Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-супрацоўнік МВФ пра тое, ці можна заблякаваць $900 мільёнаў для ўладаў Беларусі


Міжнародны валютны фонд днямі абвясьціў, што выдзеліць краінам, якія ўваходзяць у МВФ, Спэцыяльныя правы запазычваньня (СПЗ) на самую вялікую суму ў гісторыі — каля 650 мільярдаў даляраў у эквіваленце. Урад Беларусі мае атрымаць СПЗ больш як на 900 мільёнаў даляраў.

Джэрэмі Марк доўгі час працаваў у Міжнародным валютным фондзе, а цяпер ён дасьледчык у амэрыканскім аналітычным цэнтры «Атлянтычная рада» (The Atlantic Council). У гутарцы з Радыё Свабода ён расказаў, як МВФ прымае рашэньні даць грошы нейкай краіне і ці магчыма заблякаваць ужо выдзеленыя ўладам Беларусі сродкі ад фонду.

Тут няма сыстэмы «адна краіна — адзін голас»

— Тры краіны цяпер не атрымаюць грошай — Афганістан, М’янма і Вэнэсуэла. Гэта вынік таго, што дзяржавы, якія маюць большасьць правоў пры галасаваньні ў МВФ, не прызнаюць урады гэтых трох краінаў легітымнымі.

Эўрапейскі Зьвяз і Злучаныя Штаты ў мінулым абвяшчалі, што не прызнаюць легітымнымі цяперашнія ўлады Беларусі. Як вы лічыце, ці маглі Злучаныя Штаты і Эўрапейскі Зьвяз заблякаваць выдзяленьне СПЗ для Беларусі, калі б мелі палітычную волю так зрабіць?

— Дазвольце мне пачаць з агульнага апісаньня — што ў гэтым выпадку адбываецца. Выдзяленьне гэтай вялікай сумы — Спэцыяльных правоў запазычваньня на 650 мільярдаў даляраў — гэта рэакцыя на каранавірусны крызіс. Гэта адказ на саму пандэмію і на глябальную эканамічную рэцэсію, выкліканую пандэміяй.

Многія краіны сьвету дагэтуль нясуць цяжкі груз, створаны пандэміяй. Асабліва гэта тычыцца найбяднейшых краінаў, якія ня маюць доступу да грошай, каб змагацца ўласна з пандэміяй і з выкліканым ёю эканамічным спадам.

Таму ідэя МВФ была ў тым, каб выпусьціць нешта кшталту ўласнай валюты і даць на яе правы ўсім краінам сьвету, каб забясьпечыць большую ліквіднасьць. Па сутнасьці, у гэтым і заключаецца агульнае выдзяленьне Спэцыяльных правоў запазычваньня.

Паводле вызначэньня гэта прадугледжвае, што кожная краіна, якая ўваходзіць у МВФ, атрымлівае такія правы. Аднак, як вы ўжо сказалі, ёсьць тры краіны — Афганістан, М’янма і Вэнэсуэла — якія не атрымаюць такога доступу, бо іх улады непрызнаныя. У выпадку Мʼянмы і Вэнэсуэлы быў ясны кансэнсус унутры МВФ, сярод 190 краінаў, якія ўваходзяць у гэтую арганізацыю, не прызнаваць іх улады з розных прычынаў.

У выпадку з Афганістанам рашэньне было прынятае толькі тыдзень таму. І ў гэтым выпадку не было фармальнага рашэньня з боку краінаў, якія ўваходзяць у МВФ. Замест гэтага кіраўніцтва МВФ на чале з Крысталінай Георгіевай прыняло рашэньне прыпыніць любыя дзеяньні, якія могуць паспрыяць Талібану, які захапіў краіну ў выніку грамадзянскай вайны.

Але гэта было зроблена, бо было разуменьне, што шырокая частка дзяржаваў-удзельніц МВФ выступае супраць выдзяленьня Спэцыяльных правоў запазычваньня Афганістану. Тут няма сыстэмы «адна краіна — адзін голас», як у Арганізацыі Абʼяднаных Нацый. Кожная краіна пры галасаваньні мае ўплыў, які прыблізна адпавядае памеру яе эканомікі і квоты, якую гэтая краіна плаціць у МВФ. Таму мы тут гаворым пра 50 працэнтаў правоў пры галасаваньні, і гэта будзе нашмат меншая колькасьць, чым палова краін.

Калі ўзяць самыя разьвітыя эканомікі — «Вялікую дваццатку» — іх будзе больш чым дастаткова, каб дасягнуць гэтых 50 працэнтаў. Але ў выпадку зь Беларусьсю пакуль што не было кансэнсусу нават сярод гэтай простай большасьці, каб адмовіцца ад прызнаньня яе ўладаў. І гэта прыводзіць нас да пытаньня, якое вы паднялі, — наконт палітычнай волі. Пакуль што не выглядае, што існуе такая палітычная воля, каб заблякаваць выдзяленьне Спэцыяльных правоў запазычваньня для Беларусі.

У МВФ існуе адчуваньне, што яны могуць адчыніць «скрыню Пандоры»

— Я паглядзеў на расклад правоў пры галасаваньні ў МВФ — да прыкладу, ЗША маюць каля 16 працэнтаў, ёсьць іншыя вялікія эканомікі, якія маюць значную вагу пры галасаваньні. Але ці можам мы сказаць, што так званы «калектыўны Захад» у палітычным сэнсе — ЗША, Эўразьвяз, плюс, магчыма, Канада, Вялікая Брытанія і Японія — усе разам маюць гэтыя 50 працэнтаў, кантрольны пакет?

— Наколькі я разумею, чыста заходнія краіны такога пакету ня маюць, але калі дадаць Японію і яшчэ некалі вялікіх рынкавых эканомік, якія часта салідарызуюцца з Захадам, тады так.

Я думаю, што ў міжнароднай супольнасьці ёсьць шмат сумневаў наконт выключэньня краінаў з МВФ, бо яны баяцца стварыць прэцэдэнт для іншых краінаў.

Факт у тым, што значная колькасьць краінаў у МВФ маюць гісторыю парушэньняў правоў чалавека, кепскія стандарты кіраваньня, якія не дасягаюць узроўню дэмакратычнага ўраду. Вядома ж, Беларусь — адна з такіх краін, але ў сьвеце існуе мноства іншых. І мне здаецца, што ў МВФ існуе адчуваньне, што яны адчыняць «скрыню Пандоры», так бы мовіць, калі пачнуць выключаць краіны з арганізацыі.

Таксама факт тое, што санкцыі, накладзеныя на Беларусь, не дасягаюць такога ўзроўню, як, напрыклад, санкцыі супраць Ірану. Там адбываліся галасаваньні ў ААН наконт рэзалюцый, каб увесьці санкцыі.

— Каб завяршыць тэму таго, хто кантралюе МВФ — у нашай частцы сьвету існуе стэрэатып, што Злучаныя Штаты фактычна маюць права вэта на ўсе рашэньні фонду. Як вы лічыце, гэта памылковае ўяўленьне ці яно ў нейкай ступені праўдзівае?

— Відавочна, што яно ў значнай ступені праўдзівае. У МВФ розныя рашэньні прымаюцца большасьцю розных памераў, у залежнасьці ад рашэньня. Да прыкладу, для таго каб зацьвердзіць праграму МВФ датычна нейкай краіны ці пазыку МВФ для нейкай краіны, трэба вялікая большасьць пры галасаваньні. І, наколькі я разумею, Злучаныя Штаты са сваімі больш як 15 працэнтамі правоў пры галасаваньні самі па сабе здольныя заблякаваць любое рашэньне.

Але ў выпадку прызнаньня ўраду, як я ўжо сказаў, гаворка ідзе пра простую большасьць — 50+ працэнтаў правоў пры галасаваньні.

Усё будзе адбывацца «пры сьвятле дня»

— Ці маглі б вы нам больш падрабязна расказаць, як працуюць Спэцыяльныя правы запазычваньня? Што гэта такое і як іх можна канвэртаваць у сапраўдныя грошы?

— Спэцыяльнае права запазычваньня, па сутнасьці, гэта запіс на рахунку, бухгальтарскі запіс. Гэта памер рэзэрваў, створаных МВФ. Сам Міжнародны валютны фонд у сваіх рэзэрвах мае мільярды ў розных валютах і золаце. Таму МВФ мае здольнасьць ствараць сваю, так бы мовіць, уласную валюту. Але саму гэтую валюту нельга патраціць.

Калі нейкая краіна атрымлівае Спэцыяльныя правы запазычваньня на 900 мільёнаў даляраў, як у выпадку Беларусі, яна ня можа ўзяць гэтую суму і купіць на яе нафту, ці зброю, ці харчы. Можна далучыць Спэцыяльныя правы запазычваньня да сваіх золатавалютных рэзэрваў, павялічыць памер гэтых рэзэрваў.

Для кожнай краіны, якая атрымала доступ да СПЗ — у гэтым выпадку для Беларусі — важна тое, што рабіць далей. Ці зможа яна канвэртаваць гэты запіс на рахунку ў валюту?

У мінулым здаралася такое, калі ў 2009 годзе выпусьцілі Спэцыяльныя правы запазычваньня прыблізна на 250 мільярдаў. Гэта быў папярэдні рэкордны выпуск, і тады некаторыя краіны правялі двухбаковыя апэрацыі зь іншымі краінамі, атрымаўшы валюту — гэткія абмены ці пазыкі.

Каб ператварыць СПЗ у грошы, можна правесьці апэрацыю зь нейкім іншым урадам, гэта адзін са спосабаў...

— Выбачаюся, што перарву вас, але ці магчыма, напрыклад, для Беларусі сказаць: «Добра, мы атрымалі правы на 900 мільёнаў даляраў. Можа, мы здолеем прадаць гэтыя правы за 850 мільёнаў рэальных даляраў, напрыклад, Кітаю?» І Кітай дасьць Беларусі цьвёрдую валюту. Ці рэалістычная такая схема?

— Давайце пакуль ня будзем гаварыць пра канкрэтныя краіны, але ў прынцыпе — так, гэта магчыма.

Тут трэба мець на ўвазе, што МВФ, робячы гэтае шырокае разьмеркаваньне Спэцыяльных правоў запазычваньня, падкрэсьлівае, што празрыстасьць будзе ключавым элемэнтам гэтай ініцыятывы. Тут ня будзе так, што Беларусь атрымае гэтыя правы і ўціхую пойдзе да нейкай краіны — да прыкладу, да Расеі, Кітаю ці іншай краіны — і скажа: «Давайце зробім угоду і пакінем гэта ў сакрэце».

Апэрацыі з Спэцыяльнымі правамі запазычваньня ўлічваюцца ў справаздачнасьці МВФ — там ёсьць нават тое, што называецца дэпартамэнт СПЗ. Там эканамісты і бухгальтары вядуць вельмі дэталёвы ўлік таго, што адбываецца з СПЗ. Таму, калі Беларусь захоча нешта такое зрабіць, гэта будзе адбывацца «пры сьвятле дня».

Мне здаецца, што гэта важна мець на ўвазе. Бо некаторыя ўрады, якія могуць быць гатовыя пайсьці на ўгоду прыватна, могуць мець менш ахвоты рабіць такое, калі за імі назіраюць іншыя ўрады, сродкі масавай інфармацыі, грамадзянская супольнасьць і гэтак далей.

Як гэтая працэдура будзе працягвацца, яшчэ не да канца вырашана. Бо МВФ — гэта міжнародная бюракратычная арганізацыя, якая ў сваёй дзейнасьці кіруецца вызначанымі працэдурамі. І шмат што яшчэ застаецца вызначыць. Я ня думаю, што для краіны, над якой ужо згусьціліся хмары, будзе вельмі проста пайсьці і атрымаць грошы.

Пры гэтым мы ведаем, што ёсьць некаторыя краіны — такія як Расея — якія шмат гадоў забясьпечвалі ўрад Беларусі валютай, і магчыма, што яны вырашаць гэта зрабіць і цяпер. Але пытаньне ў тым, што давядзецца за гэта заплаціць. Ці будзе гэта, напрыклад, схема, пра якую вы казалі — калі давядзецца аддаць 100 мільёнаў даляраў, каб атрымаць 800 мільёнаў, ці гэтая цана будзе нават вышэйшая.

Вы згадалі Кітай. Ня думаю, што Кітай будзе займацца дабрачыннасьцю. Кітай звычайна дыктуе жорсткія ўмовы па крэдытах, а нешта такое Кітай будзе разглядаць як пазыку, я ўпэўнены.

«Давер да ўраду Беларусі цяпер прыблізна такі ж, як да ўраду Паўночнай Карэі»

— Беларускія дэмакратычныя групы кажуць, што ўрад Лукашэнкі скарыстаецца гэтымі грашыма для рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасьці, а па-другое, зьвяртаюць увагу на тое, што ў гэтай улады вельмі кепская рэпутацыя ў змаганьні з эпідэміяй COVID-19. Аляксандар Лукашэнка ў той час, калі многія яго яшчэ прызнавалі легітымным прэзыдэнтам, на пачатку эпідэміі, казаў, што размовы пра COVID-19 — гэта псыхоз, што трэба проста працаваць, і пандэмія нас не закране. Да таго ж ёсьць сьведчаньні, што ўлады хаваюць сапраўдныя лічбы хворых.

І дэмакратычныя актывісты кажуць, што будуць спрабаваць заблякаваць магчымасьць для ўраду канвэртаваць гэтыя Спэцыяльныя правы запазычваньня ў нейкія актывы. Ці лічыце вы, што гэта па-ранейшаму рэалістычна — паставіць перашкоду на гэтым шляху?

— Так, я лічу, што гэта рэалістычна. Узровень даверу да ўраду Беларусі цяпер прыблізна такі самы, як да ўраду Паўночнай Карэі, а сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі цяпер жахлівая.

Групы грамадзянскай супольнасьці маюць на Захадзе магчымасьць быць пачутымі, яны даволі заўважныя. Палітычная апазыцыя таксама даволі заўважная — літаральна днямі газэта New York Times апублікавала калёнку лідэркі беларускай апазыцыі з канкрэтным заклікам да міжнародных арганізацый, такіх як МВФ, не даваць фінансаваньня Беларусі.

Я думаю, што і МВФ, і такія ўрады, як урад ЗША, вельмі чуйна ставяцца да думкі грамадзянскай супольнасьці ў міжнародных пытаньнях.

Рэдакцыйны артыкул у газэце Wall Street Journal на гэтым тыдні моцна паўплываў на рашэньне МВФ не прызнаваць новыя ўлады ў Афганістане. І я думаю, што грамадзянская супольнасьць, якая рэпрэзэнтуе групы як у Беларусі, гэтак і ў дыяспары, дзейнічае даволі эфэктыўна, і яе голас павінен быць чуты і надалей.

— Ці можаце вы назваць нейкія магчымыя шляхі, як МВФ можа заблякаваць гэтыя Спэцыяльныя правы запазычваньня? Або цяпер гэтыя сродкі ўжо выдзеленыя і фармальна, паводле працэдуры, зрабіць ужо нічога немагчыма?

— Я б сказаў, што фармальна выдзяленьне сродкаў ужо адбылося. Гэта значыць, што сродкі ўжо на рахунку беларускай дзяржавы ці хутка там будуць. Але пры гэтым я лічу, што МВФ будзе вельмі чуйны да таго, якія апэрацыі зь імі будуць адбывацца далей.

Я лічу, што тут патрэбная палітычная воля ў Вашынгтоне, у Брусэлі, у Лёндане, у Атаве і ў сталіцах іншых краін. Дзейнічаюць санкцыі, скіраваныя супраць арганізацый і асобаў у беларускім урадзе. Большасьць краінаў, якія прынялі санкцыі, акрамя ЗША, ужо блякуюць продаж сувэрэннага доўгу Беларусі і фондаў на грашовым рынку. Таму, калі будзе палітычная воля, магчыма зрабіць крокі, якія зробяць апэрацыі з спэцыяльнымі правамі запазычваньня нашмат больш складанымі.

Можна, напрыклад, паглядзець, што здарылася з Іранам і з апэрацыямі іранцаў у далярах. Фэдэральная рэзэрвовая сыстэма — цэнтральны банк ЗША — вельмі пільна адсочвае апэрацыі з іранскім урадам з боку іншых урадаў і камэрцыйных структураў. Гэта здарылася з апэрацыямі з удзелам Расеі і іншых краінаў.

Санкцыі супраць Паўночнай Карэі — гэта яшчэ адзін прыклад. Калі ў такія краіны ідуць даляры, дык яны ідуць праз Фэдэральную рэзэрвовую сыстэму. І можна сказаць, што Эўрапейскі цэнтральны банк можа зрабіць тое ж самае з патокам эўра.

— Ці лічыце вы, што такая палітычная воля цяпер існуе ў Вашынгтоне і Брусэлі? І ці ёсьць спосабы пракантраляваць гэтыя сродкі так, каб Спэцыяльныя правы запазычваньня можна было скарыстаць толькі дзеля нейкіх канкрэтных мэтаў — на закуп лекаў ці на паляпшэньне сыстэмы аховы здароўя ў Беларусі, а не на фінансаваньне рэпрэсіўнай сыстэмы?

— Я думаю, што магчыма распрацаваць мэтады, каб пракантраляваць апэрацыі з СПЗ ці выкарыстаньне сродкаў ад гэтых апэрацый. Але ці існуе палітычная воля — я думаю, што гэта пытаньне, на якое нам яшчэ трэба ўбачыць адказ.

Гэтае пытаньне было ўпершыню публічна паднятае толькі некалькі тыдняў таму. Цяпер, калі ўжо адбываюцца апэрацыі, пытаньне ў тым, ці будуць адчуваць ціск з боку грамадзкасьці тыя ўрады, якія маюць уплыў у МВФ і іншых міжнародных інстытутах.

Калі яны будуць адчуваць такі ціск, дык ёсьць магчымасьць зрабіць адпаведныя крокі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG