Кіраўнік МЗС Нямеччыны Гайка Маас выступіў з заявай на гадавіну сфальшаваных выбараў у Беларусі і пратэстаў, якія наступілі пасьля гэтага.
«Выбары, якія прайшлі 9 жніўня 2020 году і не былі ні свабоднымі, ні сумленнымі, сталі паваротным пунктам».
Паводле яго, сёньня ўся краіна «знаходзіцца ў закладніках» у Аляксандра Лукашэнкі.
«Мірныя пратэсты за права стаць на новы, дэмакратычны шлях, правесьці сумленныя і свабодныя выбары і вызваліць палітычных зьняволеных выклікаюць па ўсім сьвеце пачуцьцё захапленьня і салідарнасьці, гэтаксама, як і сіла волі беларускага народу», — падкрэсьліў Маас.
Міністар лічыць, што «дзяржаўная ўлада, якая накіравана на тое, каб кінуць у турму дзясяткі тысяч уласных грамадзян за ўдзел у мірных пратэстах, катаваць іх і прымушаць пакінуць краіну, страчвае ўсялякую палітычную і маральную легітымнасьць».
Маас нагадаў аб распрацаваным Бэрлінам «Пляне дзеяньняў для грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі», накіраваным на падтрымку людзей, якія зазанаюць палітычны перасьлед. Сярод іншага, гэты плян дазваляе ахвярам палітычных рэпрэсій атрымліваць нямецкія візы па спрошчанай схеме.