Астапчук: «Увосень пачнецца зачыстка камандаў: грошай усё меней, злосьці ўсё болей»
Беларуская штурхальніца ядра Надзея Астапчук параўнала скандальную сытуацыю Ціманоўскай з савецкім часам, калі спартоўцаў фактычна пазбавілі права голасу, а парушальнікам ідэалягічных інструкцыяў нічога не заставался, як прасіць прытулку за мяжой. У іншым выпадку няўзгодненыя заявы маглі расцаніць як «здраду дзяржаве» з сумнымі наступствамі.
«Тое, што людзі ў ХХІ стагодзьдзі за свае выказваньні баяцца вярнуцца на радзіму, сьведчыць пра адно: сытуацыя ў дзяржаве агулам і ў спорце ў прыватнасьці нездаровая. І не зважаць на гэта ўжо ня ўдасца. Што да мэтадаў застрашэньня, пагрозаў, ультыматумаў, зноў жа, у нас трэнэрска-адміністратарскі склад у бальшыні сваёй перакачаваў з савецкіх часоў, таму бяздумна рэтрансьлюе рыторыку, якая льлецца з афіцыйных каналаў. Уласнай пазыцыі ў гэтых людзей папросту няма... Дэградацыя даўно пачалася, а ўвосень, мяркую, пачнецца зачыстка камандаў: грошай усё меней, злосьці ўсё болей».
Надзвычайная сытуацыя з Крысьцінай Ціманоўскай, а раней з рэпрэсіямі ў дачыненьні падпісантаў ліста спартоўцаў за сумленныя выбары і супраць гвалту прымушае да маштабнай рэарганізацыі беларускага спорту, працягвае Надзея Астапчук.
«Дастаткова азірнуцца на ланцужок у выпадку з Крысьцінай: усё пачалося з банальнай памылкі трэнэраў, супрацоўнікаў фэдэрацыі, якія праігнаравалі чарговасьць допінг-тэстаў. Панапрыдумлялі „левых“ сьпісаў з асноўным і рэзэрвовым складам, у якіх самі заблыталіся. Адсюль і праблемы — некампэтэнтнасьць людзей прывяла да міжнароднага скандалу. І нават калі здарыўся форс-мажор, ды здыміце тую эстафэту, яна ўжо бессэнсоўная. Але не: замест таго каб прызнаць праблему і выбачыцца, намагаюцца замяць, схаваць, замесьці пад дыванок. У выніку „выкруціліся“ такім чынам, што, не папярэдзіўшы саміх спартоўцаў, паціху заявілі на няпрофільны від».
Ды не на тую натрапілі, дадае Надзея Астапчук. Магчыма, бальшыня пакорліва выйшлі б на дадатковы старт, але Крысьціна Ціманоўская аказалася дзяўчынай з характарам.
«Кожны па-рознаму рэагуе, залежна ад псыхаэмацыйнага складу. Для Крысьціны такая самадзейнасьць была шокам. Рыхтавалася да сваіх дыстанцыяў, а калі грымнуў гром, зьвярнулася па тлумачэньні. І што атрымала ад куратараў? Поўны ігнор! Не адказалі, не супакоілі, не паразмаўлялі. Чалавек на ўзводзе запісаў відэа, пасьля чаго панеслася хваля, на якой трымаецца ўся дзяржаўная прапаганда — не разабраўшыся ў нюансах, пачалі „мачыць“. З дробязі разьдзьмулі праблему, дзяўчына спалохалася. Цяпер бачым жахлівыя наступствы. То бок у гэтым ланцужку кожны зрабіў памылку, якая прывяла да міжнароднага скандалу і паламанага лёсу маладога чалавека. Вымушаная матацца па аэрапортах з адным чамаданам, ня ведаючы, якая будучыня яе чакае».
Надзея Астапчук не сумняецца, што Міжнародны алімпійскі камітэт жорстка адрэагуе на нестандартную сытуацыю: спартоўца, які мае ліцэнзію, без аніякіх тлумачэньняў ня толькі зьнялі з спаборніцтваў, а спрабавалі гвалтам выправіць дадому. Прынамсі, падсумоўвае яна, парушаны спартовы прынцып удзелу ў алімпійскіх спаборніцтвах.
Шэршань: Не было ніякай надзвычайшчыны для «дэпартацыі»
Вядомы дзюдаіст Дзьмітры Шэршань у свой час пацярпеў за грамадзянскую пазыцыю. Удзельнік Алімпіяды-2016, прызэр чэмпіянатаў Эўропы трапіў пад прэс толькі за тое, што ня стаў раўнадушна назіраць за пасьлявыбарнымі падзеямі і падпісаў ліст свабодных спартоўцаў. Сьледам ягоны партрэт зьнік з «Залі славы» на сайце Беларускай фэдэрацыі барацьбы. Цяпер будуць намагацца выкрасьліць з ганаровых сьпісаў і наравістую бягуху, ня выключае ён.
«У наш час можна чакаць чаго заўгодна. Хоць, шчыра кажучы, не зусім зразумеў сутнасьць праблемы, якая выйшла аж на такі ўзровень. Бо каб своечасова спыніліся і разьвязалі пытаньне, ніякага скандалу і не было б. Яна ж ня бегала са сьцягам, не выкрыквала палітычных лёзунгаў. Так, публічна агучыла прэтэнзіі, але ці гэта падстава здымаць са стартаў? Усё можна было вырашыць зусім інакш. Незразумелая лёгіка паводзінаў кіраўніцтва, найгрубейшая памылка зь іхнага боку. Паўтаруся, не было нічога надзвычайнага, каб апусьціцца да „дэпартацыі“. Штучны скандал на пустым месцы», — лічыць суразмоўца.
Чыноўнікаў уводзіць у ступар любое выказваньне, дзе чуецца нават мінімальная крытыка, кажа з уласнага досьведу Дзьмітры Шэршань. І ўсё часьцей гэта даходзіць да абсурду.
«Крысьціна Ціманоўская не давала ніякіх інтэрвію, дзе крытыкавала б „палітыку партыі“, не ацэньвала падзеі ў краіне зь нейкага аднаго боку. Проста выказала незадаволенасьць канкрэтнымі працоўнымі момантамі. І тое, што пасьля гэтага пачалося, абсалютна невытлумачальная рэакцыя. Як кажуць, самі сабе прывезьлі праблему. Зрэшты, я заўсёды казаў: там сядзяць нашыя людзі, якія разгойдваюць сыстэму знутры», — кажа Дзьмітры Шэршань.
Ці мае ягоная гісторыя штосьці агульнае з наступствамі, якія цяпер вымушана разграбаць Крысьціна Ціманоўская?
«Думаю, аснова ўсё ж крыху іншая, — адказвае спартовец. — Я выказаў сваю думку наконт таго, што не прызнаю сфальсыфікаваныя выбары і асуджаю гвалт сілавікоў. Яна ж агучыла прэтэнзіі чыста тэхнічнага кшталту — яе прымусілі выступаць у дысцыпліне, у якой яна не спэцыяліст. Таму нагоды розныя. Але чым гэта ўрэшце скончыцца — трэба паглядзець. Бо падзеі імкліва раскручваюцца, можа здарыцца самае нечаканае. Прынамсі наўрад ці гісторыя абмяжуецца толькі скандалам, санкцыі супраць НАК — пытаньне часу. Тым больш прапаганда ўжо пачала яе запісваць ледзь не ў здраднікі, а гэта выразны сыгнал да дзеяньня. Але ў чым здрада, самі хоць разумеюць?».
Дзьмітрыя Шэршаня за ўласную пазыцыю пазбавілі месца ў зборнай, выправілі на службу ў памежныя войскі, адкуль ён звольніўся летась у кастрычніку. Ён амаль перакананы, што Крысьціне Ціманоўскай гучнае «разжалаваньне» ўжо таксама падрыхтаванае.