— Спадырыня амбасадарка, дзякуй за згоду паразмаўляць з Радыё Свабода напярэдадні першай гадавіны самых незвычайных выбараў у гісторыі незалежнай Беларусі. Якія, на вашу думку, найбольш значныя высновы гэтага году для Беларусі і для амэрыканскай дыпляматыі?
— Дзякую! Я сапраўды вельмі рада быць сёньня на Радыё Свабода, дзякую за пытаньне. Гэтая гадавіна сапраўды вельмі важная. Падзеі 9 жніўня 2020 году — гістарычныя, яны ўяўляюць сабой паваротны пункт для Беларусі ў тым сэнсе, што людзі імкнуліся быць пачутымі, і мы прызнаéм гэта ў Вашынгтоне. Прызнаéм, што падзеі мінулага лета былі паваротным пунктам. Сіла руху, які ўзьнік мінулым летам, руху, які заклікáў да адказнасьці ўладаў, да таго, каб паважалася воля народу — гэта было недапушчальна, непрымальна для рэжыму. І таму на працягу ўсёй кампаніі, у дзень выбараў і пасьля выбараў была такая рэакцыя ўладаў, рэжыму з мэтай змусіць тыя галасы замаўчаць.Так што мы прызнаем 9 жніўня як неверагодна знамянальную падзею для Беларусі, якая сапраўды сьведчыць пра зьмену настрояў, пра намаганьне людзей Беларусі быць пачутымі, калі вырашаецца іх будучыня.
— ЗША, як і многія іншыя дэмакратычныя краіны Захаду, не прызналі вынікі прэзыдэнцкіх выбараў. Вам нават не дазваляюць уехаць у Беларусь. Чаму б у такім выпадку не ўручыць свае паўнамоцтвы Сьвятлане Ціханоўскай?
— Дзякую. Пытаньне аб уручэньні даверчых лістоў — гэта фармальны прававы акт. Што, на маю думку, сапраўды важна прызнаць, дык гэта перадусім тое, як Сьвятлана Ціханоўская сама вызначае сябе і сваю каманду. Мы бачым яе асобай, якая ўзначальвае гэты дэмакратычны рух, мы бачым яе голасам беларускага народу, мы бачым яе важным лідэрам Каардынацыйнай рады. Застаецца фактам, што, у сувязі з выбарамі мінулага лета мы ня ведаем, якім быў падлік галасоў. Таму мы ў Злучаных Штатах Амэрыкі, вядома ж, ня ў стане сказаць, хто быў пераможцам на выбарах. Да чаго мы заклікалі і будзем надалей заклікаць, дык гэта да дыялёгу з удзелам усіх бакоў, які прывядзе да новых выбараў пад эгідай АБСЭ і міжнародных назіральнікаў, якія мусяць адбыцца пасьля безумоўнага вызваленьня ўсіх палітычных вязьняў. І вынікам гэтага будзе абраньне новага легітымнага лідэра Беларусі, і мы зь нецярпеньнем гэтага чакаем.
— Шмат разоў казалася, што выхад зь цяперашняй сытуацыі — новыя прэзыдэнцкія выбары. Так кажа Ціханоўская, лідэры апазыцыі, Эўразьвяз, АБСЭ, ЗША. Што вы думаеце пра магчымасьць удзелу ў гэтых выбарах Аляксандра Лукашэнкі?
— Думаю, што ў прынцыпе гэта пытаньні, якія мусяць вырашацца ў тым дыялёгу, які прывёў бы да новых выбараў. Гэтыя пытаньні мусяць вырашаць беларусы. Безумоўнае вызваленьне палітычных вязьняў тут абсалютна прынцыповае. Важна памятаць: менавіта таму, што папулярнасьць кандыдатаў, якія выступалі супраць Лукашэнкі ў 2020 годзе, набірала сілу, Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ім у рэгістрацыі і яны не змаглі ўдзельнічаць у выбарах і былі або змушаныя да эміграцыі або затрыманыя, арыштаваныя і абвінавачаныя ў злачынствах. І іх галасы, іх погляды, погляды грамадзянаў, якія страцілі свабоду ў месяцы ад часу выбарчай кампаніі і выбараў мінулым летам, надзвычай важныя для вырашэньня такога пытаньня.
— Сьвятлана Ціханоўская мела гістарычную сустрэчу з прэзыдэнтам Байдэнам. Маглі б вы патлумачыць, у чым палягае значэньне такіх сустрэчаў, якія іх наступствы, каму адрасаванае іх пасланьне?
— Я цалкам з вамі згодная, гэта быў абсалютна гістарычны візыт і сапраўды гістарычная сустрэча. Візыт спадарыні Ціханоўскай у Вашынгтон быў сапраўды самым значным візытам беларускага лідэра ад 1993 году. Яе прыняў ня толькі прэзыдэнт Байдэн, але і дзяржаўны сакратар, і намесьніца дзяржсакратара ў палітычных пытаньнях у Дзярждэпартамэнце, і намесьніца дзяржсакратара ў пытаньнях дэмакратыі і правоў чалавека. Яе прыняла кіраўніца Агенцтва міжнароднага разьвіцьця. Гэтыя дыскусіі ва ўсіх сэнсах былі для нас нагодай пачуць сапраўдны голас зь Беларусі, голас асобы, якую глыбока закранулі падзеі мінулага лета, якая ўзяла на сябе задачу прасоўваньня дэмакратыі і вяршэнства закону, заплаціўшы высокую асабістую цану, і якая самаахвярна прыняла на сябе ролю лідэра, калі іншыя апынуліся ў зьняволеньні ў Беларусі. Тое, што яна мае расказаць пра несправядлівасьць, учыненую беларускаму народу ад часу мінулага лета, важна выслухаць непасрэдна. У гэтым была асаблівая важнасьць яе візыту. У яе была магчымасьць навязаць кантакт зь лідэрамі Кангрэсу — я таксама хацела б гэта падкрэсьліць як важны момант. Падчас усіх гэтых дыскусіяў мы разважалі над тым, як мы можам паўплываць на тое, што адбываецца сёньня ў Беларусі, як прывесьці да таго дыялёгу і новых выбараў. І яшчэ мы гаварылі пра тое, як Злучаныя Штаты і нашы партнэры ў Эўропе маглі б найлепей падтрымаць тых, хто дамагаецца вяршэнства закону і большай дэмакратыі ў Беларусі, каб галасы людзей былі пачутыя.
— Я хацеў бы вам задаць трохі паліталягічнае пытаньне — ці нават геапалітычнае. Ціханоўская і іншыя лідэры апазыцыі падчас сустрэчы зь дзяржсакратаром Блінкенам, іншымі палітыкамі падкрэсьліваюць, што крызіс у Беларусі ня мае геапалітычнага вымярэньня, гэта ня выбар паміж Масквой і Захадам. Аднак і Менск, і Масква робяць усё, каб гэтае пытаньне было менавіта геапалітычным. Скажыце, ці абмяркоўвалася пытаньне Беларусі на сустрэчы Байдэна і Пуціна ў Жэнэве?
— Дазвольце мне перанесьці гэтае пытаньне ў тую плоскасьць, у якой яго рэгулярна разглядае спадарыня Ціханоўская. Гэта значыць прызнаць, што па сутнасьці гаворка ідзе пра змаганьне народу Беларусі з дыктатарам, пра іх жаданьне, каб улада іх пачула і каб улада несла адказнасьць за свае дзеяньні. Гэта па сутнасьці пытаньне, якое стаіць перад Беларусьсю і беларусамі. І чым больш улада стараецца заглушыць гэтыя галасы, закрыць незалежныя СМІ, запалохаць праваабарончыя арганізацыі, актывістаў унутры Беларусі і за яе межамі, тым даўжэй працягваецца гэты палітычны крызіс. Прэзыдэнт Байдэн гаварыў пасьля сваёй сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Пуціным у Жэнэве пра тое, што Беларусь была сярод тэмаў перамоваў. Ня думаю, што я магу нешта дадаць да таго, што ўжо сказаў прэзыдэнт. Няма пытаньняў наконт таго, што адбываецца ў Беларусі. Будучыня Беларусі будзе мець уплыў на ўсіх яе суседзяў, у тым ліку на нашых партнэраў і саюзьнікаў у рэгіёне. Так што гэта па сутнасьці пытаньне пра Беларусь і гэта ўнутрыбеларускае пытаньне.
— Мы ведаем шмат пра санкцыі і пляны новых санкцый супраць рэжыму. Ці адбываецца паралельна дыпляматычны дыялёг, ці тлумачацца пазыцыі, ці выслухоўваюцца тлумачэньні афіцыйнага Менску?
— Я б прызнала — і думаю, важна тут унесьці яснасьць — мы з боку Злучаных Штатаў не разрывалі дыпляматычных дачыненьняў, дыпляматычны канал існуе і ён працуе. Але мы бачым, што дыпляматычныя размовы з рэжымам у Менску рэдка прыводзілі да ўзаемадзеяньня і рэакцыі. І мы выявілі, што мова ціску, мова такіх цьвёрдых інструмэнтаў, як санкцыі — вось што, як выглядае, мае найбольшы эфэкт у давядзеньні да беларускіх уладаў пазыцыі Захаду, у пратэсьце супраць гэтых міждзяржаўных рэпрэсіяў, у непрыманьні запалохваньня і пагроз, няздольнасьці Беларусі выконваць свае міжнародныя абавязаньні. Так што, пакуль рэжым будзе ігнараваць свае абавязаньні, мы будзем надалей шукаць дадатковых сродкаў ціску, каб уплываць на мэханізмы прыняцьця рашэньняў унутры Беларусі.
— Спадарыня амбасадарка, у вас адна з самых незвычайных дыпляматычных місій у сучаснай гісторыі. Ці прынялі б вы прызначэньне, калі б ведалі, як яно павернецца?
— Ваша праўда, я сапраўды апынулася ў даволі незвычайнай сытуацыі. Тым ня менш магчымасьць падтрымаць народ Беларусі, стаць побач зь ім, паспрыяць пашырэньню амэрыканскіх каштоўнасьцяў, быць часткай каманды прэзыдэнта Байдэна, дзяржсакратара Блінкена ў часе, калі ў Вашынгтоне як ніколі назіраецца адзінства ў гэтым пытаньні — усё гэта сапраўды выключная справа. Я заўсёды сьцьвярджала і сьцьвярджаю, што незалежна ад таго, дзе я працую над гэтымі праблемамі — з нашымі партнэрамі, са штабам Сьвятланы Ціханоўскай, зь сябрамі Каардынацыйнай рады ў Вільні, у Варшаве, з тымі, хто цяпер у Кіеве — мы будзем працягваць гэтыя намаганьні, і я прымаю гэты выклік, дзе б я ні была.
— Як ваша беларуская мова?
— У працэсе.
— Дзякуй.
Джулі Фішэр прызначылі амбасадаркай у Беларусі зь сьнежня 2020 году, аднак улады Беларусі не выдаюць ёй візы для ўезду ў краіну. Фішэр працуе зь Літвы.