Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС заявіла, што амбасадарка ЗША Джулі Фішэр пакуль ня мае дачыненьня да Беларусі


Анатоль Глаз, прэсавы сакратар МЗС.
Анатоль Глаз, прэсавы сакратар МЗС.

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз апублікаваў сваю рэакцыю на заяву Дзярждэпартамэнту, што амбасадарка ЗША Джулі Фішэр працягне падтрымліваць дэмакратычныя памкненьні беларускіх грамадзян за межамі краіны.

«Гэта зусім дакладна. Джулі Фішэр асабіста вольная падтрымліваць любыя законныя памкненьні любых грамадзян, хоць у Грэнляндыі або на Паўночным полюсе. Таму што ніякага афіцыйнага дачыненьня да Беларусі яна пакуль ня мае.

У адпаведнасьці з пунктам 1 артыкулу 13 Венскай канвэнцыі лічыцца, што кіраўнік прадстаўніцтва прыступіў да выкананьня сваіх функцый у дзяржаве знаходжаньня ці з моманту ўручэньня сваіх даверчых лістоў, ці з моманту паведамленьня аб сваім прыбыцьці і падачы завераных копій грамат.

Так што да завяршэньня акрэдытацыі Джулі Фішэр мае толькі гучны статус прызначанага амбасадара ЗША ў Беларусі, і тое выключна для ўнутраных мэтаў амэрыканскага боку. Ніякіх міжнародна-прававых падстаў для іншага тлумачэньня няма, роўна як і для таго, каб лічыць афіцыйнымі яе заявы альбо іншую дзейнасьць у дачыненьні да нашай краіны», — заявіў Анатоль Глаз.

У Беларусі з 2008 году не працуе амбасадар ЗША, ён быў адкліканы на патрабаваньне Менску пасьля ўвядзеньня эканамічных санкцый ЗША ў 2008 годзе, тады ж склад амбасады ЗША быў скарочаны з 35 да 5 дыпляматаў.

У ЗША яшчэ ранейшай адміністрацыяй у 2020-м прызначылі новага амбасадара ў Менску Джулі Фішэр, але ў Менск яна так і не прыехала. Пабывала ў сталіцах краін Эўразьвязу, сустракалася з прадстаўнікамі іх урадаў, а таксама са Сьвятланай Ціханоўскай. У інтэрвію тэлеканалу «Белсат» яна заявіла, што ёй не даюць беларускай візы для ўезду.

3 чэрвеня на брыфінгу ў Вашынтоне прэсавы сакратар Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Нэд Прайс паведаміў, што новыя абмежаваньні колькасьці дыпляматычнага і тэхнічнага пэрсаналу ў амэрыканскай амбасадзе ў Менску, уведзеныя беларускімі ўладамі, набываюць моц 13 чэрвеня.

Ён таксама дадаў, што сваю працу працягне і амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр.

«Амбасадарка Фішэр працягне падтрымліваць дэмакратычныя памкненьні беларускага народу, і яна будзе працягваць за межамі Беларусі ўзаемадзейнічаць зь лідэрамі дэмакратычнага руху, супрацоўнікамі сродкаў масавай інфармацыі, студэнтамі і іншымі чальцамі грамадзянскай супольнасьці, каб выказаць ім нашую падтрымку. Яна таксама будзе працягваць узаемадзейнічаць з нашымі саюзьнікамі і партнэрамі», — сказаў прэсавы сакратар Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША.

3 чэрвеня Міністэрства замежных спраў Беларусі абвясьціла пра меры ў адказ у сувязі з уступленьнем у сілу санкцыяў ЗША ў дачыненьні да некалькіх беларускіх прадпрыемстваў.

Паводле прэсавага сакратара МЗС Беларусі Анатоля Глаза, гэтыя меры ў адказ прадугледжваюць «скарачэньне дыпляматычнага і адміністрацыйна-тэхнічнага пэрсаналу амэрыканскай дыпмісіі, узмацненьне жорсткасьці візавых працэдур, абмежаваньне працы амэрыканскіх адмыслоўцаў у Беларусі, якія працуюць на часовай аснове».

Адклікана таксама рашэньне аб працы ў Беларусі Агенцтва ЗША па міжнародным разьвіцьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG