Лінкі ўнівэрсальнага доступу

136 прысудаў у палітычна матываваных крымінальных справах. Праваабаронцы падвялі вынікі жніўня


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Праваабаронцы «Вясны» падвялі вынікі перасьледу беларусаў паводле палітычных матываў за жнівень.

  • У жніўні беларускія судзьдзі асудзілі прынамсі 136 чалавек па палітычна матываваных крымінальных справах, зь іх 58 — у Берасцейскай вобласьці.
  • Агулам за месяц па палітычна матываваных крымінальных справах прысудзілі больш за 120 гадоў калёніі, 85,5 гадоў «хіміі» і 93 гады «хатняй хіміі»;
  • 22% асуджаных — жанчыны.
  • У зьняволеньні ў Беларусі цяпер 653 палітвязьні, іх колькасьць працягвае расьці.
  • У ізалятарах і калёніях застаюцца 26 журналістаў і супрацоўнікаў СМІ.
  • У сьледчых ізалятарах працягваюць утрымліваць 7 сяброў ПЦ «Вясна».
  • Працягваюцца затрыманьні ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту і адвольныя затрыманьні грамадзян за выкарыстаньне бел-чырвона-белай сымболікі: за жнівень затрымалі сама меней 209 чалавек; ня менш за 29 чалавек пакаралі штрафамі на агульную суму каля 52,5 тысячы рублёў, сама меней 81 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі агульнай працягласьцю 1248 сутак.
  • На канец жніўня ліквідаваныя або знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі каля 200 некамэрцыйных арганізацый Беларусі. У прыватнасьці, Вярхоўны суд пазбавіў рэгістрацыі Беларускую асацыяцыю журналістаў, Беларускі ПЭН-цэнтар, «Экадом»; у дачыненьні да шэрагу грамадзкіх арганізацый ідзе працэс пазбаўленьня рэгістрацыі.
  • За жнівень прызнаныя экстрэмісцкімі больш за 20 тэлеграм-каналаў і груп сацыяльна-палітычнай тэматыкі ў сацыяльных сетках.

Сьледчы камітэт адмовіўся расьсьледаваць катаваньні і акты жорсткага, бесчалавечнага, зьневажальнага абыходжаньня ў ізалятарах ГУУС Менгарвыканкаму 9–13 жніўня 2020 году.

Паводле праваабаронцаў, у жніўні 2021 году працягнуўся крымінальны і адміністрацыйны перасьлед удзельнікаў мірных пратэстаў і іншадумцаў.

Міліцыянты па-ранейшаму «адпрацоўваюць» гарады, розныя раёны Менску і прыгарады, урываюцца ў дамы і кватэры ў пошуках пратэставай сымболікі, затрымліваюць на працы, праводзяць ператрусы і допыты.

Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій за актыўную грамадзянскую пазыцыю і незадаволенасьць дзеяньнямі ўладаў. У судах праходзяць разгляды адміністрацыйных справаў у дачыненьні да грамадзян, якіх затрымлівалі за сьцягі і налепкі на вокнах і ў кватэрах, вывешваньне нацыянальных сьцягоў і іншай сымболікі, а таксама за іншыя формы пратэсту ці выказваньня меркаваньняў.

Як адзначае «Вясна», праваабаронцы і журналісты працягваюць фіксаваць шматлікія факты жорсткага абыходжаньня ў дачыненьні да грамадзян, пазбаўленых волі паводле палітычных матываў, затрыманых і арыштаваных за ўдзел у мірных сходах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG