Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіны Балтыі і Польшча выступілі з сумеснай заявай наконт Беларусі і «шантажу мігрантамі»


Мігранты ў імправізаваным лагеры на мяжы паміж Беларусьсю і Польшчай каля Беластоку, 20 жніўня 2021
Мігранты ў імправізаваным лагеры на мяжы паміж Беларусьсю і Польшчай каля Беластоку, 20 жніўня 2021

Падчас сустрэчы ў Кіеве прэзыдэнты краінаў Балтыі і Польшчы выдалі сумесную дэклярацыю аб рэпрэсіях у Беларусі, падкрэсьліўшы, што «шантаж мігрантамі» з боку рэжыму Лукашэнкі не прымусіць іх зьмяніць сваю пазыцыю

Пра гэта гаворыцца ў тэксьце, апублікаваным Офісам прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуды, піша «Эўрапейская праўда».

Заяву падпісалі прэзыдэнт Польшчы, прэзыдэнтка Эстоніі Керсьці Кальюлайд, прэзыдэнт Латвіі Эгільс Левітс і прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа.

Кіраўнікі чатырох дзяржаваў падкрэсьліваюць, што са жніўня мінулага году ўлады Беларусі адмаўляюцца чуць памкненьні свайго народу і праводзяць маштабныя рэпрэсіі. Яны згадваюць, між іншым, беспрэцэдэнтную пасадку рэйса Ryanair для арышту апазыцыйнага блогера.

«Мы, прэзыдэнты Эстоніі, Латвіі, Літвы і Польшчы, аднадушна асуджаем агрэсіўныя дзеяньні Аляксандра Лукашэнкі і беларускага рэжыму па дэстабілізацыі сытуацыі. Мы перакананыя, што рашэньне аб будучыні Беларусі павіннае грунтавацца перш за ўсё на жаданьні беларускага народу». Выказваем глыбокае спачуваньне палітвязьням і іх сем’ям. Усе палітвязьні павінныя быць неадкладна вызваленыя і ўсе іх правы адноўленыя. Адзіны спосаб пакласьці канец палітычнаму крызісу ў Беларусі — гэта інклюзіўны нацыянальны дыялёг, які прывядзе да свабодных і сумленных выбараў», — гаворыцца ў заяве..

Прэзыдэнты адзначаюць, што яны актыўна падтрымліваюць міжнародныя ініцыятывы па барацьбе з беспакаранасьцю ў Беларусі і будуць дамагацца новых санкцыяў супраць Лукашэнкі і яго рэжыму.

Яшчэ адна частка дэклярацыі прысьвечаная міграцыйнаму крызісу, створанаму рэжымам Лукашэнкі на мяжы паміж Беларусьсю і ЭЗ. Чатыры кіраўнікі дзяржаў называюць гэта гібрыднай атакай, у якой эксплюатуюцца безабаронныя грамадзяне трэціх краінаў.

«Гэта не міграцыйны крызіс — гэта палітычна кантраляваная гібрыдная апэрацыя, праведзеная рэжымам Лукашэнкі, каб адцягнуць увагу ад усё больш маштабных парушэньняў правоў і свабодаў чалавека ў краіне» — адзначаецца ў заяве.

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа падкрэсьліў, што кіраўнікі дзяржаваў таксама дамовіліся сумесна спрыяць зьменам міграцыйнай палітыкі ЭЗ і ўзмацніць кантроль за мяжой.

«Я прапаную сумесна ініцыяваць у Брусэлі дыскусіі па шэрагу пытаньняў, у тым ліку аб неабходнасьці перагляду міграцыйнай палітыкі ЭЗ і заканадаўства аб ахове зьнешніх межаў, а таксама доступу да сродкаў ЭЗ для будаўніцтва фізычнага барʼеру на мяжы з Беларусьсю», — гаворыцца ў паведамленьні на сайце прэзыдэнта Літвы.

Прэзыдэнты ўсіх чатырох краінаў прыбылі ў Кіеў для ўдзелу ў першым саміце «Крымскай плятформы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG