Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алена Анісім: «Зьліквідаваць ТБМ — тое самае, што адмовіцца ад саміх сябе»


Алена Анісім. Архіўнае фота
Алена Анісім. Архіўнае фота

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім па-ранейшаму ня верыць, што ўлады гатовыя закрыць ТБМ, разважае на тэму супрацоўніцтва зь дзяржавай і адказвае пытаньне, чаму яна ня выставіла сваю кандыдатуру на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах.

Сьцісла:

  • Калі яны нас закрыюць, мы зразумеем канчаткова, што ўсе масты зруйнаваныя і для ўлады адна дарога — на Ўсход.
  • Спадзяюся, што палітычнае рашэньне закрыць ТБМ пакуль не прынятае.
  • Ствараць паралельнае Таварыства беларускай мовы — на гэта ніхто ня пойдзе.
  • У нас ёсьць паралельная Беларусь? Не.
  • Каб прадэманстраваць свой паварот ад улады, людзі пачалі карыстацца і нашымі нацыянальнымі сымбалямі, і беларускай мовай.

— Як выглядае сытуацыя на працэсе наконт магчымага закрыцьця ўладамі Таварыства беларускай мовы? Які ваш прагноз на вынік гэтага працэсу?

— ТБМ атрымала два папярэджаньні ад Міністэрства юстыцыі ў сувязі з праверкай дакумэнтаў. І, натуральна, мы чакалі далейшых крокаў. Аднак пра тое, што ў Вярхоўным судзе будзе паседжаньне 27 жніўня, мы даведаліся толькі са СМІ. Атрымаўшы дакумэнты, мы пачалі раіцца зь юрыстамі. У выніку 26 жніўня я падала скаргу на другое папярэджаньне міністэрства, бо не закончыўся месячны тэрмін з дня нашага азнаямленьня з папярэджаньнем.

На паседжаньні я заявіла хадайніцтва аб пераносе паседжаньня Вярхоўнага Суду ў сувязі з тым, што наша скарга яшчэ не разгледжаная. Судзьдзя і пракурор пагадзіліся, што трэба перанесьці і спачатку адказаць на нашу скаргу. У мяне стварылася ўражаньне, што яны проста чакалі, ці заяўлю я хадайніцтва, і былі гатовыя да гэтага.

— Вы так падрабязна апавядаеце пра гэтыя абставіны, але ўзьнікае пытаньне, які ў гэтым сэнс. Няўжо вы не разумееце, што калі дадзены адпаведны палітычны загад, то ТБМ закрыюць у любым выпадку?

— Вы слушна сказалі, што калі прынята палітычнае рашэньне, то мы ні на што паўплываць ня можам. Я, аднак, спадзяюся, што такое палітычнае рашэньне не прынятае. Што проста Міністэрству юстыцыі далі разнарадку ліквідаваць грамадзкія арганізацыі, і яны гэта робяць.

Я разумею такую рэч. Для беларусаў, якую б пасаду яны не займалі, зьліквідаваць ТБМ — тое самае, што адмовіцца ад саміх сябе. То бок прызнаць, што мы не беларусы і права на беларускую мову ў нас няма. Я толькі на гэты момант і магу спадзявацца.

— На такое спадзяваліся і многія прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў, і людзі, якія траплялі пад рэпрэсіі, маўляў, «мы адзін народ, мы беларусы», але ўлады паказалі, што яны такіх сантымэнтаў ня маюць.

— Цягам мінулых гадоў уладамі ствараліся паралельныя структуры: праўладны саюз журналістаў, саюз пісьменьнікаў. Маўляў, ніхто не забараняе быць журналістам ці пісьменьнікам — няхай туды ўступаюць, няма ў нас ніякай забароны на прафэсію. Але ствараць паралельнае Таварыства беларускай мовы — на гэта, я думаю, ніхто ня пойдзе.

— А яно ім патрэбна?

— Гэта козыр ім будзе ня лішнім. Калісьці зноў зьявіцца патрэба размаўляць з цывілізаваным сьветам. І таму я і кажу, што спадзяюся толькі на гэтую лёгіку. Я разумею, што нас можна закрыць адной левай. І, калі яны гэта зробяць, мы ўсе зразумеем канчаткова, што ўсе масты зруйнаваныя і для ўлады адна дарога — на Ўсход.

— Якой можа быць стратэгія ў абароне беларускай мовы ў цяперашніх палітычных умовах? Бо раней, падчас «мяккай беларусізацыі» (як бы ні ставіцца да гэтага тэрміну) можна было зьвяртацца да дзяржаўных структураў, апэляваць за закону. Улада нават часткова адгукалася на нейкія патрабаваньні беларусізацыі, не перашкаджала дзеяньням актывістаў. Цяпер грамадзянскай супольнасьці ўжо ня варта спадзявацца на законы, ня варта спадзявацца на дзяржаву?

— Я не разумею такой пастаноўкі пытаньня. Вы неяк аддзялілі «быць грамадзянскай супольнасьцю» і «зьвяртацца да дзяржавы». А што, грамадзянская супольнасьць ня мае неабходнасьці зьвяртацца да дзяржавы?

Мы пастаянна зьвяртаемся. І не таму, што моцна яе любім, але таму, што ёсьць пытаньні, якія толькі дзяржава і можа вырашаць.
Калі нам трэба арганізоўваць клясу ў школе, то мы зьвяртаемся да дзяржавы, да каго яшчэ?

— Ну вось пытаньне ў тым, што калі людзі хочуць стварыць беларускамоўную групу ў садку, ці ім зьвяртацца ў афіцыйныя структуры, альбо самім ствараць цалкам прыватны садок — без дапамогі дзяржавы?

— Я, вядома, рамантык, але не ў такой ступені. У нас ёсьць паралельная Беларусь? Не. Калі сёньняшняя ўлада імкнецца захавацца, то яна вымушаная вырашаць і тыя пытаньні, якія ёй не падабаюцца. Адкрываць беларускія садкі, бо падаткі плацяць усе грамадзяне, у тым ліку беларускамоўныя. У Канстытуцыі напісана, што беларуская мова дзяржаўная.

Якая б улада не была ў Беларусі, яна павінна ведаць, што тут ёсьць грамадзянская супольнасьць, якая будзе ўздымаць пытаньне паўнавартаснага функцыянаваньня беларускай мовы. І ў гэтым галоўны сэнс функцыянаваньня нашай арганізацыі.

— Цяпер, пасьля падзеяў 2020-2021 гадоў, многія называюць гэтую ўладу «акупацыйнай». Калі прыняць гэтую фармулёўку, то з такой уладай і нельга супрацоўнічаць?

— Часам гэтая ўлада сапраўды паводзіць сябе як акупацыйная, тут я магу пагадзіцца. Але ж колькі беларусаў нават падчас розных акупацыяў выкладалі па-беларуску. Адказ ляжыць на паверхні, наша гісторыя багатая на прыклады, як мы жылі пад акупацыяй.

Цяпер пытаньне ў тым, наколькі моцнае наша жаданьне жыць пры беларускай уладзе, хто гатовы быць у гэтай уладзе і праводзіць там прабеларускую палітыку.

— Вы былі дэпутатам Палаты прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня, але ў наступны склад, на выбарах 2019 году, вас ужо не прапусьцілі. Чаму? Што тады здарылася? Ужо пачаўся той пералом у палітыцы, які і закончыўся падзеямі 2020 году?

— Так. Вы слушна зазначылі. Нікога не прапусьцілі і, дарэчы, нам, дэпутатам, нават не далі дабыць свайго тэрміну, скараціўшы яго на цэлы год. Можна зрабіць выснову, што ўжо тады стратэгія ва ўладзе была не на далейшую дэмакратызацыю, а на татальны кантроль. І не дапусьціць, каб хоць хто-небудзь у Палаце прадстаўнікоў хоць адно слова казаў супраць.

Для мяне асабіста гэта не было нейкім магутным ударам. Але, вядома, было расчараваньне. Бо я ўжо ведала, як людзей натхняе, што нехта ў заканадаўчым органе Беларусі гаворыць па-беларуску.

— У жніўні 2019 году ў інтэрвію вы паведамілі, што зьбіраецеся вылучацца на прэзыдэнцкіх выбарах. Што здарылася, чаму вы ў выніку адмовіліся ад гэтай ідэі?

— Што б я выйграла, калі б уступіла ў 2020 годзе ў выбарчую кампанію? Я думаю, нічога. У мяне ніколі не было такіх рэсурсаў і магчымасьцяў, каб ісьці ў кампанію супернічаць з такімі фінансавымі магнатамі, як Віктар Бабарыка ці Валеры Цапкала. Я праводзіла працу, спрабавала знайсьці ўплывовую сілу, якая таксама ўключылася б у палітычную кампанію.

Калі я ўбачыла, што такой сілы, якая была б гатовая зрабіць на мяне стаўку, у нас не аказалася, я зразумела, што ўсё астатняе бессэнсоўна. Я ўбачыла, што посьпеху кампанія мець ня будзе — значыць, ня трэба яе і пачынаць.

— Падчас леташніх падзеяў многія людзі павярнуліся да беларускай нацыянальнай сымболікі, да мовы, падчас дваровых сустрэч людзі запрашалі і слухалі беларускамоўных музыкаў, пісьменьнікаў. Аналітыкі і публіцысты нават загаварылі (магчыма, занадта аптымістычна) пра новы крок у нараджэньні нацыі. Вы схільны ацэньваць гэтыя працэсы ў такім аспэкце?

— Жнівеньскія падзеі 2020 вельмі моцна паўплывалі на беларуская грамадзтва. Вера ва ўладу пахіснулася, і, каб прадэманстраваць свой паварот ад улады, людзі пачалі карыстацца і нашымі нацыянальнымі сымбалямі, і беларускай мовай. Нядаўна адна мая расейскамоўная знаёмая пачала размаўляць па-беларуску і сказала, што ня хоча, каб зьнішчылі мову яе бацькоў і дзядоў. Да нас у гэтыя дні прыходзяць людзі і ўступаюць у ТБМ.

Так што задача наша ў тым, каб, нягледзячы на рашэньне Вярхоўнага суду, мы ўмацавалі і павялічылі свой патэнцыял у грамадзтве, каб беларуская мова была больш запатрабаванай.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG