Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асацыяцыя атлетаў ФРГ выказала падтрымку Крысьціне Ціманоўскай


Крысьціна Ціманоўская
Крысьціна Ціманоўская

Нямецкая асацыяцыя Athleten Deutschland e. V. заявіла, што спартоўцы Нямеччыны абураныя меркаванай спробай выкраданьня беларускай спартоўкі Крысьціны Ціманоўскай.

«Гэта стала шокавай кульмінацыяй сыстэматычнага перасьледу спартоўцаў беларускім рэжымам. Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў мінулым летам рэжым зрабіў мішэнямі шматлікіх спартоўцаў-апазыцыянэраў. Дзясяткі падобных выпадкаў былі задакумэнтаваныя і выкрытыя мужнымі намаганьнямі беларускага руху спартоўцаў БФСС».

Асацыяцыя падкрэсьлівае, што галоўным прыярытэтам зараз павінна быць абарона і бясьпека Крысьціны Ціманоўскай:

«Яе справа павінна быць старанна расьсьледаваная. Таксама варта разгледзець магчымыя кампэнсацыі за скасаваны ўдзел у спаборніцтвах на Гульнях. Мы дзякуем БФСС, МАК, японскім ўладам, UNHCR, а таксама міжнароднай супольнасьці за хуткае ўмяшаньне і падтрымку».

Максыміліян Кляйн, упаўнаважаны ў міжнароднай спартовай палітыцы, заявіў, што калі абвінавачваньні будуць даказаныя, МАК павінен тэрмінова разгледзець далейшыя санкцыі супраць уладаў Беларусі. У гэтым выпадку ідзецца таксама аб выключэньні беларускага рэжыму і адхіленьні беларускага НАК зь міжнароднай спартовай сыстэмы. Беларускія спартоўцы ў такім разе будуць стартаваць пад нэўтральным сьцягам і будуць абароненыя адпаведным чынам.

Прадстаўніwf МЗС ФРГ Марыя Адэбар у сувязі з інцыдэнтам зь Ціманоўскай заклікала Менск паважаць правы грамадзян.

«Мы заклікаем беларускія ўлады паважаць асноўныя правы грамадзян — такія, як свабода СМІ і думак», — сказала Адэбар журналістам у панядзелак. Паводле яе, гэта тычыцца «ўсіх грамадзян, у тым ліку спартоўцаў».

Ціманоўскую выключылі з алімпійскай каманды пасьля таго, як яна выступіла з крытыкай трэнэрскага складу ў сваім Instagram. Яе ўключылі ў эстафэту 4×400 мэтраў, хаця на Алімпіядзе Крысьціна рыхтавалася выступіць у бегу на 100 і 200 мэтраў. Ціманоўская заявіла, што ніколі ня бегала дыстанцыю, на якую яе без папярэджаньня выстаўляе трэнэрскі штаб.

Неўзабаве пачаліся пагрозы ад адміністрацыі каманды і галоўнага трэнэра зборнай у лёгкай атлетыцы Юрыя Маісевіча, і Крысьціна выдаліла відэа. Функцыянэры спачатку ігнаравалі пытаньні Ціманоўскай наконт удзелу ў няпрофільнай для яе эстафэце, куды атлетку ўключылі безь яе згоды, а затым пачалі пагражаць, заяўляючы, што рашэньне пра яе «выдаленьне з Алімпіяды» прынятае «на самым версе».

Спроба беларускіх спартовых чыноўнікаў сілай вывезьці Ціманоўскую зь Японіі ў Беларусь правалілася, Крысьціна раніцай 2 жніўня наведала польскую амбасаду ў Токіё, дзе ёй выдалі гуманітарную візу, паабяцаўшы спрыяць працягу кар’еры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG