Хто такі Ўладзіслаў Кавалёў?
Найлепшы шахматыст Беларусі. Мае найвышэйшы рэйтынг сярод беларускіх шахматыстаў і 125-ю пазыцыю ў сьвеце паводле FIDE.
Летась у жніўні быў сярод першых падпісантаў ліста спартоўцаў за свабодныя выбары і супраць гвалту. Пасьля гэтага яго звольнілі з Рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі. Ён адмовіўся выступаць у чэмпіянаце краіны на знак пратэсту супраць парушэньня сваіх канстытуцыйных правоў.
Узімку зьехаў зь Беларусі.
Цяпер насупраць прозьвішча Ўладзіслава Кавалёва ў афіцыйным рэйтынг-лісьце пазначана FIDE (Міжнародная фэдэрацыя шахмат).
Уладзіслаў Кавалёў — сяміразовы чэмпіён і неаднаразовы прызэр Беларусі сярод моладзі рознага ўзросту. Удзельнік сусьветных шахматных алімпіяд у Стамбуле (2012), Тромсё (2014), Баку (2016) і Батумі (2018) у складзе зборнай Беларусі. Чэмпіён Беларусі ў 2016. Майстар спорту міжнароднага клясу. Стыпэндыят Прэзыдэнцкага спартовага клюбу (2009–2015).
«Падпісаць ліст свабодных спартсмэнаў не было спантанным рашэньнем»
Уладзіслаў кажа, што падпісаць ліст свабодных спартсмэнаў для яго не было спантанным рашэньнем. Спачатку выказваўся непублічна.
«Я быў дзеючым спартсмэнам, лідэрам зборнай, ды яшчэ і прызыўнога ўзросту. Таму рабіць рэзкія рухі на той момант было немагчыма. Я і так, у адрозьненьне ад іншых сяброў зборнай, некалькі разоў адмаўляўся ад удзелу ў праўладных мерапрыемствах, якія ладзіла Міністэрства спорту. Калі ўзьнікла пытаньне ўдзелу ў вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі, я спачатку не хацеў гуляць — зь некалькіх прычын: склад турніру быў слабы, і да таго яшчэ фэдэрацыя ўпершыню за ўсю гісторыю ня выдзеліла ніякага прызавога фонду. Які сэнс ва ўсім гэтым удзельнічаць? Некаторыя адмовіліся загадзя. Дый абстаноўка вакол была сумная: гвалт на вуліцах гораду працягваўся», — расказвае Ўладзіслаў.
Ён кажа, што бацькі ўгаварылі яго згуляць «у якасьці трэніроўкі» — маўляў, ён ужо амаль восем месяцаў не гуляў у «жывых» турнірах з прычыны пандэміі. На адкрыцьці чэмпіянату пасьля жараб’ёўкі яму ўручылі на подпіс дадатковае пагадненьне да кантракту. Тлумачыць, што зь некаторымі пунктамі пагадненьня ён аніяк ня мог пагадзіцца, бо яны «парушалі яго канстытуцыйныя правы». Падпісваць гэтае пагадненьне Ўладзіслаў адмовіўся.
«І адразу ж у адказ пасыпаліся фразы: „цябе звольняць“, „не працягнуць кантракт на наступны год“, „незаменных няма“, „іншых падрыхтуем“. Але нешта не зьявілася ў Беларусі ніводнага новага гросмайстра з таго часу, як я стаў ім у 2013 годзе. Амаль праз 8 гадоў я працягваю насіць ганаровае званьне „самы малады гросмайстар Беларусі“. Толькі ўявіце — яшчэ нядаўна мне сьпявалі дытырамбы, ганарыліся маімі посьпехамі, а цяпер, аказваецца, усё забыта, і я стаў непатрэбны. Трываць усе гэтыя зьнявагі і абразы я не хацеў. Таму адмовіўся ад удзелу ў чэмпіянаце на знак пратэсту і падпісаў ліст свабодных спартсмэнаў», — тлумачыць шахматыст.
Адразу ж гэтая навіна разьляцелася ў інтэрнэце. Уладзіслаў кажа, што не чакаў і не хацеў такога рэзанансу. Паводле ягоных словаў, праз пару дзён у Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі ў яго адбылася кароткая размова з дырэктарам. Агульны сэнс — або дырэктар звальняе шахматыста, або звальняюць яго самога.
«Ён папрасіў напісаць заяву па згодзе бакоў. І што калі наступіць „іншы час“ — чакаюць мяне назад», — удакладніў Уладзіслаў.
«Толькі пакінуўшы Беларусь, я здабыў псыхалягічны спакой»
Пасьля звальненьня з РЦАП Уладзіслаў даў некалькі інтэрвію. А ўжо празь некалькі тыдняў на атэстацыі нават не разглядалася ягоная кандыдатура ў асноўную зборную на наступны год. Нягледзячы на тое, што Ўладзіслаў быў адзіным у Беларусі гросмайстрам з рэйтынгам звыш 2600 і на той момант уваходзіў у топ-100 уладальнікаў сусьветнага рэйтынгу.
На той момант, кажа Ўладзіслаў, міжнародныя турніры так і не аднавіліся, а выехаць з краіны ўжо стала праблематычна. У той жа час рэпрэсіі толькі ўзмацняліся.
«Знаходзіцца ў Менску стала некамфортна і небясьпечна. Я не прымаў удзелу ў вулічных акцыях пратэсту. Але гледзячы на тое, як шмат людзей затрымлівалі ні за што, не хацеў выпрабоўваць лёс. Не было сэнсу заставацца ў Беларусі. Ніякіх прапаноў ад фэдэрацыі не паступала. Таму я вырашыў часова выехаць. Не было іншага выбару, як Расея, бо мая жонка — грамадзянка Расеі. І толькі пакінуўшы Беларусь, я здабыў псыхалягічны спакой», — кажа спартовец.
«Фэдэрацыя не адказала на маю заяву. Як быццам мяне не існуе!»
Уладзіслаў не рабіў спробаў зьмяніць фэдэрацыю. Тлумачыць гэта тым, што заўсёды хацеў выступаць за Беларусь. А для таго, каб прадстаўляць краіну, не абавязкова жыць там стала.
Спартовец згадвае, што некалькі месяцаў таму ўзьнікла сытуацыя, калі «ў нашых шахматных функцыянэраў быў шанец зрабіць крок насустрач пасьля звальненьня з РЦАП».
«FIDE прыняло рашэньне аб правядзеньні Кубку сьвету ў Сочы ў ліпені-жніўні. Раней на Кубак адбіраліся праз чэмпіянат Эўропы. Але з прычыны абмежаваньняў праз ковід афіцыйны чэмпіянат Эўропы не адбыўся ў прызначаны тэрмін. І яшчэ сёлета FIDE дало кожнай нацыянальнай фэдэрацыі па адным месцы на Кубку сьвету. Я пра гэта даведаўся выпадкова ад трэціх асоб і адразу ж напісаў заяву ў выканкам фэдэрацыі з просьбай даць гэтае месца мне на той падставе, што я зьяўляюся лідэрам нацыянальнага рэйтынгу зь вялікім адрывам. Прасіў улічыць і маю жыцьцёвую сытуацыю, што не магу прыняць удзел у афіцыйным адборы. Аднак у Беларусі ніякага афіцыйнага адбору да Кубку сьвету не праводзілася. Я спадзяваўся, што пытаньне вырашыцца на маю карысьць», — кажа Ўладзіслаў.
Ён кажа, што ў адказ атрымаў «адпіску», што на Кубак сьвету паедзе Кірыла Ступак, сябра зборнай, 10-ы нумар па рэйтынгу.
«Хачу заўважыць, што мацнейшыя гульцы краіны ня бралі ўдзелу ў гэтым турніры. Я зноў напісаў у фэдэрацыю з просьбай патлумачыць, на якой паставе мая заява не была разгледжана па правілах, і задаў пытаньне: ці мае намер фэдэрацыя супрацоўнічаць са мной нейкім чынам? На гэтую заяву я ўвогуле не атрымаў адказу. Як быццам мяне не існуе!»
Уладзіслаў кажа, што найбольш яго расчаравалі паводзіны некаторых людзей.
«Мяне не падтрымалі некаторыя людзі, на вачах якіх я вырас як шахматыст і як асоба. Зь якой пары я зрабіўся для іх чужым? Я разумею, што яны працуюць у дзяржаўнай сыстэме. Але можна было па-чалавечы пагаварыць са мной асабіста, патлумачыць сытуацыю. Гэтага не адбылося. Прасьцей прыкрывацца так званым „спартыўным прынцыпам“ і „ніякай палітыкі“. Ці гэта было зроблена адмыслова — стварыць для мяне непрымальныя ўмовы, каб была нагода пазбавіцца ад таго, хто „не даспадобы“, і вызваліць месца для чарговага „свайго“?» — разважае шахматыст.
Тады Ўладзіслаў зьвярнуўся да прэзыдэнта FIDE Аркадзя Дварковіча. Ад яго ён атрымаў станоўчы адказ на пытаньне прадстаўленьня права ўдзелу ў Кубку сьвету і «быў бязьмерна шчасьлівы».
«У гэты няпросты для шахмат час удзел у такім прэстыжным турніры — выдатная магчымасьць зноў нагадаць пра сябе. Дый фінансавы складнік тут, бясспрэчна, важны», — дадаў шахматыст.
«На Кубку сьвету дайшоў да чацьвёртага круга, што не ўдавалася ніводнаму беларускаму шахматысту»
Уладзіслаў кажа, што калі ягонае прозьвішча зьявілася ў сьпісах удзельнікаў Кубку сьвету ад Беларусі, доўгі час не было аніякай рэакцыі. Толькі пасьля на сайце Рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі аб удзельніках Кубку Ўладзіслава пазначылі як «сябра нацыянальнай каманды».
«Для мяне гэта стала адкрыцьцём. Як гэта разумець? Выкарыстоўваецца прыём падвойных стандартаў. Калі гаворка ідзе пра тое, каб што-кольвек зрабіць для мяне, для працягу маёй шахматнай кар’еры, — мяне не існуе. А калі я самастойна дабіўся права ўдзельнічаць у Кубку — тады да іх вяртаецца памяць. Якая крывадушнасьць! Таму я зьвярнуўся ў FIDE, каб мне дазволілі гуляць на Кубку сьвету пад сьцягам FIDE. Рашэньне было прынятае за некалькі дзён да пачатку турніру. Гэтая навіна хутка разьляцелася па сетках. І, здаецца, стала шокам для многіх да такой ступені, што перасталі пісаць любую інфармацыю ня толькі пра мяне, але і агулам пра Кубак сьвету. Нават пра „свайго“ прадстаўніка не напісалі, які прайграў у першым кругу і выбыў», — зазначыў спартовец.
Ён лічыць, што чыноўнікі ад спорту проста ня ведалі, як выкруціцца з гэтай сытуацыі. А Ўладзіслаў на Кубку сьвету дайшоў да чацьвёртага круга, чаго, паводле ягоных словаў, не ўдавалася ніводнаму беларускаму шахматысту.
«Здаецца, нават у трэцім кругу ніхто не гуляў», — удакладніў гросмайстар. Гэта посьпех, якім Уладзіслаў «бязьмерна ўсьцешаны».
«Недзе мне дапамагала ўдача, недзе давялося прымяняць свае байцоўскія якасьці, упартасьць і выносьлівасьць. На жаль, у чацьвёртым кругу сапраўднай барацьбы не адбылося. Я прайграў даволі хутка, што стала нечаканасьцю для мяне. Супернік быў больш сьвежы і падрыхтаваны. Я, мусіць, шмат сілаў аддаў на тай-брэйку ў другім кругу. Можа, стома, можа, адбілася доўгая адсутнасьць гульнявой практыкі і трэніровачнага працэсу. Бо да гэтага турніру я не гуляў амаль паўтара года, таму не было матывацыі сур’ёзна трэніравацца. Пра тое, што буду гуляць на Кубку сьвету, даведаўся літаральна за два тыдні да яго пачатку. Улічваючы ўсё гэта, вынік лічу выдатным. Я яго прысьвячаю свайму любімаму дзядулю Аляксандру Сямёнавічу Савічу, які сышоў ад нас у час турніру. Ён заўсёды ганарыўся маімі посьпехамі», — кажа Ўладзіслаў.
«Я не шкадую, што выступіў супраць улады. Я паступіў паводле сумленьня»
Цяпер Уладзіслаў зьбіраецца шукаць новую фэдэрацыю. Але дагэтуль ня можа сабе патлумачыць, як можна было адмовіцца ад пасьпяховага спартоўца.
Ён першым сярод беларускіх шахматыстаў пераадолеў плянку рэйтынгу 2700 у клясычных шахматах, у той пэрыяд уваходзіў у топ-40. Меў некалькі буйных перамог у прэстыжных турнірах. Згуляў амаль ва ўсіх кругавых супэртурнірах нароўні з сусьветнай шахматнай элітай.
«Я быў на ўздыме і верыў, што ўдасца прагрэсаваць і наблізіцца да эліты. Але ў адзіночку гэта зрабіць нерэальна. Для гэтага патрэбная каманда прафэсіяналаў. У Беларусі гэта аказалася нікому не патрэбна. Я мог бы, канечне, проста гуляць у асабістых турнірах, нічога не зьмяняючы. Але безь фінансавай падтрымкі гэта складана. Удзел у некаторых прыстойных турнірах — немалыя грошы. І ня факт, што ты кампэнсуеш прызавымі свае выдаткі на дарогу, пражываньне і харчаваньне. Таму, як правіла, у спартоўцаў высокага ўзроўню ёсьць падтрымка ці ад фэдэрацыі, ці часткова ад дзяржавы, ці асабістыя спонсары. Калі я быў у зборнай, то атрымліваў заробак як спартовец-інструктар (ён быў ніжэйшы, чым сярэдні па краіне), часткова РЦАП аплачваў удзел у міжнародных турнірах, а таксама была стыпэндыя ад Прэзыдэнцкага спартыўнага фонду. Пасьля звальненьня з асноўнага складу я страціў усё. Безумоўна, я быў бы рады, каб у мяне зьявілася нейкая спонсарская падтрымка, каб я мог працягнуць сваю шахматную карʼеру».
Але пра зробленае Ўладзіслаў не шкадуе.
«Я паступіў паводле сумленьня. Лепш так, чым быць залежным ад нечых амбіцый», — кажа ён і паўтарае, што хоча вярнуцца ў Беларусь.
«У Беларусь, дзе воля народу будзе вышэй за ўсё, дзе выконваюцца законы, дзе цэніцца сам чалавек, дзе людзі могуць гуляць спакойна па цэнтры гораду, не баючыся быць затрыманымі за адзеньне „няправільных колераў“, — кажа Ўладзіслаў. — Я веру, што рана ці позна гэта адбудзецца. Ня можа гэты абсурд цягнуцца так доўга! Шмат людзей пакутавала і працягвае пакутаваць. Я не разумею тых, хто падтрымлівае гэтую сваволю! А ў шахматным атачэньні ёсьць і такія людзі. Дарэчы, на Кубку сьвету мяне шчыра падтрымлівалі вельмі шмат людзей. Прыемна было чытаць вашы паведамленьні, дарагія заўзятары. Вялікая падзяка за цёплыя словы. Мне гэта дапамагала падчас турніру».
«Душой і сэрцам я заўсёды з роднай Беларусьсю»
Пасьля звальненьня са зборнай Уладзіслаў заснаваў сваю шахматную онлайн-школу. Кажа, што так атрымалася, што сабралася каманда трэнэраў — сяброў Уладзіслава, якія ў той ці іншай ступені пацярпелі ад дзеяньняў уладаў. Гэта іх аб’яднала. Трэнэрская праца Ўладзіславу спадабалася, ён атрымлівае ад яе задавальненьне і запрашае да заняткаў усіх ахвотных.
«Я яшчэ не сказаў свайго апошняга слова як гулец. Мне ўсяго 27 гадоў. Многія вядомыя шахматысты дасягаюць свайго максымуму бліжэй да 30 гадоў. Але гэта магчыма пры некаторых умовах, пра якія я казаў вышэй. Паглядзім, што будзе далей», — кажа шахматыст.
Ён кажа, што стараецца сачыць за падзеямі ў Беларусі.
«Цяпер у некаторых зацікаўленых колах часта ўжываюць фразу „спорт па-за палітыкай“. Лічу, што гэтай фразай зручна прыкрываць сваю баязьлівасьць. Мая гісторыя — яскравы прыклад гэтаму. Ды яшчэ знойдзецца шмат такіх гісторый у Беларусі. Таму хачу пажадаць свабодным спартоўцам удачы і цярпеньня! Вы ўсё робіце паводле сумленьня, народ з вамі. Мая магчымая зьмена фэдэрацыі ні ў якім разе не азначае, што я адмаўляюся ад Беларусі. Душой і сэрцам я заўсёды з роднай Беларусьсю. Проста зьмяню месца працы. Можна гэта расцэньваць і так. Спадзяюся, што беларусы будуць заўзець за мяне нават пад іншым сьцягам. Я думаю, гэта будзе сьцяг нейкай дэмакратычнай краіны, якая шчыра жадае дабра ўсяму беларускаму народу», — кажа Ўладзіслаў Кавалёў.