Польскія ўлады запатрабавалі тлумачэньняў з нагоды словаў генпракурора Беларусі Андрэя Шведа, перадае сайт wnp.pl.
Андрэй Швед раней заявіў, што атрыманыя зьвесткі аб яшчэ жывых нацысцкіх злачынцаў, якія прымалі ўдзел у дзеяньнях карных батальёнаў падчас мінулай вайны на тэрыторыі Беларусі. Швед адзначыў, што ў першую чаргу гэта тычыцца літоўскіх батальёнаў СС і Арміі Краёвай, у сувязі з чым у Літву і Польшчу будуць накіраваны даручэньні аб аказаньні прававой дапамогі.
У МЗС Польшчы мяркуюць, што апошнія крокі беларускіх уладаў у сфэры гістарычнай памяці зарадзіліся не ў Менску, але лічаць, што Беларусь ідзе на абвастрэньне стасункаў з Польшчай і Захадам, каб сфармаваць вобраз зьнешняга ворага. Сваю пазыцыю з гэтай нагоды МЗС Польшчы давёў да часовага паверанага ў справах Беларусі ў Варшаве.
«МЗС запытаў тлумачэньні, ці носяць выказваньні генпракурора публіцыстычны характар, або прадстаўляюць афіцыйную пазыцыю беларускіх уладаў і зьяўляюцца новымі кіруючымі прынцыпамі ў адносінах з Польшчай», — заявілі ў МЗС Польшчы.
Як разьвіваўся беларуска-польскі канфлікт
- 2 кастрычніка 2020 году беларускі МЗС запатрабаваў скараціць колькасьць польскіх і літоўскіх консулаў у Беларусі. Да 9 кастрычніка зь Беларусі выехалі 32 польскія дыпляматы.
- 29 кастрычніка Лукашэнка абвінаваціў Польшчу ў распальваньні рэвалюцыі ў Беларусі, а польскага прэзыдэнта Анджэя Дуду — у фальсыфікацыі выбараў.
- 21 сьнежня Беларусь закрыла межы на ўезд і выезд, у тым ліку з Польшчай. Афіцыйная прычына — каранавірус.
- 12 сакавіка 2021 году на беларуска-польскай мяжы затрымалі дырэктарку прыватнай польскай школы ў Берасьці Ганну Панішаву. На яе завялі справу за «распальваньне нацыянальнай або рэлігійнай варожасьці» (частка 3 артыкул 130 КК). Яна знаходзіцца пад вартай.
- 13 сакавіка на запатрабаваньне беларускіх уладаў з Горадні выехалі яшчэ два польскія консулы, у тым ліку генэральны консул Польшчы ў Горадні Яраслаў Ксёнжэк. Прычыны — польскі консул узяў удзел у імпрэзе памяці «праклятых жаўнераў» у Берасьці. У Горадні застаўся апошні польскі консул. У адказ Польшча паведаміла, што высылае ў Беларусь двух беларускіх консулаў.
- 23 сакавіка ў Горадні затрымалі старшыню незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) Анжаліку Борыс.
- 24 сакавіка Анжаліку Борыс асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за правядзеньне ў Горадні традыцыйнага сьвята Казюкі.
- 25 сакавіка затрымалі сяброў незарэгістраванага СПБ Анджэя Пачобута (Горадня), Ірэну Бярнацкую (Ліда), Марыю Цішкоўскую (Ваўкавыск).
- Генэральная пракуратура завяла крымінальную справу «за распальваньне рэлігійнай і нацыянальнай варожасьці» (частка 3 артыкулу 130 КК) на Анжаліку Борыс і іншых асобаў. Борыс, Пачобут, Бярнацкая, Цішкоўская знаходзяцца на «Валадарцы» ў якасьці падазраваных.
- 29 сакавіка стала вядома, што смаргонская пракуратура запрошвае сьпісы студэнтаў і выкладчыкаў курсаў польскай мовы. Запыт датаваны 25 сакавіка. Прыватныя школы польскай мовы паведамляюць, што праверкі ў іх ідуць па ўсёй Беларусі.
- 31 сакавіка праваабаронцы прызналі Борыс, Пачобута, Бярнацкую, Цішкоўскую, Панішаву палітвязьнямі.
- 6 красавіка Лукашэнка выставіў Польшчы прэтэнзіі ў тым, што яе ўлады абвінавачваюць афіцыйны Менск у фальсыфікацыі выбараў, а таксама «падтрымліваюць здраднікаў і экстрэмістаў».