Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы пра год пасьля выбараў: дзясяткі тысяч затрыманых, тысячы заяваў аб катаваньнях, сотні параненых


Сілавікі ў Менску падчас акцыі пратэсту 11 кастрычніка 2020 году. Ілюстрацыйнае фота
Сілавікі ў Менску падчас акцыі пратэсту 11 кастрычніка 2020 году. Ілюстрацыйнае фота

9 жніўня 2020 году ў Беларусі адбыліся выбары прэзыдэнта. Праваабарончы цэнтар «Вясна» сабраў статыстыку перасьледу і рэпрэсій супраць беларусаў з пачатку выбарчай кампаніі.

Паводле апошніх дадзеных СК, у Беларусі заведзена больш за 4690 крымінальных спраў па фактах «праяваў, спалучаных зь незаконнымі масавымі мерапрыемствамі, беспарадкамі, пратэставымі акцыямі, замахам на дзяржаўны сувэрэнітэт і грамадзкую бясьпеку, наўмысным зьнішчэньнем і пашкоджаньнем маёмасьці, гвалтам і пагрозамі ў дачыненьні да службовых асобаў і іх сем’яў». Іх фігурантамі сталі ўдзельнікі прэзыдэнцкай гонкі, актывісты, удзельнікі мірных акцый пратэсту і людзі, нязгодныя з палітыкай уладаў.

Паводле «Вясны», самыя распаўсюджаныя артыкулы Крымінальнага кодэксу, па якіх заводзілі крымінальныя справы з пачатку прэзыдэнцкай кампаніі (з траўня 2020 году), гэта:

  • 293 КК РБ (Масавыя беспарадкі)
  • 342 КК РБ (Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).
  • 363 КК РБ (Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадзкі парадак).
  • 364 КК РБ (Гвалт альбо пагроза прымяненьня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).
  • 243 КК РБ (Ухіленьне ад сплаты падаткаў) — па гэтым эканамічным артыкуле былі затрыманыя актывісты штабу Віктара Бабарыкі і супрацоўнікі кампаній, якія дапамагалі штабам альтэрнатыўных кандыдатаў ці пацярпелым падчас акцый пратэсту.
  • 339 КК РБ (Хуліганства).

Таксама сотні крымінальных спраў заведзеныя па дыфамацыйных артыкулах Крымінальнага кодэксу: за паклёп, абразу прадстаўнікоў улады і супрацоўнікаў міліцыі, абразу і паклёп на прэзыдэнта, за зьнявагу дзяржаўных сымбаляў (арт. 188, 369, 368, 370 КК РБ і інш.)

Паводле стану на 9 жніўня 2021 году праваабаронцам вядома пра:

  • больш як 1450 імёнаў і прозьвішчаў фігурантаў палітычных крымінальных спраў з розных гарадоў Беларусі (прозьвішчы яшчэ часткі людзей праваабаронцы не публікуюць па іх просьбе);
  • больш за 800 вынікаў судоў па палітычна матываваных крымінальных справах;
  • палітычнымі зьняволенымі прызнаныя 610 чалавек, гэтая лічба ўвесь час расьце;
  • за кратамі, сярод іншых, 7 праваабаронцаў «Вясны»;
  • па ўсёй Беларусі за год (з 9 жніўня 2020-га па сёньня) затрымалі больш за 35 000 чалавек;
  • 3906 чалавек атрымалі штраф за ўдзел у «несанкцыянаваных мерапрыемствах» ці за «непадпарадкаваньне міліцыянтам» з 28 ліпеня 2020 па 28 ліпеня 2021 году. Агулам яны сплацілі ня менш за 2 678 555 рублёў;
  • у выніку дзеяньняў сілавікоў пасьля выбараў сотні людзей атрымалі раненьні і цяжкія калецтвы, як мінімум двое дэманстрантаў былі забітыя (Аляксандар Тарайкоўскі і Генадзь Шутаў), у выніку нясвоечасовага наданьня мэдычнай дапамогі ў Гомлі памёр Аляксандар Віхор. Сьмерці яшчэ некалькіх чалавек могуць быць зьвязаныя з пратэстамі;
  • 21 траўня стала вядома пра сьмерць у шклоўскай калёніі палітвязьня Вітольда Ашурка пры нявысьветленых абставінах;
  • паступілі 4644 заявы аб ужываньні сілавікамі катаваньняў, але ніводнай крымінальнай справы па фактах катаваньняў дасюль не завялі. Больш як па 1050 заявах прынятыя рашэньні аб адмове ў завядзеньні крымінальных спраў. Выключэньне — справа па факце сьмерці Рамана Бандарэнкі: Генпракуратура завяла крымінальную справу па ч.3 арт.147 КК Беларусі (наўмыснае прычыненьне цяжкага цялеснага пашкоджаньня, якое пацягнула за сабой па неасьцярожнасьці сьмерць чалавека).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG