Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва пагражае Менску новымі эўрапейскімі санкцыямі яшчэ і за арганізацыю нелегальнай міграцыі


Плот на мяжы Літвы зь Беларусьсю
Плот на мяжы Літвы зь Беларусьсю

Літва заклікае Беларусь распачаць дзеяньні для вырашэньня міграцыйнага крызісу, у адваротным выпадку Літва падыме пытаньне аб новых санкцыях на ўзроўні Эўрапейскага Зьвязу, заявіў літоўскі міністар замежных спраў Габрыелюс Ландсбергіс.

«Калі Беларусь па-ранейшаму будзе заахвочваць кантрабанду людзей, Літва падыме ў Брусэлі пытаньне аб дадатковых санкцыях для Беларусі. Санкцыі за арганізацыю нелегальнай міграцыі для Беларусі цяпер ня ўведзеныя. Яны прапанаваныя, аднак пазбавяцца сэнсу, калі Менск спыніць гэтую дзейнасьць, якая парушае любыя міжнародныя нормы і пагадненьні», — гаворыцца ў перададзеным агенцтву BNS камэнтары кіраўніка МЗС Літвы.

Агенцтва ТАСС падало гэтую цытату пад загалоўкам «У Літве паабяцалі ня ўводзіць санкцыі супраць Беларусі, калі плынь мігрантаў спыняць». Многія расейскамоўныя сайты растыражавалі яго, не пазначыўшы, што Ландсбергіс мае на ўвазе толькі ўвядзеньне альбо неўвядзеньне новых санкцыяў менавіта за нелегальную міграцыю — за гэта супраць уладаў Беларусі яшчэ не прымалі захады. Пра рэвізію іншых санкцыяў — за парушэньні правоў чалавека, а таксама за прымусовую пасадку самалёта Ryanair — не ішлося.

Ландсбергіс падкрэсьліў, што Літва актуалізуе гэтае пытаньне ў Эўразьвязе, калі Беларусь не распачне ніякіх дзеяньняў.

Напярэдадні Ландсбергіс напісаў у Фэйсбуку, што ў сытуацыі міграцыйнага крызісу асабліва важная роля Эўразьвязу. «Галоўная задача, якую мы перадаём ведамствам ЭЗ, — вы павінны дапамагчы нам разбурыць сетку (дастаўкі нелегальных мігрантаў. — РС) і вярнуць людзей», — напісаў палітык.

  • Аляксандар Лукашэнка ў канцы траўня пасьля вострай міжнароднай рэакцыі на прымус да пасадкі пасажырскага самалёта Ryanair заявіў, што цяпер заходнія краіны будуць самастойна ажыцьцяўляць кантроль за наркатрафікам і незаконнай міграцыяй на мяжы з Беларусьсю. «Мы спынялі наркотыкі і мігрантаў — цяпер будзеце самі іх лавіць», — сказаў Лукашэнка.
  • З прычыны рэзкага росту мігрантаў зь Беларусі ўрад Літвы 9 ліпеня абвясьціў экстрэмальную сытуацыю дзяржаўнага маштабу. Літва пачала будаваць на мяжы з Беларусьсю плот з калючага дроту. Агульная працягласьць мяжы дзьвюх краін складае 678,8 км.
  • 21 ліпеня прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа падпісаў папраўкі, якія ўразаюць правы незаконных мігрантаў, аднак адзначыў, што правы тых, хто просіць прытулку, не павінны абмяжоўвацца больш за неабходны ўзровень, і заклікаў Сойм неўзабаве выправіць праблемы закону.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG