Дата дня
4 верасьня 1997 году памёр Міхась Раманюк, мастацтвазнаўца, мастак, этнограф, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980— 1990-х.
Калі хтосьці лічыць, што мае дачыненьне да беларускай культуры, і пры гэтым ня ведае імя Міхася Раманюка, значыць, гэты хтосьці насамрэч — чалавек ад нашае культуры бясконца далёкі.
Тое, што рабіў Раманюк — мастацтвазнаўца, мастак і этнограф у адной асобе, — мне хочацца назваць ціхім гераізмам.
Чвэрць стагодзьдзя выкладчыцкай працы ў Беларускай акадэміі мастацтваў.
Заснаваньне часопісу «Мастацтва Беларусі», першым галоўным рэдактарам якога ён быў.
Стварэньне сцэнічных строяў для Дзяржаўнага народнага хору і Дзяржаўнага ансамблю танцу Беларусі.
Выданьне кніг, паштовак, марак з творамі народнага мастацтва.
Чытаю радкі энцыкляпэдыяў і бачу за імі спадара Міхася ў нязьменным саламяным капелюшы то на яго роднай Брагіншчыне, то на беразе Дрысьвятаў, то над маёй Дзьвіной.
Велізарная частка яго да крыўды кароткага жыцьця прайшла ў вандроўках па бясконцых беларускіх дарогах.
Плёнам гэтых экспэдыцый, заўсёды ладжаных за ўласныя грошы, сталі амаль сто пяцьдзясят рэканструкцыяў традыцыйных строяў нашых продкаў. Без Раманюковага альбому «Беларускае народнае адзеньне» любая бібліятэка па беларусазнаўстве будзе катастрафічна няпоўнай.
На ягоных выставах нацыянальных строяў у Менску мы натхнёна адкрывалі для сябе духоўныя скарбы прадзедаў. Жыхары Парыжу, Ліёну ды іншых эўрапейскіх гарадоў, дзе зь вялікім посьпехам экспанаваліся гэтыя мастацкія выставы, адкрывалі для сябе цэлую невядомую краіну.
Астатні раз я сустрэў Раманюка ў 1997-м на менскім паштамце і ледзьве пазнаў яго, бо гэта быў ужо зусiм не Раманюк, а ягоны цень.
Спадар Міхась зразумеў мае пачуцьці й спакойна патлумачыў, што невылечна хворы і адпраўляе апошнія лісты. «Завяршаю зямныя справы», — пачуў я ціхія мужныя словы.
Галоўным зямным клопатам Раманюка працягваюць займацца вучні, сын Дзяніс — таленавіты фотамастак і выдавец. Дзякуючы яму выйшла бліскучая бацькава праца «Беларускія народныя крыжы».
На прэзэнтацыі ў менскiм касьцёле Сьвятога Роха сябры і калегі казалі пра тое, што гэты ўнікальны альбом яшчэ раз засьведчыў: на будучыні народу, якому служыў Раманюк, крыж ня здолее паставіць ніхто.
Дзяніс выдаў і бацькаў альбом «Беларускія народныя строі». Яго выхад шчасьліва супаў з усплёскам цікавасьці да беларускіх вышыванак. Міхась Раманюк прапанаваў іх аматарам невычэрпную, як народная душа, крыніцу ўзораў.
Жыве яго справа!
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 448-449.
У гэты дзень год таму
- Сьвятлана Ціханоўская выступіла ў Радзе бясьпекі ААН.
- У Беларусі 9 новых палітычных вязьняў. Агулам — 49.
- «Злачынствы супраць чалавечнасьці». Праваабаронцы зафіксавалі больш за 500 сьведчаньняў ужываньня катаваньняў да пратэстоўцаў.
- Рада канфэрэнцый каталіцкіх біскупаў Эўропы падтрымала архібіскупа Кандрусевіча, якому не даюць вярнуцца ў Беларусь.
- Па 3 сутак арышту. Суд вынес выракі журналістам, якіх вінавацілі ў «каардынацыі пратэсту». Сьведчылі байцы АМАП у балаклавах.
- У Лінгвістычным унівэрсытэце студэнтаў затрымалі пасьля выкананьня «Марсэльезы».
- Кіраўнік МЗС Літвы Лінас Лінкявічус заявіў, што Лукашэнка больш не прэзыдэнт Беларусі.
- Павал Латушка падтрымаў затрыманых: «Усіх за краты ня кінуць! Нас большасьць і праўда на нашым баку!».
Гэты дзень у гісторыі
476 — зрынуты апошні рымскі імпэратар Ромул Аўгустул, што стала канцом Заходняй Рымскай імпэрыі.
1390 — крыжакі разам з Вітаўтам напалі на Вільню і спалілі Крывы замак.
1580 — у ходзе Інфлянцкай вайны войскі Рэчы Паспалітай на чале з Стэфанам Баторыем пасьля 2-тыднёвай аблогі ўзялі горад Вялікія Лукі.
1583 — у Берасьцейскай друкарні выдадзеная Біблія, дзе былі зьмешчаныя ўсе тэксты Старога і Новага запаветаў, вядомая як Берасьцейская або Радзівілаўская Біблія, самая вялікая і багата аформленая беларуская кніга XVI стагодзьдзя.
1776 — на беларускіх землях, якія адышлі да Расейскай імпэрыі пасьля першага падзелу Рэчы Паспалітай, створаная Полацкая губэрня.
1870 — зрынуты францускі імпэратар Напалеон III, абвешчаная Трэцяя француская рэспубліка.
1942 — нацысты зьнішчылі гета ў Лунінцы.
1991 — над будынкам Вярхоўнай Рады Ўкраіны ўпершыню ўзьняты жоўта-блакітны сьцяг.
1998 — заснаваная кампанія «Google».
1998 — трыбунал ААН па вайсковых злачынствах у Руандзе асудзіў яе былога прэм’ера Жана Камбанда за акты генацыду ў 1994 годзе.
2006 — у Нацыянальнай бібліятэцы адкрыўся музэй кнігі.
У гэты дзень нарадзіліся
1809 — Юльюш Славацкі, польскі паэт.
1859 — Браніслаў Эпімах-Шыпіла, дзеяч беларускага нацыянальнага руху.
1893 — Юзюк Фарботка, паэт, грамадзка-культурны дзеяч, заоляг.
1936 — Сакрат Яновіч, беларускі пісьменьнік, публіцыст, грамадзкі дзеяч.
У памяці
1891 — Міхаіл Каяловіч, расейскі гісторык беларускага паходжаньня, адзін з пачынальнікаў ідэалёгіі заходнерусізму на Беларусі.
1963 — Рабэр Шуман, прэм’ер-міністар Францыі, адзін з ідэолягаў стварэньня Эўразьвязу.
1985 — Васіль Стус, украінскі паэт, праваабаронца, палітвязень.