шчасьліва зьвёў таленавіты паэт і актор Коласаўскага драмтэатру, зямляк і ўлюбёнец Янкі Брыля – Пятро Ламан. Я прызнаўся, што ўжо тройчы прыяжджаў на «Званы Віцебску» паводле Ўладзімера Караткевіча, дзе Лабанок выконваў ролю завадатара віцебскага паўстаньня 1623 году Сьцяпана Пасіёры.
Памятаецца, пасьля шкляначкі чырвонага я загаварыў пра гістарычную дакладнасьць і Алесеву бліскучую схільнасьць да імправізацыі. Ён тактоўна, але рашуча спыніў: «Давай я лепей пачытаю Купалу». Вершы гучалі незнаёма:
Адзін, адзін раз толькі ў год
Зьбірацца можна з ласкі рока,
Каб год іржавы карагод
Зганяць зь мінуўшчыны далёкай...
Ягоны голас пакрысе набіраў сілу і браў у палон – і майстэрствам дэклямацыі, і сэнсам Купалавых радкоў:
За мною ўсьцяж, і тут і там,
Іх вусны бледныя шапталі:
«Аддайце песьню нашу нам!
Нашто схавалі-расхапалі?»
..........................
Ня ўмруць, ня ўмруць ужо яны,
Раз хочуць сонца, славы, песьні...
Гэта была паэма «На Куцьцю», якая апошні раз друкавалася ў сярэдзіне 1930-х, а потым трапіла пад забарону, як і другая паэма – «На Дзяды», яе я таксама пачуў у той вечар.
Мянчук Лабанок, які ў студэнцкія гады прайшоў загартоўку сваіх поглядаў у створаным Яўгенам Куліком нацыянальным асяродку «На Паддашку», пасьля Беларускага тэатральна-мастацкага інстытуту прыехаў у Віцебск.
Усё наступнае жыцьцё – амаль сорак гадоў – ён працаваў у тэатры імя Якуба Коласа. Ён выканаў дзясяткі роляў: Хорста ў «Гісторыі граху» паводле С. Жаромскага, Сьвятара ў Брэхтавай «Матухне Кураж», Старога ў «Крэслах» А. Камю...
Тэатар замяняў Алесю сям’ю. Ён быў нячастым прыкладам беларускага актора, які і на сцэне, і ў жыцьці гаварыў на адной мове. Гэта ён прывёз у Вiльню да тамтэйшых беларусаў маладога Алеся Разанава. Ён заўсёды быў непахісным незалежнікам.
На Дзяды й на Куцьцю ён штогод завітвае да мяне.
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.548-549.