Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм'ер-міністар Чэхіі сустрэўся з прадстаўнікамі беларускай дыяспары. Расказваем, пра што гаварылі


Зьлева направа: Віктар Лагацкі, Анатоль Котаў, Андрэй Бабіш, Алена Коварава, Яўген Сідорык, Віталь Цімошчанка, Арцём Малашкевіч
Зьлева направа: Віктар Лагацкі, Анатоль Котаў, Андрэй Бабіш, Алена Коварава, Яўген Сідорык, Віталь Цімошчанка, Арцём Малашкевіч

Сёньня ва ўрадавай рэзыдэнцыі «Грзанскі палац» ў Празе адбылася сустрэча прадстаўнікоў беларускай дыяспары з прэм’ер-міністрам Чэхіі Андрэем Бабішам.

Бабіш на сустрэчы заявіў, што падтрымлівае і будзе далей падтрымліваць усе ініцыятывы ЭЗ адносна Беларусі.

Адразу пасьля падзеяў жніўня 2020 году ўрад Чэхіі прапанаваў сваю дапамогу ў лячэньні параненых удзельнікаў пратэстаў, дапамогу студэнтам і абвясьціў спэцыяльную праграму дапамогі ў пераезьдзе ў Чэхію для рэпрэсаваных беларускіх мэдыкаў.

У гадавіну выбараў 9 жніўня 2020 году прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Чэхіі прыйшлі на сустрэчу да Андрэя Бабіша, каб разам асэнсаваць мінулы год і падсумаваць вынікі гуманітарных праграмаў Чэскай Рэспублікі, накіраваных на падтрымку беларусаў.

У інтэрвію Радыё Свабода ўдзельніца сустрэчы, прадстаўніца беларускай меншасьці пры ўрадавай Радзе нацыянальных меншасьцяў Чэскай Рэспублікі, сябра рады суполкі «Скарына» Алена Коварава паведаміла:

«Андрэй Бабіш цёпла згадаў сваю нядаўнюю сустрэчу са Сьвятланай Ціханоўскай. Ён сказаў, што беларуская тэма яго вельмі хвалюе і ўсё, што ён робіць для Беларусі і беларусаў, ён робіць не па абавязку палітыка, але і як чалавек, бо разумее, як гэта важна для саміх людзей у Беларусі. Мы паднялі пытаньне далейшых магчымасьцяў для беларусаў, якія б хацелі працаваць у Чэхіі, зьвярнулі ўвагу, што з прычыны пандэміі каранавірусу прыпынена праграма выдачы візаў. У адказ Бабіш прыязна выказаўся аб працоўных магчымасьцях для беларусаў, сказаў, што чэскі рынак працы патрабуе беларусаў, асабліва мэдсёстраў».

Паведаміла Алена Коварава і пра заканадаўчую ініцыятыву чэскіх беларусаў:

«Таксама мы ўзьнялі пытаньне пра заснаваньне ў Чэхіі такога тыпу візаў, як гуманітарныя, на ўзор Літвы і Польшчы, бо ня ўсе беларусы хочуць прыяжджаць і прасіць палітычнага прытулку, многія мараць вярнуцца дадому».

Паводле Алены Коваравай, падчас сустрэчы прэм’ер-міністар некалькі разоў званіў адпаведным супрацоўнікам міністэрстваў і даваў ім даручэньні выканаць тыя ці іншыя просьбы беларусаў ці скантактавацца з прадстаўнікамі беларускай дыяспары для вырашэньня праблемаў і распрацоўкі стратэгіі дапамогі беларусам.

Арганізатар сустрэчы, прадстаўнік Зьвязу беларусаў замежжа Яўген Сідорык у інтэрвію Свабодзе таксама зьвяртае ўвагу найперш на хуткую рэакцыю і працоўны падыход Андрэя Бабіша да праблемаў беларусаў:

«Цудоўная сустрэча. Бабіш сказаў, што рады дапамагаць беларусам і сапраўды вельмі спачувае. Ён вельмі зацікаўлены, каб беларусы прыяжджалі, вучыліся і працавалі ў Чэхіі. Ён сказаў, што чакае беларускіх спэцыялістаў у галіне мэдыцыны, плянаваньня, прамысловасьці, у тым ліку інжынэраў і будаўнікоў».

Паводле Яўгена Сідорыка, калі ўдзельнікі сустрэчы паднялі пытаньне выдачы беларусам візаў, прэм'ер-міністар адразу пазваніў кіраўніку адпаведнага дэпартамэнту ўраду Навотнай і даручыў свайму памочніку быць куратарам пытаньняў працаўладкаваньня для беларусаў.

Беларускі лекар Віктар Лагацкі, які цяпер працуе ў горадзе Чэскі Крумлаў, падзякаваў чэскаму ўраду за праграму Medevac, у рамках якой беларускія мэдыкі змаглі ўладкавацца ў Чэхіі, і расказаў, як, на яго думку, можна палепшыць прафэсійную інтэграцыю лекараў.

Прадстаўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва ў замежнай палітыцы і гандлі Анатоль Котаў у сваім выступе падкрэсьліў важнасьць міжнародных санкцый адносна рэжыму ў Беларусі.

У сустрэчы бралі ўдзел: прадстаўніца беларускай меншасьці пры ўрадавай Радзе Чэскай Рэспублікі ў справе нацыянальных меншасьцяў, сябра рады суполкі «Скарына» Алена Коварава, прадстаўнік Зьвязу беларусаў замежжа Яўген Сідорык, старшыня суполкі «Пагоня» Віталь Цімошчанка, прадстаўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Анатоль Котаў, лекар Віктар Лагацкі і прадстаўнік беларускіх студэнтаў у Чэхіі Арцём Малашкевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG