Беларусь
На 24 жніўня ў Беларусі ўбралі 96,6% плошчы пад збожжавыя і зернебабовыя культуры. Намалацілі збожжа 6,2 мільёна тон. Гэта ў 1,2 раза менш, чым было летась. Сярэдняя ўраджайнасьць атрымалася 30,5 ц/га, летась было 37,3 ц/га.
Паводле Мінсельгасхарчу, такі ўраджай зьвязаны з «працяглай халоднай вясной, рэкорднымі тэмпэратурамі ўлетку і адсутнасьцю ападкаў».
Літва
У Літве сёлета чакаюць рэкордный ураджай збожжа, плянуюць сабраць 6,9 млн тон, што на 0,1% больш, чым летась. Больш за ўсё ў Літве пасеялі пшаніцы, яе ўраджайнасьць — 54 цэнтнэры з гектару.
Агульная ўраджайнасьць збожжа сёлета ў Літве — 48,7 ц/га.
Украіна
Ва Ўкраіне сёлета таксама ўсё добра з ураджаем збожжа, плянуюць сабраць 80-82 мільёны тон, ураджайнасьць 45,4 ц/га. Дагэтуль максымальны ўраджай быў у 2019 годзе і склаў 75 мільёнаў тон.
Расея
Расея ўваходзіць у пяцёрку найбуйнейшых вытворцаў збожжа ў сьвеце. Ураджай сёлета — 124 мільёны тон збожжа, ураджайнасьць 35,2 ц/га.
Гэты паказчык на 8% меншы, чым быў летась. Расейскія чыноўнікі зьвязваюць падзеньне ўраджаю з «засухай у некаторых рэгіёнах».
Сусьветныя лідэры ў вытворчасьці збожжа
Пяць самых буйных вытворцаў збожжа: Кітай, ЗША, Індыя, Эўразьвяз, Расея. Кітай зьбірае 550 мільёнаў тонаў збожжа штогод, ЗША — 450 млн т, Індыя і Эўразьвяз — больш за 250 млн т, Расея — каля 124 млн т збожжа.
Зь іх найбольш збожжа экспартуюць ЗША і Эўразьвяз.