Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТБМ заявіла, што не падтрымае кандыдатаў на прэзыдэнцтва, якія ігнаруюць беларускую мову


Старшыня ТБМ Алена Анісім
Старшыня ТБМ Алена Анісім

Сакратарыят Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ) выступіў з заявай з нагоды прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Тэкст апублікавала на сваёй старонцы ў Facebook старшыня грамадкага аб'яднаньня, экс-дэпутатка Палаты прадстаўнікоў філёляг Алена Анісім.

У дакумэнце адзначаецца, што ТБМ выступае за сумленныя выбары, на якіх грамадзяне Беларусі змогуць аддаць галасы за кандыдата, якога яны палічаць найбольш годным для пасады кіраўніка дзяржавы. Разам з тым асуджаюцца любыя спробы парушэньня правілаў сумленнай канкурэнцыі, уключна з выкарыстаньнем адміністрацыйнага рэсурсу і рэпрэсіяў.

«Нас абурае факт чарговага зьняволеньня актыўнага сябра ТБМ Паўла Севярынца, сапраўднага патрыёта, які заўсёды пасьлядоўна і прынцыпова выступае ў абарону незалежнасьці Беларусі», — падкрэсьлілі ў сакратарыяце.

Таксама зьвяртаюць увагу на тое, што выбарчая кампанія адзначаная зьяўленьнем новых яркіх постацяў, якія вылучылі свае кандыдатуры, каб пазмагацца за найвышэйшую пасаду.

«Пры гэтым зьвяртае на сябе ўвагу прыкры факт, што шэраг асобаў, зь якімі вялікая колькасьць грамадзянаў зьвязвае надзеі на доўгачаканыя перамены, не валодаюць дзяржаўнай беларускай мовай і не выкарыстоўваюць яе падчас збору подпісаў. Узьнікае пытаньне: ці здольныя гэтыя людзі належным чынам выконваць свае абавязкі, калі яны не адпавядаюць кваліфікацыйнаму патрабаваньню, абавязковаму для службовай асобы любога ўзроўню?» — гаворыцца ў заяве.

Дэманстратыўнае ігнараваньне некаторымі патэнцыйнымі кандыдатамі беларускай мовы падчас кампаніі збору подпісаў выглядае як абраза ўсіх грамадзянаў, што разумеюць значэньне гэтай каштоўнасьці для існаваньня Беларусі як незалежнай дзяржавы. Прэзыдэнт, які не валодае роднай мовай свайго народу, дыскрэдытуе сябе, а разам і краіну, якую ён прадстаўляе, перакананае кіраўніцтва ТБМ.

З гэтай нагоды сакратарыят заявіў, што ТБМ ня будзе падтрымліваць тых, хто парушае Канстытуцыю і ігнаруе моўныя правы грамадзянаў, і раіць усім выбарнікам задумацца, ці варта галасаваць за такіх прэтэндэнтаў.

Сярод 12 чалавек, якія засталіся ў прэзыдэнцкай гонцы, толькі лідэр рок-гурту Znich Аляксандар Таболіч стала карыстаецца беларускай мовай.

Тры найбольш папулярныя асобы — былы старшыня праўленьня «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка, экс-кіраўнік Парку высокіх тэхналёгіяў Валер Цапкала і Сьвятлана Ціханоўская, жонка відэаблогера Сяргея Ціханоўскага — інфармуюць аб хадзе сваёй кампаніі пераважна па-расейску.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG