Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ніводзін мускул не здрыгануўся б увесьці ў дзеяньне армію». Лукашэнка выступіў праз год пасьля выбараў


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

9 жніўня, у гадавіну выбараў прэзыдэнта 2020 году, калі Цэнтравыбаркам назваў яго пераможцам, Лукашэнка даў прэс-канфэрэнцыю. Яна доўжылася больш за 8 гадзін.

У Менск на прэс-канфэрэнцыю, паводле афіцыйных зьвестак, прыбылі больш за сто журналістаў. Пытаньні змаглі задаць журналісты афіцыйных беларускіх СМІ, а таксама журналісты з ЗША, Вялікай Брытаніі, Польшчы, Украіны. Пачалася прэсавая канфэрэнцыя ў 11:00, скончылася ў 20.15 менскага часу.

Што сказаў Лукашэнка

Ва ўступным слове Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь апынулася ў фокусе сусьветнай увагі «не па сваёй волі». Ён абвінаваціў сваіх апанэнтаў, якія «перавярнулі ўсё з ног на галаву».

«Мы правялі падрыхтоўку і самі выбары з улікам беспрэцэдэнтнай галоснасьці. Розьніца ў тым, што адны рыхтаваліся да сумленных выбараў, а другія — да перавароту».

Лукашэнка сказаў, што апазыцыя патрабавала пераменаў, і новаствораная Канстытуцыйная камісія якраз гэтым цяпер займаецца на «дыялёгавых пляцоўках».

Пра каранавірус

Лукашэнка пахваліў падначаленых, што Беларусь «не звар’яцела і не ўвяла камэнданцкую гадзіну», да чаго прымушалі міжнародныя інстытуты падчас пандэміі каранавірусу. Гэта дазволіла захаваць эканоміку і не давесьці яе да краху ва ўмовах цяперашніх санкцый. Ён патлумачыў, што вонкавая напружанасьць не дала яму правесьці паўнавартасную перадвыбарчую кампанію, бо трэба было думаць, як «уратаваць сваіх людзей».

Пра выбары 2020 году

Лукашэнка прызнаўся, што ягонае атачэньне прапаноўвала адмовіцца ад леташніх прэзыдэнцкіх выбараў ва ўмовах складанай эпідэмічнай сытуацыі і перанесьці іх на 2021 год.

«І гэта было б успрынята аплядысмэнтамі грамадзкасьці, — лічыць ён. — Можна было б нават падправіць пэўныя законы, але пераносіць кампанію было б непрыстойна. Я забараніў такія размовы».

Пра санкцыі

Лукашэнка адрэагаваў на ўведзеныя санкцыі. Папрасіў заходніх журналістаў перадаць сваім «гаспадарам», каб тыя думалі галавой, калі бяз роздуму прымаюць інфармацыю ад «латушкаўскіх» ды «ціхушкінскіх» цэнтраў. Маўляў, у выніку цярпіць ня ён асабіста ці ягоныя аднадумцы, а супрацоўнікі заводаў БелАЗ, МАЗ ці іншых. Некалькі разоў ён наўмысна падкрэсьліў — «Эўрапейскі Савецкі Саюз», не патлумачыўшы, які сэнс укладае ў гэтую кпіну.

«Ня трэба брацца за санкцыйныя сякеры і вілы, тым больш яны могуць мець адваротны эфэкт», — адказаў Лукашэнка на пагрозы чарговых абмежаваньняў з боку заходніх краін.

Пра міграцыйны крызіс

Лукашэнка прызнаўся, што міграцыйны крызіс — «вымушаная мера», бо ў Беларусі няма такіх палітычных ці эканамічных рычагоў, як у Расеі.

«І хай „шалёны“ спадар Бурэль будзе ставіць нейкія далейшыя ўмовы, мы ўсё роўна ня станем на калені», — сказаў Лукашэнка.

Пра інтэграцыю з Расеяй

Лукашэнка скрытыкаваў расейскія СМІ і тых чыноўнікаў, якія разглядаюць інтэграцыю толькі з адной пазыцыі — уваходжаньне Беларусі ў склад Расеі, асабліва на фоне цяперашняй міжнароднай ізаляцыі. Запэўніў, што «гэтага ніколі ня будзе».

«Гэты галаўны боль не патрэбен найперш Пуціну, — заявіў ён. — Мы незалежная і сувэрэнная краіна. Хоць я быў адзіным дэпутатам, які галасаваў супраць развалу Савецкага Саюзу. Бо мы былі самай савецкай рэспублікай. Але так здарылася, што мы пайшлі сваім шляхам і былі вымушаныя будаваць сваю дзяржаву».

Пра Крым

«Калі апошні расейскі алігарх прызнае Крым і пачне пастаўляць туды сваю прадукцыю, за мной не заржавее», — так адказаў Лукашэнка на папрокі расейцаў, што той «гуляе» з Крамлём у пытаньні анэксаванага Расеяй украінскага паўвострава.

Ён дадаў: пасьля таго, як пачала паводзіць сябе Ўкраіна ў дачыненьні да Беларусі, у яго няма ніякіх падставаў сымпатызаваць «гэтым вар’ятам». Але Крым — гэта пытаньне найперш Расеі і яе эканамічных інтарэсаў, якія часта ня хочуць рызыкаваць санкцыйнымі наступствамі.

Прэсавая канфэрэнцыя Аляксандра Лукашэнкі, Менск, 9 жніўня.
Прэсавая канфэрэнцыя Аляксандра Лукашэнкі, Менск, 9 жніўня.

Аб пасьлявыбарных пратэстах

Лукашэнка падлічыў, што на леташнія пратэсты ў Менску на піку выходзіла 46 700 чалавек. Усё астатняе, маўляў, штучная карцінка. На чале — «баевікі, адмарожаныя, уркі»; у хвасьце — моладзь, якая хоча «хайпануць»; па краях — разявакі, пералічыў ён. Такія зьвесткі яму падрыхтавалі «экспэрты праваахоўных органаў».

Палітычных актывістаў пры гэтым ён назваў «фашыствуючым ядром» супраціву.

Пра разгон пратэстаў

Лукашэнка заявіў, што ў яго «ніводзін мускул не здрыгануўся б увесьці ў дзеяньне армію», калі б «пратэстуны» пераступілі чырвоную рысу. У тым ліку ён прасіў Пуціна стварыць паліцэйскую рэзэрву для дапамогі Беларусі.

Але запэўніў, што «цалкам спраўляецца самастойна»: пуцінская рэзэрва вернутая ў сваё разьмяшчэньне, а беларускае войска гатовае мабілізавацца ў любы момант. Цяперашняя задача дзяржавы — «пазбавіцца ад тых, хто перашкаджае працаваць».

Пра апанэнтаў

«Ачумелыя, мазгі павярнуліся, але гэта нашы людзі. Нават высокага ўзроўню чыноўнікі крычалі ў адміністрацыі пра „гвалт“, цяпер нарэшце ўбачылі і зразумелі. Але ёсьць тыя, з кім мы размаўляем як з ворагамі. Калі хтосьці зноў гатовы арганізоўваць забойства прэзыдэнта і дзяцей, як мусім да гэтага ставіцца? Ты, мярзотнік, дзеці мае што табе зрабілі?» — прыгразіў Лукашэнка, у прыватнасьці, палітзьняволенаму Сяргею Ціханоўскаму.

Паводле яго, у сьпісе на забойства былі Вадзім Гігін, Алег Гайдукевіч ды іншыя прыхільнікі ўлады. Ён заявіў, што «на мове закону з такімі людзьмі размаўляць не зьбіраецца».

Пра Сталіна

Лукашэнка заклікаў паставіць у Беларусі помнік «вялікаму Сталіну», які нібыта аб’яднаў беларусаў. Каб не было 17 верасьня 1939 году, не было б самой Беларусі, сказаў ён.

«Вялікі дзякуй Ёсіфу Вісарыёнавічу, тут нічога іншага ня скажаш», — сказаў ён, дадаўшы спадзяваньне, што новае сьвята «яднаньня» стане адным зь любімых сярод жыхароў краіны.

Пра адносіны з Украінай

Украінскія журналісты пацікавіліся, пры якім раскладзе краіны могуць спыніць адносіны, аж да спыненьня дыпляматычных адносінаў, на фоне забойства беларускага актывіста Віталя Шышова, а раней Паўла Шарамета.

«Вы ўзялі гэтага чалавека да сябе, вы за яго несяце адказнасьць. Пры чым тут Лукашэнка? Высьвятляйце, хто забіў грамадзяніна Беларусі. Як вось цяпер з Пратасевічам — за мяжой яго „замовілі“, а цяпер мне трэба яго ратаваць. А тая ж Ціманоўская. Ведаючы яе бэчэбэшнае мінулае, уключылі ў каманду толькі на патрабаваньне МАК. Выдалі нават прэзыдэнцкую стыпэндыю — тры тысячы рублёў. І каб ёй не кіравалі, сама да такога не дадумалася б... Таму чырвоная лінія — пахерыць усё, што мы зрабілі для Ўкраіны. Пасядзіце ды памаўчыце. Не, трэба пабегчы наперадзе. Кульмінацыяй — спыніць паветраныя зносіны. Урэшце прарвёмся, але людзі пацярпяць».

Пра палітычных эмігрантаў

Лукашэнка ў доўгім адступленьні пра Данбас і Крым закрануў тое, чаму глядзіць на сваіх апанэнтаў звысоку і ня хоча весьці перамовы з тымі, «хто падсеў на заходнія гранты»:

«Зразумейце: у адносінах да мяне і ўсяго беларускага народу — усе яны мярзотнікі: хаваюцца за мяжой і нацкоўваюць супраць нас увесь сьвет. Гэта што? „Лахушкі“ і „ціхушкі“ — прыедзьце і адкажыце паводле закону за ўсё тое, што нарабілі. Мяне ў Вільню ды Варшаву не пускаюць, чаго вы хочаце? Хай самі едуць».

Пра палітвязьняў

«Са сваімі „палітзьняволенымі“ мы разьбяромся самі, ня трэба нас шантажаваць, — сказаў Лукашэнка. — Тым больш у нас паводле Канстытуцыі такіх няма, гэта ўсё злачынцы. Мне Васкрасенскі прынёс сьпіс са 100 чалавек на памілаваньне, паабяцаў закласьці за кожнага сваю галаву. Але цяпер пытаньне ня толькі ўва мне. Сілавікі, якія сталі інвалідамі; Азаронак, якога хацелі забіць. Калі сем’і даруюць, пойдуць па дробязі. А не — яшчэ дадам са свайго боку».

«Спыніцеся!» — некалькі разоў паўтарыў Лукашэнка, зьвяртаючыся да апанэнтаў. І запэўніў, што павальнай амністыі ня будзе — асабліва для тых, хто нібыта ішоў з «заточкамі» на амапаўцаў.

«Гэтых хлопцаў я ніколі ня здам, — заявіў ён. — Я іх сабраў і пакляўся: мы мусім утрымаць краіну. Не зраблю ніводнага кроку, каб яны не падумалі, што пачаў віхляць... А Бабарыка, пакуль ня верне мільёны, хай на нешта не разьлічвае. Ня дай Бог сядзець у турме. І сын хай ідзе да бацькі ды разам абмяркуюць, што далей рабіць. Вернуць — калі ласка, едзьце ў Турэччыну, дзе набудавалі нерухомасьці, жывіце сярод туркаў».

Прэсавая канфэрэнцыя Аляксандра Лукашэнкі. Выступае Алег Гайдукевіч. Менск, 9 жніўня
Прэсавая канфэрэнцыя Аляксандра Лукашэнкі. Выступае Алег Гайдукевіч. Менск, 9 жніўня

Пра рэпрэсіі

Журналістка тэлеканалу CNN спытала, што ён адкажа крытыкам сваёй рэпрэсіўнай палітыкі супраць мірнага насельніцтва.

«Вы прывыклі да таго, што гегемоны і вам усё дазволена. Вы ўчыняеце беззаконьне па ўсім сьвеце. Вам можна? — пытаньнем на пытаньне адказаў Лукашэнка. — Я паводле Канстытуцыі мусіў абараніць гэтую дзяржаву, якія ж гэта рэпрэсіі? Некага застрэліў, забіў? Не, усё шукаюць, за што зацягнуць пад трыбунал. Вось і ўсплываюць павешаны Шышоў, пасаджаны самалёт, прэса... Вы павінны трымацца нашых законаў. Таму мы зачысьцім усялякую дрэнь. Ачуйцеся там і глядзіце рэальна на рэчы».

Пра новую сусьветную вайну

Лукашэнка сказаў, што настолькі «ўросься» ў краіну, што ня бачыць сябе ў іншай іпастасі, асабліва на пэнсіі. Пры гэтым сказаў, што сыдзе «вельмі хутка». Але не хацеў бы, каб выбралі з кагорты «неверагодных», бо будзе, як ва Ўкраіне і Грузіі:

«Пачнуць крышыць і ламаць тых, хто стаяў за мяне, за дзяржаву. І каб мы тады не ўтрымаліся, гэтае груганьнё адразу зьляцелася б, а мярзотнікі, уркі, бандзюганы ўчынілі б марадэрства, прайшліся б па нашых жанчынах і дзяўчатах. І тую ж Ціханоўскую не пашкадавалі б. Змардавалі б, і пачалася новая сусьветная вайна. Давялося нават падняць армію, „Точку У“ і „Палянэзы“. Расея, ядзерная дзяржава, не адступіла б. І пачалося б...»

Пра сыход з пасады

Лукашэнка ня выключыў, што са зьменай Канстытуцыі можа ўзначаліць на пастаяннай аснове новы орган — Усебеларускі народны сход. Але «ня пэўна».

«Так, будзе новы прэзыдэнт, але цяперашнюю Канстытуцыю — так, аўтарытарную — нельга проста ўзяць і перадаць новаму прэзыдэнту, бо невядома, што за ён. Таму частку паўнамоцтваў перанесьці да Ўсебеларускага сходу, яго прэзыдыюму. Пакуль усё не ўстаканіцца, варта разьмежаваць уладу. Каб дзяржава ня рухнула з сыходам першага прэзыдэнта».

Пра легітымнасьць Лукашэнкі

Журналістка Бі-Бі-Сі Сара Рэйнсфард нагадала, што каля 40 тысяч чалавек падчас мірных пратэстаў затрымалі, у краіне 610 палітзьняволеных, многія вымушана зьехалі. Ці лічыць сам Лукашэнка пасьля праяваў гвалту і жорсткасьці, што ён страціў легітымнасьць?

«Паглядзіце на тыя кадры — выбухі, пэтарды, выбухоўкі. У адказ на жорсткасьць? Яшчэ нічога не было, а яны ўсё гэта прынесьлі на „мірныя акцыі“. Чаму ў Амэрыцы паўтысячы чалавек сядзяць у турмах за спробу ўварваньня ў парлямэнт? Вам можна? Мы бойню разьвязалі? Нам трэба, каб ламалі хлопцаў-амапаўцаў? 11 чалавек пацярпелі ў першыя дні. А „невероятные“ сінячылі заднія і пярэднія месцы, нібыта іх зьбілі. Пераварот — страшнае злачынства, ва ўсіх краінах. Мы першыя дні жыватамі вас выштурхоўвалі, пакуль не атрымалі заточкі. А каб пайшлі на штурм Палаца незалежнасьці, ніхто б не ўратаваў — ні ЗША, ні Брытанія».

Пра адносіны з ЗША

Што будзе чырвонай рысай для амэрыканцаў, як неаднаразова гразіў Лукашэнка калектыўнаму Захаду? Пра гэта запытала журналістка выданьня The Wall Street Journal.

«Вы далёка, і вам пофіг, што тут адбываецца. Нават ня ведаеце, дзе тая Беларусь. Праз 10 хвілін ужо ня памятаеце, каго кармілі „пячэнькай“ (намёк на сустрэчу Джо Байдэна са Сьвятланай Ціханоўскай. — РС). Проста карыстаецеся манапольным правам друкаваць амэрыканскую валюту. Але мы не такія моцныя, каб пагражаць Амэрыцы чырвонай рысай, так што не хвалюйцеся».

На іншае пытаньне, чаму Лукашэнка так баіцца вулічнай актыўнасьці, калі ўсе нібыта так яго любяць, ад адказу фактычна ўхіліўся. Адмахнуўся, што ня хоча, каб падстрэлілі якога «чарнаскурага».

Пра Пратасевіча

Лукашэнка расказаў пра Рамана Пратасевіча — «ён практычна на волі, ідзі працуй», сказаў ён. Панаракаў, што такіх, як Пратасевіч, «цэрэушнікі адмыслова зазывалі ў лягеры падрыхтоўкі ва Ўкраіну», а пасьля кідалі на Данбас, каб «замяшаць крывёй». Па яго словах, «экспэрты» ДНР-ЛНР дапыталі Пратасевіча ў Менску і прыйшлі да высновы, што ў баявых дзеяньнях ён ня ўдзельнічаў, а мэтай было «засьвяціць» сябе са зброяй у сацсетках і тым самым сябе прывязаць да «гаспадароў». Лукашэнка сказаў, што Пратасевіч цяпер «чымсьці займаецца ў кампутары».

Пра мігранцкі крызіс

Ці наўмысна справакаваны мігранцкі крызіс? — пацікавілася ў Лукашэнкі журналістка расейскага «Коммерсанта».

«Захад перастаў выконваць пагадненьне аб рэадмісіі, засяродзіўшыся на барацьбе з дыктатурай. А раз перасталі, мы адказалі адпаведна. Мярзотнікі, дык чаго нас абвінавачваеце? Увялі санкцыі, эканамічна душыце, а мы павінны вас абараняць? Папракаюць, што з Іраку прылятаюць „Боінгі“, прывозяць людзей. Нам закрылі неба, трэба шукаць альтэрнатыву. Мы не закрытая краіна. Прыляцелі людзі з турыстычнай візай. І калі Аўганістан паляціць, мы іх таксама прымем. Так, некаторыя ідуць туды. Ежце на здароўе, вы гэтага хацелі».

Пра адказнасьць за гвалт

Карэспандэнтка Sky News вярнулася да тэмы зьбіцьця і гвалту на вуліцах. Таксама яна нагадала пра дзясяткі тысяч тых, хто мусіў зьехаць, ратуючы сваё жыцьцё. І ніхто за гэты час не прыцягнуты да адказнасьці.

«Ну дык хай вяртаюцца — хто адседзіць згодна з законам, каго Васкрасенскі возьме пад апеку. Ніхто ня сыдзе ад адказнасьці. Што да гвалту, паўтаруся: Акрэсьціна — не санаторый, мы нікога туды не цягнулі. Камусьці далі па мазгах, я не хаваю. Але дайце хоць адно фота, хто біў, мы разьбяромся. Хто не хацеў быць пабітым, той не выходзіў на вуліцу з нажамі і заточкамі. Справа ж ня ў гэтым. Вам трэба чарговы хайп, каб Лукашэнку даставіць у Гаагу. Вы ня той інструмэнт, не крыўдуйце», — адказаў ён.

Журналістка газэты The New York Times пры канцы размовы спаслалася на справаздачу ААН, дзе зафіксаваныя факты гвалту супраць удзельнікаў мірных акцый. Акрамя таго, на шэрагу ўчасткаў Сьвятлана Ціханоўская перамагла зь вялікім адрывам, а шмат дзе дадзеныя так і не былі абнародаваныя.

«Калі недзе перамагла Ціханоўская, то дзесьці перамог і дзейны прэзыдэнт, — пайшоў у контратаку Лукашэнка. — Ну навошта вы робіце са сказанага нейкую выснову? Нават беглыя прызнаюць, што я выйграў гэтыя выбары. Дзейны кіраўнік — легітымны, гэта факт. Што да заяваў, якімі пачалі закідваць нашы сьледчыя органы — больш за 5 тысяч — мы іх разглядаем. Але яны ўсе ад балды. Самі потым прызнаюцца — маўляў, пажартаваць хацелі. Абы загрузіць, ня даць сілавікам працаваць».

Выбары 2020 году і іх наступствы. Коратка

Паводле афіцыйных лічбаў Цэнтравыбаркаму, Аляксандар Лукашэнка набраў на прэзыдэнцкіх выбарах 80,1% галасоў, аднак незалежныя апытаньні паказвалі значна ніжэйшы ўзровень яго падтрымкі. Пад ціскам людзей, якія патрабавалі паказаць ім сапраўдныя вынікі галасаваньня, на шэрагу ўчасткаў камісіі прывялі праўдзівыя лічбы колькасьці бюлетэняў за кандыдатаў — Сьвятлана Ціханоўская шматкроць апярэджвала Лукашэнку.

Плятформа «Голос» у ліпені 2021 году завяршыла альтэрнатыўны падлік галасоў на выбарах 2020 году, афіцыйныя вынікі якіх апазыцыя і краіны Захаду лічаць сфальшаванымі. Паводле плятформы «Голос», Ціханоўская набрала мінімум 3 млн галасоў і перамагла ў першым туры выбараў 9 жніўня 2020 году.

Пасьля выбараў 9 жніўня 2020 году ў розных гарадах краіны адбыліся масавыя пратэсты, сілавікі ўжывалі гвалт, у тым ліку траўматычную зброю, некалькі чалавек загінула, тысячы людзей былі затрыманыя і заявілі пра катаваньні ў пастарунках і ізалятарах. Ніводнай справы за катаваньні і сьмерці пры разгоне пратэстаў не было заведзена. Супраць удзельнікаў пратэстаў завялі тысяч спраў, больш за 600 чалавек у краіне прызнаныя палітвязьнямі. Сьвятлану Ціханоўскую прымусілі выехаць з краіны.

Краіны Захаду ўвялі супраць Лукашэнкі і ягонага атачэньня санкцыі за фальсыфікацыі і масавыя рэпрэсіі.

За апошні год пад санкцыі ЭЗ падпалі 78 асобаў і 8 арганізацыяў. Таксама Эўразьвяз увёў сэктаральныя санкцыі на экспарт і перадачу абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў для маніторынгу або перахопу інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах, на імпарт нафтапрадуктаў, калійных угнаеньняў зь Беларусі, на доступ на фінансавыя рынкі ЭЗ ураду Беларусі, а таксама беларускіх дзяржаўных фінансавых інстытутаў і суб’ектаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG