Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гендырэктар Yara заявіў, што на сустрэчы 13 жніўня хоча найперш выслухаць пазыцыю Ціханоўскай


Свайн-Тур Гульсэтэр
Свайн-Тур Гульсэтэр

Генэральны дырэктар нарвэскай кампаніі Yara Свайн-Тур Гульсэтэр напярэдадні сустрэчы са Сьвятланай Ціханоўскай, якая адбудзецца 13 жніўня ў Осла, расказаў пра падрабязнасьці супрацы сваёй кампаніі зь «Беларускаліем».

У інтэрвію тэлеканалу NRK ён адзначыў, што цяпер Yara працягвае супрацоўніцтва, бо імкнецца не пакінуць беларускіх рабочых у бядзе, дбае аб тым, каб захоўваліся іх правы. Зь верасьня мінулага году Гульсэтэр двойчы быў у Беларусі, меў зносіны зь незалежным прафсаюзным рухам.

Замест адмовы ад закупу калійных угнаеньняў у Беларусі, чаго прасіў страйкам прадпрыемства, Yara вырашыла адправіць на «Беларуськалій» свайго прадстаўніка для маніторынгу сытуацыі.

Мінулым разам Свайн-Тур Гульсэтэр размаўляў са Сьвятланай Ціханоўскай у фармаце відэаканфэрэнцыі ў сакавіку. Цяпер ён чакае сустрэчы 13 жніўня, каб паслухаць, што скажа беларуская дзяячка.

Нарвэскі топ-мэнэджар пры гэтым адзначыў, што на папярэдніх перамовах Ціханоўская не прасіла Yara менавіта спыніць супрацу, яна казала толькі пра «часовае прыпыненьне». Аднак, паводле Гульсэтэра, гэта цяжка ажыцьцявіць, бо кампанія моцна залежыць ад рынку калійных угнаеньняў, а таму часовы выхад немінуча будзе азначаць выхад з супрацоўніцтва на доўгі час.

Гульсэтэр адзначыў, што Yara «прывабны кліент» і што дзякуючы рэпутацыі яна неўзабаве атрымае выгадныя кантракты ў іншых месцах, аднак на кароткі час разрыў кантракту зь беларусамі пацягне за сабой нэгатыўныя фінансавыя наступствы.

Пры гэтым Гульсэтэр падкрэсьліў, што кампанія ня будзе імкнуцца да таго, каб «купляць калій у Беларусі любой цаной». Згодна зь ягонымі словамі, у Нарвэгіі ўважліва адсочваюць падзеі ў Беларусі, слухаючы рабочых і чытаючы СМІ, якія асьвятляюць падзеі. Таму спыненьне супрацоўніцтва з салігорскім прадпрыемствам не выключаецца.

ААТ «Беларуськалій» трапіла пад новыя санкцыі ЗША, падпісаныя 9 жніўня, як адно з найбуйнейшых дзяржаўных прадпрыемстваў Беларусі, адзін з найбуйнейшых сусьветных вытворцаў калійных угнаеньняў і, як лічыць амэрыканскі бок, «крыніца незаконнага ўзбагачэньня рэжыму», на чале якога стаіць Лукашэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG