Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трыбунал у Гаазе абавязаў улады Беларусі кампэнсаваць інвэстару больш за 20 мільёнаў даляраў


Міжнародны трыбунал у Гаазе, ілюстрацыйнае фота
Міжнародны трыбунал у Гаазе, ілюстрацыйнае фота

Міжнародны арбітражны трыбунал у Гаазе абавязаў Беларусь выплаціць амаль 22,5 млн даляраў расейскаму інвэстару за экспрапрыяваную маёмасьць і парушэньне стандарту справядлівага абыходжаньня ў справе «Манолиум-Процессинг» супраць Беларусі.

Гэта першае рашэньне з удзелам Беларусі ў інвэстыцыйным арбітражы, вынік якога зьявіўся ў публічным доступе.

У 2017 годзе расейская кампанія ТАА «Манолиум-Процессинг»
ініцыявала арбітражны разгляд супраць Беларусі на падставе Дамовы аб Эўразійскім эканамічным саюзе. Яна патрабавала кампэнсаваць наўпроставую шкоду і страчаную выгаду на суму больш за 200 млн даляраў (пасьля пазоўнік зьменшыў патрабаваньні прыблізна да 176 млн даляраў).

Сутнасьць патрабаваньняў зводзілася да таго, што ў 2003 годзе кампанія заключыла інвэстыцыйную дамову зь Менскім гарвыканкамам на забудову зямельнага ўчастку ў цэнтры сталіцы. У якасьці платы за атрыманьне такога права да сярэдзіны 2011 году расейцам трэба было ўзьвесьці некалькі камунальных аб’ектаў.

Аднак, як тлумачыла сытуацыю Міністэрства эканомікі Беларусі, шматлікія парушэньні з боку ТАА «Манолиум-Процессинг», выкліканыя «нядбайным стаўленьнем да нацыянальнага заканадаўства», прывялі да таго, што інвэстар страціў ранейшае права на будаўніцтва.

У 2014 годзе Эканамічны суд Менска вынес рашэньне скасаваць інвэстыцыйную дамову. Спрэчкі бакоў доўжыліся яшчэ працяглы час, хоць зямельны ўчастак ужо перадалі іншаму забудоўніку. Паводле расейскага боку, камунальныя аб’екты былі ўзьведзеныя, а дзяржорганы адмовіліся выплаціць кампэнсацыю выдаткаў.

Сёлета ў чэрвені склад арбітражу, створаны для разгляду гэтай справы, прызнаў у адпаведнасьцi з Дамовай аб Эўразійскім эканамічным саюзе толькі заявы пазоўніка, зьвязаныя з рашэньнямі беларускіх судоў пасьля 2015 году і перадачай зямельнага ўчастку ў раёне плошчы Перамогі іншаму інвэстару (цяпер тут група А-100 узводзіць жылы комплекс «Дэпо»).

Патрабаваньне «Манолиум-Процессинг» пакрыць страчаную выгаду, зьвязаную са стратай права на зямельны ўчастак у цэнтры Менска, склад арбітражу прызнаў беспадстаўнымі, а ў сумах патрабаваньняў пагадзіўся з пазыцыяй Рэспублікі Беларусь.

Эканамічнае ведамства ўдакладняе, што пэўныя пазыцыі беларускага права не дазвалялі дзяржаўным органам выплаціць ТАА «Манолиум-Процессинг» кампэнсацыю за яго выдаткі на будаўніцтва камунальных аб’ектаў, паколькі беларуская дачыная кампанія «пастаянна парушала ўнутранае заканадаўства і да 2016 году загразла ў падатковых абавязках і штрафах».

Склад арбітражу пастанавіў пакрыць пазоўніку сродкі, выдаткаваныя на будаўніцтва камунальных аб’ектаў у памеры, вызначаным кантрольна-рэвізійным упраўленьнем Міністэрства фінансаў Беларусі: блізу 19 мільёнаў даляраў або 12% ад агульнай сумы першапачатковых патрабаваньняў. Аднак лішніх грошай у бюджэце так і не знайшлося, пацярпелы бок не атрымаў нават гэтай сумы.

Не дачакаўшыся справядлівага разьбіральніцтва, расейская кампанія падала пазоў у Міжнародны арбітражны трыбунал у Гаазе. Вэрдыкт — кампэнсаваць укладзеныя выдаткі з улікам дадатковых расходаў на арганізацыю працэсу.

Паводле экспэртаў, яшчэ як мінімум дзьве эканамічныя справы супраць Беларусі разглядаюцца іншымі міжнароднымі трыбуналамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG