Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нутром чую, што ёсьць нафта». 10 гадоў таму Лукашэнка казаў тое ж самае пра радовішчы газу


Нафтаперапрацоўчы завод у Мазыры, ілюстрацыйнае фота
Нафтаперапрацоўчы завод у Мазыры, ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка не выключае, што за кошт распрацоўкі новых радовішчаў нафты ў Беларусі ўдасца нарасьціць аб’ёмы здабычы сыравіны да 3-3,5 млн тон на год. Пра гэта ён заявіў, прымаючы з дакладам генэральнага дырэктара аб’яднаньня «Беларуснафта» Аляксандра Ляхава.

«Мяне вельмі цікавіць і хвалюе праблема Прыпяцкага прагіну. Нутром чую, што там у нас нафта ёсьць, якой мы яшчэ ня бачым. Калі штосьці прапануеце, я гатовы ў гэтым удзельнічаць. Але так, каб мы нарасьцілі здабычу пры нашым з вамі жыцьці хоць бы да 3-3,5 млн тон. Тады забудземся на ўсякую залежнасьць. А калі яшчэ і атамную станцыю адну пабудуем, краіна будзе забясьпечана ўсім неабходным, асабліва энэргіяй», — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, цяпер у Беларусі штогод здабываецца прыкладна 1,5 млн тон сваёй нафты. Хоць, як прыгадаў Лукашэнка, былі часы, калі аб’ёмы былі на парадак большыя.

«Я да гэтага часу лічу, што цяпер сумны момант, бо пасьля адкрыцьця пэрспэктыўных радовішчаў у Беларусі (да нас з вамі яшчэ) мы здабывалі больш за 8 млн тон нафты. І выпампавалі ўсю, бо памылкова лічылі, што ў нас мора сваёй нафты. Можа, штосьці такое і ёсьць, тое мора, якое яшчэ не знайшлі. Але каб нам сёньня 8-9 млн тон нафты, жылі б лепш, чым самыя багатыя краіны нашай планэты. На жаль, такога няма», — панаракаў Лукашэнка.

У свой свой час Лукашэнка казаў падобнае пра схаваныя радовішчы газу — маўляў, «нутром чую, што дзесьці прарве».

«Калі шчыра казаць, то я падазраю, што мы ня вельмі варушымся, каб паглядзець, што ў нас там. Мне здаецца, што ўсё ж нафта ў нас дзесьці ёсьць. А калі ёсьць нафта, ня можа быць, каб дзесьці не прарвала прыродным газам», — казаў ён 10 гадоў таму ў штогадовым пасланьні да народу і парлямэнту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG