Плятформа petitions.by пачала працу ўвосень 2015 году. Як казаў стваральнік праекту Ўладзімер Кавалкін, галоўная яго мэта — заахвоціць грамадзян да ўдзелу ў вырашэньні мясцовых праблемаў, павысіць адказнасьць органаў улады перад грамадзянамі і паспрыяць разьвіцьцю адкрытага дыялёгу паміж грамадзянамі і ўладамі ўсіх узроўняў.
Пэтыцыі на сайце ствараюцца ў адпаведнасьці з законам аб зваротах грамадзян. Падпісанты падаюць свае сапраўдныя зьвесткі, а чыноўнікі абавязаныя адказваць на пэтыцыі як на калектыўны зварот.
Сёлета ў лютым на сайце больш за 103 тысячы чалавек падпісаліся пад зваротам супраць прызнаньня бел-чырвона-белага сьцяга экстрэмісцкім і за прызнаньне яго гісторыка-культурнай каштоўнасьцю.
У сакавіку сайт на кароткі час узламалі.
Адміністратараў сайту пасьля выбараў ня раз затрымлівалі і забіралі тэхніку, паведамляла каманда petitions.by.
Адметна, што акурат сёньня Натальля Качанава заявіла пра тое, што нельга фармальна ставіцца да зваротаў грамадзян. «Трэба ўмець слухаць і чуць людзей. Гэта вельмі важна», — цытуе Качанаву БелТА.
Change.org — міжнародная плятформа для збору подпісаў пад пэтыцыямі. Зь юрыдычнага гледзішча подпісы пад пэтыцыямі на change.org не абавязваюць беларускіх чыноўнікаў разглядаць зварот і даваць на яго адказ. Тым ня менш там таксама зьбіраліся подпісы пад гучнымі пэтыцыямі. Сёлета амаль 84 тысячы падпісантаў патрабавалі ад кіраўніцтва кампаніі Yara разарваць кантракт зь «Беларуськаліем».