Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адкуль так хутка разбагацелі гэтыя людзі»? У топе буйных забудоўнікаў і бізнэсоўцы, блізкія да Лукашэнкі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка падчас сёньняшняй нарады з кіраўніцтвам Савету Міністраў заявіў, што бізнэсоўцы, якія займаюцца будоўляй, хутка «ўсе сталі як мінімум даляравымі мільянэрамі».

«Узьнікае пытаньне, адкуль так хутка разбагацелі гэтыя людзі?» — сказаў Лукашэнка. Свабода ўспамінае буйных забудоўнікаў, сярод якіх ёсьць і сябры Лукашэнкі.

Dana Holdings

«Зомэкс Інвэстмэнт» і «Дана Астра» зьяўляюцца беларускімі «дочкамі» будаўнічага холдынгу Dana Holdings сэрбскіх мільянэраў Драгаміра і Богалюба Карычаў.

Паводле справаздач «Зомэкс Інвэстмэнт» і «Дана Астры», іх сукупны чысты прыбытак па выніках 2018 году перавысіў 115 млн рублёў (каля 55 млн даляраў). У параўнаньні з 2017 годам ён вырас на 60%. З гэтым паказчыкамі браты Карычы зьяўляюцца самымі пасьпяховымі забудоўнікамі Беларусі і ўладальнікамі аднаго з самых прыбытковых бізнэсаў у нацыянальным маштабе.

Навабуд «Даны» на Кастрычніцкай плошчы Менску
Навабуд «Даны» на Кастрычніцкай плошчы Менску

Прыбыткамі яны амаль дагналі найбуйнейшага ў Беларусі ўладальніка гандлёвай сеткі «Эўрагандаль». Яны атрымалі ўчасткі пад забудову некалькіх буйных жылых комплексаў — «Маяк Менску», «Парк Чалюскінцаў», «Менск-Сьвет», жылых дамоў «Моцарт», «Рафаэль», «Пікаса» ды іншых, бізнэс-цэнтру Dana Center і шматфункцыянальнага комплексу «БК Капітал-цэнтар» на Кастрычніцкай плошчы ў Менску, на месцы былога будынка музэю Вялікай Айчыннай вайны.

На запрашэньне Карычаў у 2009 годзе Аляксандар Лукашэнка наведаў папулярны гарналыжны курорт Капаонік (Сэрбія). ​

«Тапас»

Кампанія былога хакеіста, форварда прэзыдэнцкай хакейнай каманды Паўла Белага — таксама адзін з найбуйнейшых забудоўнікаў Менску.


Кампанія атрымала зямлю пад жылы комплекс «Мэгаполіс» каля МКАД, а таксама два ўчасткі каля заказьніка «Лебядзіны» пад комплексы «Браслаўскі» і «Алімпік-парк». У пачатку 2018 году ўказам прэзыдэнта пад жылую забудову была перададзена тэрыторыя, якую цяпер займаюць рынкі гандлёвага дома «Ждановічы».

Павал Белы ўваходзіць у топ-200 пасьпяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў Беларусі.

«Юнівэст-М»

Гэта група кампаній Анатоля Тарнаўскага, якая апошнія пяць гадоў уваходзіць у дзясятак найбуйнейшых падаткаплатнікаў Беларусі. Будуе жылы комплекс «Каскад» у Менску. Ён займае тэрыторыю плошчай 16 га і ўключае больш за 134 тысячы м² жыльля і каля 48 тысяч м² камэрцыйнай нерухомасьці.


Таксама кампанія бярэ ўдзел у буйным праекце па ўзьвядзеньні жылога комплексу «Нотынгем» за МКАД у Менскім раёне (на 290,3 га мяркуецца пабудаваць больш за 850 тысяч м² жыльля).

Анатоль Тарнаўскі спансуе Прэзыдэнцкі спартовы клюб. Раней былі зьвесткі, што ў «Юнівэст-М» працуе жонка Дзьмітрыя Лукашэнкі Ганна.

«Трайпл»

Група кампаній Юрыя Чыжа ўзводзіла жылы комплекс «Мармэляд» у мікрараёне Ўручча, жылы комплекс «Ліпень», а таксама «Лясны гарадок» у пасёлку Ўсходні, катэджны пасёлак «Лагожаск», дом «Ля Траецкага» і іншыя абʼекты.

Дом каля Траецкага прадмесьця
Дом каля Траецкага прадмесьця

Юрыя Чыжа называлі «кашальком Лукашэнкі», ён суправаджаў прэзыдэнта на спартовых матчах і нават падчас збору ўраджаю. Але ў 2016 годзе справы кампаніі пагоршыліся, а Юрыя Чыжа арыштавалі праз падазрэньне ў нявыплаце падаткаў. Лукашэнка казаў, што Чыж мусіць кампэнсаваць дзяржаве страты ў памеры 11-12 мільёнаў даляраў. Праз паўгода Юры Чыж выйшаў на волю, суду над ім не было.

«Айран»

Гэта буйны інвэстар у жылую нерухомасьць Менска, атрымаў права на забудову тэрыторыі Менскай птушкафабрыкі («залатая» зямля каля Драздоў), ад якога вымушаны быў адмовіцца «Трайпл».

Долі забудоўніка пароўну падзелены паміж бацькам і сынам Міхаілам і Валерам Шамрыламі. На пачатку 2010-х гадоў кампанія атрымала пад забудову прэстыжныя ўчасткі на праспэкце Дзяржынскага і ў мікрараёне Лебядзіным. Кампанія вядзе будаўніцтва на ўчастку ў раёне мэтро «Грушаўка». Будуе жылы комплекс «Левада» на беразе Сьвіслачы ды іншыя.

«А-100 Дэвэлапмэнт»

Уваходзіць у склад групы кампаній А-100, якая належыць Аляксандру Цэнтэру. Сярод будоўляў — жылы комплекс «Зялёная гавань» каля Менску, квартал «Пірс» каля Менскага мора, «Новая Баравая» (плошча больш за 100 га, на 200 тысяч кватэр) і іншыя.

Кампанія пабудавала за час працы на беларускім рынку нерухомасьці каля 530 тыс. кв. мэтраў жытла. А таксама атрымала пад забудову пляцоўку былога тралейбуснага дэпо ў Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG