Амбасадарка ЗША Джулі Фішэр у эфіры расейскага тэлеканалу «Дождь» пракамэнтавала заяву міністра абароны Віктара Хрэніна пра «неабвержныя доказы» датычнасьці ЗША да спробы перавароту ў Беларусі. Паводле Фішэр, «прасьцей вышукваць змовы за межамі Эўропы, чым ацаніць, што не працуе ва ўласнай краіне».
«Дыктатару, які ня хоча, каб хоць нейкія элемэнты ягонага кіраваньня ставіліся пад пытаньне, нашмат прасьцей глядзець за мяжу і вышукваць змовы, закулісныя інтрыгі ў сталіцах за межамі Эўропы, прасьцей паказваць у гэтым кірунку, чым сумленна ацаніць, што не працуе ва ўласнай краіне. Я таксама лічу, што гэта адлюстроўвае фундамэнтальны разрыў сувязі паміж гэтым дыктатарам і ягоным народам», — сказала Фішэр.
Яна дадала, што гэтыя абвінавачаньні ня дзіўныя, бо гэта знаёмая тактыка, якую бачылі ўжо ў мінулым.
«Шчыра скажу: калі б гэта не было так трагічна, гэта было б проста сьмешна, як мне здаецца. Але гэты правал рэжыму Лукашэнкі кожны дзень аказвае рэальны ўплыў на народ Беларусі. Таму гэта ня сьмешна, папраўдзе гэта трагічна», — адзначыла Фішэр.
Джулі Фішэр прызначылі паслом у Беларусі зь сьнежня 2020 году, аднак улады Беларусі не выдаюць ёй візы для ўезду ў краіну. Фішэр працуе зь Літвы.
Міністар абароны Віктар Хрэнін 23 чэрвеня заявіў, што падчас сумеснай апэрацыі спэцслужбаў Расеі і Беларусі ўдалося спыніць спробы дзяржаўнага перавароту «зь фізычнай ліквідацыяй кіраўніка беларускай дзяржавы і членаў ягонай сямʼі».
Паводле Хрэніна, «неабвержныя доказы» сьведчаць, што да гэтага датычныя амэрыканскія дзяржаўныя структуры, аднак ён не ўдакладніў, пра якія доказы гаворка.