Ведамства зьвярнулася ў Савет Міністраў з ініцыятывай аб стварэньні міжведамаснай камісіі для ацэнкі памеру шкоды, нанесенай нацысцкімі злачынцамі на тэрыторыі БССР.
У рамках расьсьледаваньня крымінальнай справы аб генацыдзе жыхароў Беларусі Генпракуратура выявіла выпадкі:
- масавага зьнішчэньня фашысцкімі злачынцамі цывільнага насельніцтва;
- гвалтоўнага вывазу за межы СССР, у прыватнасьці на тэрыторыю Нямеччыны;
- выкарыстаньня прымусовай працы ў інтарэсах праціўніка;
- арганізацыі акупацыйнай уладай месцаў прымусовага ўтрыманьня, дзе празь невыносныя ўмовы загінула значная колькасьць людзей.
Акрамя таго, падкрэсьліваецца ў прэс-рэлізе, паўсюдна адбываліся зьнішчэньне маёмасьці і яе незаконнае адбіраньне на карысьць агрэсара:
- разбурэньне прамысловых прадпрыемстваў, будынкаў, аб’ектаў інфраструктуры;
- рабаваньне калгасаў, адбіраньне жывёлы;
- вываз абсталяваньня (паравыя катлы, турбіны, перасоўныя электрастанцыі, мэталарэзныя станкі, дрэваапрацоўчае абсталяваньне і г.д.)
- крадзеж гісторыка-культурных каштоўнасьцяў (музэйныя экспанаты, прадметы жывапісу, каштоўнасьці).
Такімі дзеяньнямі БССР і яе жыхарам быў нанесены ўрон, які належыць ацаніць і падлічыць у грашовым вымярэньні.
З улікам інфляцыі амэрыканскай валюты агульная сума шкоды можа складаць ня менш за 500 мільярдаў даляраў у эквіваленце, мяркуе Генпракуратура.
Вынікі работы міжведамаснай камісіі мяркуецца выкарыстаць пры арганізацыі судовай абароны маёмасных інтарэсаў і кампэнсацыі нанесенай шкоды.
9 красавіка Генпракуратурар пачала справу пра генацыд насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасьляваенны пэрыяд. Яе кіраўнік Андрэй Швед заявіў, што будуць складацца сьпісы злачынцаў, памерлых і якія цяпер жывуць, і будуць зьбіраць матэрыялы з просьбай аб правядзеньні працэсуальных дзеяньняў у дачыненьні да гэтых асоб на тэрыторыі тых дзяржаў, дзе яны пражываюць, і ставіць пытаньне аб іх выдачы для адкрытага суду на тэрыторыі Беларусі.