Сястра-чыноўніца і брат — дырэктар мэдычнай кампаніі
Будучы генэральны пракурор Беларусі нарадзіўся ў невялікай вёсцы Глушкавічы ў Лельчыцкім раёне ў сям’і настаўнікаў. Яго бацькі працавалі ў глушкавіцкай школе. Бацька — дырэктарам, маці — настаўніцай матэматыкі. У канцы 70-х, калі Андрэю Шведу было 7 гадоў, яго бацька загінуў у аўтамабільнай аварыі. Пасьля гэтай трагедыі маці Зінаіда разам зь дзецьмі пераехала на сваю радзіму ў Магілёўскую вобласьць, там сям’я жыла ў Горацкім раёне.
У Андрэя Шведа ёсьць сястра Анжэла Раемская. Яна таксама прасунулася па дзяржаўнай службе, зараз працуе намесьніцай старшыні Лагойскага райвыканкаму, дзе курыруе сацыяльную сфэру, спорт, адукацыю і ідэалягічную працу. Брат генэральнага пракурора Беларусі Алег Швед працуе дырэктарам прадпрыемства «Мэдтэхнацэнтар», якое займаецца рамонтам і абслугоўваньнем мэдычнага абсталяваньня і тэхнікі.
Пасьля школы Андрэй Швед паступіў на юрыдычны факультэт БДУ, скончыў яго неўзабаве пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі.
Некалькі гадоў па разьмеркаваньні працаваў у раённых пракуратурах Менску, а ў 1998 годзе перайшоў у Генэральную пракуратуру. Кар’еру там Андрэй Швед пачынаў з нагляду за працай сьледчых органаў, займаўся расьсьледаваньнем спраў, зьвязаных з парушэньнямі, дапушчанымі супрацоўнікамі міліцыі.
Але міліцыянтаў будучы генэральны пракурор кантраляваў нядоўга. Ужо ў 1999 годзе ён перайшоў у аддзел Генпракуратуры, які займаўся наглядам за выкананьнем заканадаўства ў галіне барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю.
На розных пасадах у Генпракуратуры Андрэй Швед заставаўся ў гэтай сфэры шэсьць гадоў, спэцыялізаваўся таксама на барацьбе з карупцыяй.
У «чорным сьпісе» ЭЗ з 2011 году
Адначасова з працай у Генпракуратуры Швед вёў навуковую дзейнасьць. У 2005 годзе ён абараніў дысэртацыю і стаў кандыдатам юрыдычных навук. Працу пад назвай «Актуальныя тэарэтычныя і практычныя аспэкты стадыі ўзбуджэньня крымінальнай справы» Швед абараняў у Акадэміі МУС пад навуковым кіраўніцтвам прафэсаркі Ліліі Кукрэш.
Амаль адразу пасьля абароны дысэртацыі Андрэй Швед перайшоў на працу ў Савет бясьпекі, дзе пяць гадоў узначальваў экспэртна-прававы аддзел. Новы штуршок для кар’еры Шведа дало вяртаньне ў Генпракуратуру ў 2010 годзе на пасаду намесьніка кіраўніка.
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году Андрэя Шведа ўпершыню ўнесьлі ў «чорны сьпіс» Эўразьвязу разам яшчэ з 156 асобамі.
Першай вялікай публічнай справай, зь якой зьвязанае прозьвішча Андрэя Шведа, стаў выбух у менскім мэтро 11 красавіка 2011 году. Расьсьледаваць яго Шведа прызначыў асабіста Лукашэнка. Менавіта Швед кваліфікаваў здарэньне як тэракт (у першыя гадзіны пасьля выбуху ўлады пазьбягалі выкарыстаньня такога тэрміну. — РС). Сам будучы генпракурор амаль не камэнтаваў ход расьсьледаваньня і затрыманьне падазраваных, якіх у першыя дні было пяцёра. Гэтым займаліся пераважна прадстаўнікі МУС, якім у той час кіраваў Анатоль Куляшоў.
Справа Алеся Бяляцкага
Праз год пасьля тэракту ў мэтро прозьвішча будучага генэральнага пракурора зноў трапляе ў афіцыйныя дакумэнты Эўразьвязу — гэтым разам праз крымінальную справу супраць кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага.
Бяляцкага арыштавалі 4 жніўня, у яго дома і ў офісе «Вясны» прайшлі ператрусы, якімі кіравалі супрацоўнікі ДФР. Афіцыйнай прычынай затрыманьня Бяляцкага тады назвалі ўтойваньне прыбыткаў на асабістым рахунку Алеся Бяляцкага ў Літве, інфармацыю пра які беларускім уладам перадаў літоўскі Мін’юст.
У выніку сьледзтва і судовага працэсу Бяляцкага прызналі вінаватым ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у буйным памеры і асудзілі на 4,5 года пазбаўленьня волі. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Бяляцкага палітзьняволеным. Ён быў датэрмінова вызвалены ў чэрвені 2014 году, пасьля таго як Лукашэнка асабіста загадаў праверыць інфармацыю аб кампэнсацыі шкоды, якую нібыта нанесьлі дзяржаве дзеяньні праваабаронцы.
Сам Андрэй Швед на момант вызваленьня Бяляцкага ў Генпракуратуры ўжо не працаваў. Яшчэ ў 2012 годзе яго на кароткі час перавялі ў Сьледчы камітэт, дзе Швед стаў намесьнікам кіраўніка ведамства. А пазьней — на пасаду старшыні Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртыз. Там Андрэй Швед адпрацаваў больш за сем гадоў — акурат да моманту прызначэньня на пасаду генпракурора 9 верасьня 2020 году. Аляксандра Канюка, які кіраваў Генпракуратурай да Шведа на працягу дзевяці гадоў, Лукашэнка прызначыў амбасадарам у Армэнію.
«Ідзе вайна, гібрыдная вайна»
Як і ягоны папярэднік, Швед хутка трапіў у санкцыйныя сьпісы ЭЗ. Генпракуратура пры новым начальніку займаецца расьсьледаваньнем злачынстваў нямецкіх нацыстаў у Беларусі, а супрацоўнікі ўключна з намесьнікамі Андрэя Шведа ладзяць рэйды па жывёлагадоўчых комплексах з мэтай недапушчэньня парушэньняў у галіне сельскай гаспадаркі. Справаздачы пра гэта Генпракуратура рэгулярна зьмяшчае ў сваіх сацсетках. Сам Андрэй Швед актыўна выказвае ў дзяржаўных СМІ сваю думку пра падзеі ў Беларусі і навокал.
«На самай справе ідзе вайна, гібрыдная вайна, — сказаў Андрэй Швед у эфіры тэлеканалу „Беларусь 1“. — Мэта адна — зьнішчыць нашу дзяржаву. Адрэзаць язык, забіць лідэра дзяржавы, забіць службовых асоб. Яны пра гэта самі адкрыта кажуць. Мы прыйдзем да ўлады і будзем забіваць. Будзем выразаць цэлыя групы. А што гэта, як не нацызм і генацыд? Вось праводзьце паралелі. Па сутнасьці, гэта той жа самы нацызм. І таму яны хочуць, сказіўшы гісторыю, паказаць, як быццам робяць усё правільна. Ідзе спроба схаваць іх сутнасьць сапраўдную, антычалавечую, антыгуманную, зьвязаную толькі з тым, што акрамя гвалту, акрамя крыві, хлусьні і іншых дзеяньняў, якія зь юрыдычнага пункту гледжаньня можна вызначаць як экстрэмізм, на большае яны ня здольныя».