Аксана Шэлест — калега затрыманых у гэты дзень кіраўніцы некамэрцыйнай ініцыятывы «Лятучы ўнівэрсытэт» сацыёляга Тацяны Вадаласкай і філёзафа і мэтадоляга Ўладзімера Мацкевіча.
Пазьней Ягораў у сваім фэйсбуку паведаміў, што Шэлест адпусьцілі пад падпіску.
Быў затрыманы таксама экс-кіраўнік Беларускай нацыянальнай плятформы Форуму грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства і «ЭўраБеларусі» Ўлад Вялічка. Ва ўсіх траіх прайшлі ператрусы, якія, паводле папярэдняй інфармацыі, праводзілі супрацоўнікі КДБ.
Жонка Вялічкі паведаміла агенцтву БелаПАН, што ў пастанове пра ператрус фігуравала 17 артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Яе муж затрыманы ў якасьці падазраванага.
«Дакладна не вядома толькі пра Мацкевіча. Таня затрыманая, і яе павязуць на Акрэсьціна. Улад затрыманы пасьля ператрусу, нібыта ў статусе падазраванага», — сказаў Ягораў.
Ён адзначыў, што апошнія два з паловай гады Вялічка «адышоў ад грамадзкай дзейнасьці і займаецца кансалтынгам».
Як пазьней паведаміла «Эўрарадыё», Улада Вялічку выпусьцілі пад падпіску, допыты працягнуць пазьней.