«Мы пастаянна ацэньваем, ці можам мы станоўча паўплываць. Пакуль мы гэта бачым, мы будзем працягваць атрымліваць калій зь Беларусі», — заявіў Свайн Тур Гульсэтэр у інтэрвію агенцтву Reuters.
Раней кампанія Yara патрабавала ад кіраўніцтва прадпрыемства «Беларуськалій» спыніць рэпрэсіі супраць працоўных за ўдзел у забастоўках і акцыях пратэсту летась пасьля прэзыдэнцкіх выбраў.
Пры гэтым Свайн Тур Гульсэтэр дадаў, што Yara выконвае ўсе абмежаваньні, уведзеныя Эўразьвязам у дачыненьні да прадпрыемства «Беларуськалій».
Нарвэгія — ня сябра Эўразьвязу, але яна заявіла аб далучэньні да санкцый, уведзеных Эўрапейскім Зьвязам супраць прадстаўнікоў улады і прадпрыемстваў Беларусі.
24 чэрвеня ЭЗ увёў сэктаральныя санкцыі ў дачыненьні да ўладаў Беларусі. Сярод іншага, яны закранулі сфэру вытворчасьці калійных угнаеньняў. Гэта значыць, краіны ЭЗ уводзяць абмежаваньні на імпарт калійных угнаеньняў зь Беларусі.
Летась Беларусь прадала ў краіны ЭЗ калійных угнаеньняў на 195,7 мільёна даляраў. Гэта 8% ад усяго экспарту гэтай прадукцыі ў грашовым вымярэньні.
Найбольш калійных угнаеньняў з краін ЭЗ летась у Беларусі набыла Нарвэгія — на 74,1 мільёна даляраў, на другім месцы Польшча — на 71,5 мільёна даляраў, таксама калійныя ўгнаеньні набывала Літва (6 мільёнаў даляраў), Латвія (2,7 мільёна даляраў).
За мінулы год Беларусь прадала калійных угнаеньняў на 2,4 мільярда даляраў. Асноўныя пакупнікі:
- Бразылія (522 мільёны даляраў за год)
- Кітай (320 мільёнаў даляраў)
- Індыя (290 мільёнаў даляраў)
- Інданэзія (139 мільёнаў даляраў)
Беларуская калійная кампанія — трэйдэр «Беларуськалію» — скончыла мінулы год з чыстым прыбыткам 580 тысяч рублёў, год таму было 625 тысяч.
Па кароткатэрміновых абавязаньнях Беларуская калійная кампанія вінная больш за 1 мільярд рублёў, за год доўг вырас амаль на 200 мільёнаў рублёў. Па доўгатэрміновых крэдытах кампанія вінная 16,9 мільёна рублёў.
Хто заклікаў Yara спыніць кантракт зь «Беларуськаліем»
Раней Народнага антыкрызіснага кіраваньня Павал Латушка зьвярнуўся да нарвэскіх уладаў, каб яны запатрабавалі ад кампаніі Yara разарваць кантракт зь «Беларуськаліем».
Латушка лічыць, што працягваць супрацоўніцтва зь «Беларуськаліем» можна толькі ў тым выпадку, калі ўлады спыняць рэпрэсіі і пакараюць вінаватых у іх, вызваляць палітвязьняў і прызначаць новыя свабодныя выбары.
Пэтыцыю да кіраўніцтва кампаніі Yara з патрабаваньнем разарваць кантракт зь «Беларуськаліем» падпісалі больш за 83 тысячы чалавек.
Кіраўніцтва «Беларуськалію» заявіла, што гатова працягваць узаемадзеяньне з Yara International, зьняць дысцыплінарныя спагнаньні з работнікаў, а звольненых раней — прыняць назад.
У адказ страйкам «Беларуськалію» заявіў, што аднаўленьне кантрактаў магчымае толькі ў выпадку выкананьня ранейшых патрабаваньняў:
- спыненьне перасьледу за грамадзянскую пазыцыю,
- вызваленьне палітвязьняў і ўдзельнікаў мірных пратэстаў,
- пачатак крымінальных спраў у дачыненьні да сілавікоў,
- прыцягненьне Аляксандра Лукашэнкі і Лідзіі Ярмошынай да адказнасьці за фальсыфікацыю выбараў.
Страйкам заклікаў кампанію Yara разарваць кантракт зь «Беларуськаліем».