Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латвія і Літва прапускаюць транзытных мігрантаў зь Беларусі толькі з гуманітарных прычынаў


Літоўскія памежнікі патрулююць мяжу, архіўнае фота
Літоўскія памежнікі патрулююць мяжу, архіўнае фота

Міграцыйны крызіс на памежжы Беларусі з суседзямі на поўначы і захадзе працягваецца, аднак колькасьць мігрантаў з краін Азіі зьнізілася.

Літва

За мінулыя суткі літоўскія памежнікі вярнулі ў Беларусь некалькі асобаў, якія спрабавалі нелегальна перасекчы мяжу, чацьвярых прапусьцілі ў Літву з гуманітарных прычынаў, паведаміла ў панядзелак Служба аховы дзяржаўнай мяжы краіны, якую цытуе Delfi.

Мігранты намагаліся перайсьці мяжу з боку Беларусі ў Віленскім і Салечніцкім раёнах краіны. Дакладнай лічбы мігрантаў літоўскі бок не назваў.

Польшча

Тым часам на мяжы Польшчы і Беларусі каля вёскі Горны Ўснар (Usnarz Górny) ўжо больш за тыдзень знаходзіцца група мігрантаў з Іраку і Афганістану ў колькасьці 50 чалавек. Паводле польскага выданьня Gazeta Wyborcza​, памежнікі не дазваляюць мясцовым жыхарам перадаць мігрантам ежу і спальныя мяшкі. Паводле неафіцыйных крыніцаў, беларусы забралі з паласы жанчын і дзяцей.

Дзяржаўны памежны камітэт у сваю чаргу заявіў, што Польшча гвалтам маніцца выштурхаць мігрантаў у Беларусь, і пацьвердзіў інфармацыю пра «лягер на мяжы». У ДПК заявілі, што 18 жніўня польскія памежнікі спрабавалі выштурхнуць групу мігрантаў на беларускі бок каля памежнай заставы Русакі Горадзенскай памежнай групы.

Латвія

18 жніўня прадстаўнікі Дзяржаўнай памежнай службы Латвіі прадухілілі спробу нелегальнага перасячэньня дзяржаўнай мяжы. Такую спробу за папярэдні дзень зрабілі 11 чалавек.

З 10 жніўня латвійскія памежнікі не дазволілі агулам 474 чалавекам незаконна трапіць на тэрыторыю сваёй дзяржавы.

Чацьвярым мігрантам з гуманітарных меркаваньняў не перашкодзілі перасекчы дзяржаўную мяжу. З моманту ўвядзеньня надзвычайнага становішча 14 чалавек прапусьцілі ў Латвію з гуманітарных меркаваньняў, у той час як агулам сёлета затрымалі 366 грамадзян трэціх краін, якія парушылі дзяржаўную мяжу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG