«На „Марш вызваленьня палітвязьняў“ ён пайшоў паводле сваіх унутраных перакананьняў, таму што лічыць, што людзей несправядліва, незаконна кідаюць у турмы», — кажа маці 21-гадовага палітвязьня Ігара Пражэньнікава.
Падчас восеньскага маршу дайшоў да Акрэсьціна і дацягнуўся да камэры відэаназіраньня на будынку ізалятара. Яму пагражае да 3 гадоў пазбаўленьня волі.
Маці палітзьняволенага расказвае пра справу сына і шукае дапамогі неабыякавых людзей.
Ігара Пражэньнікава затрымалі 4 кастрычніка каля будынку ЦІП — у нядзелю праходзіў «Марш вызваленьня палітвязьняў» і калёна пратэстоўцаў з «Пушкінскай» дайшла да турмы на Акрэсьціна. Празь дзень адбыўся суд, маладому чалавеку прысудзілі 13 дзён арышту паводле адміністрацыйнага артыкулу 23.34. Калі 17 кастрычніка сваякі з Магілёва прыехалі сустракаць Ігара пасьля адседкі, высьветлілася, што з ЦІП яго перавялі ў ІЧУ — праз падазрэньне ў злачынстве. Потым завялі крымінальную справу за «арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт. 342).
«У апазіцыйных арганізацыях ня быў»
Ігар родам з Магілёва, скончыў там каледж, атрымаў спэцыяльнасьць тэхніка-праграміста, два гады таму пераехаў у Менск з Магілёва. Апошнім часам працаваў на прыёме і апрацоўцы замоваў на піцу, расказвае маці Ігара Іна Пражэньнікава.
«Ні ў якіх апазыцыйных арганізацыях сын ня быў, ні на якія забароненыя тэлеграм-каналы ня быў падпісаны. Ён кандыдат у майстры спорту ў шахматах, 8 гадоў сур’ёзна займаўся хакеем у магілёўскай камандзе „Львы“.
На „Марш вызваленьня палітвязьняў“ ён пайшоў па сваіх унутраных перакананьнях: таму што лічыць, што людзей несправядліва, незаконна кідаюць у турмы» — кажа маці Ігара.
Крыху пазьней МУС апублікаваў відэа зь Ігарам Пражэньнікавым, на якім ён залазіць на плечы іншага хлопца і дакранаецца да камэры відэаназіраньня, што ўмацаваная на будынку ЦІП. Ігар на міліцэйскую камэру прызнаецца толькі ў тым, што ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мерапрыемстве.
За той марш 4 кастрычніка завялі 5 крымінальных спраў на маладых людзей, ніяк не зьвязаных паміж сабой і затрыманых у розных месцах. Адзін хлопец падставіў плечы Ігару каля Акрэсьціна. На Мікіту Ігнацюка «крыміналку» завялі за фота з дэтальлю вадамёта на праспэкце. Будаўніка Кірыла Паўлаўца, у якога двое малых дзяцей і жонка ў дэкрэце, падманам выцягнулі з кватэры і забралі пасьля маршу — нібыта ён «засьвяціўся» на відэакадрах у першым шэрагу пратэстоўцаў.
5 лістапада ўсіх пяцярых, якім перакваліфікавалі адміністрацыйную справу ў крымінальную, прызналі палітвязьнямі.
Перад Новым годам Кірыла Паўлаўца перавялі з Жодзіна на «Валадарку». Таму родныя падумалі, што неўзабаве пачнуцца суды, кажа маці Пражэньнікава спадарыня Іна. Аднак Паўлавец захварэў на каранавірус, камэра на карантыне, суды яшчэ не пачаліся.
«Я кантактую зь іншымі роднымі зьняволеных — на ўсіх ціснуць»
Іна Пражэньнікава сьцьвярджае, што і на яе, і на сына ціснуць. Жанчыну выклікалі ў Магілёўскі камітэт дзяржкантролю на гутарку.
«Мне там казалі: «Вы вельмі актыўная маці». Адказваю: «Так, я актыўная мама, хадзіла ў школу мыць вокны, дапамагала з рамонтам. Я па жыцьці актыўная. І за сына буду змагацца да апошняга. Цяпер я прашу дапамогі для сына — гэта законам забаронена? Не!
Я кантактую зь іншымі роднымі зьняволеных — на ўсіх ціснуць. Мне яшчэ крыху прасьцей, бо няма непаўналетніх дзяцей і я працую не ў дзяржаўнай установе.
Цісьне сьледчая і на мяне, і на сына. Ігару кажа: „Твая мама можа апынуцца побач з табой, бо актыўна падтрымлівае цябе“. Але я мама, як я магу не падтрымліваць сына?
Мяне яна таксама палохае: „Я падрыхтую вашаму сыну зону. Сушыце сухары, зьбірайце грошы, яны вам спатрэбяцца. Рыхтуйцеся да таго, што ваш сын будзе сядзець. І ніякага спатканьня з сынам — забудзьцеся“, — расказвае Іна Пражэньнікава.
Паводле слоў маці, сьледчая таксама пагражае перакваліфікаваць артыкул, паводле якога абвінавачваецца Ігар — з 342-га (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў) на больш жорсткі 293 (масавыя беспарадкі з гвалтам, супрацівам»).
«Сын цалкам усьведамляе, што сядзе. І псыхалягічна рыхтуе мяне да гэтага»
Іна Пражэньнікава ўважліва сочыць за судовымі працэсамі над удзельнікамі пратэстаў, вельмі ўражаная жорсткімі пакараньнямі, вялікімі тэрмінамі. Таму рэальна глядзіць на сытуацыю.
«На добрае я не разьлічваю. Сын у мяне таксама рэаліст, у аблоках не лунае. Ён цалкам усьведамляе, што сядзе. І рыхтуе псыхалягічна мяне да гэтага. Маё мацярынскае сэрца таксама падказвае, што пасадзяць.
Просіць: „Перадавайце чорнае адзеньне, бо туды, куды мяне адправяць, носяць усё чорнае“, а ў мяне проста сэрца крывёю абліваецца» — ня можа стрымаць сьлёз жанчына.
Ігар яшчэ ня ведае, што, калі яго пасадзілі, памерла бабуля. Маці вельмі перажывае за здароўе сына: Ігар перанёс апэрацыю на нырках, у яго гідранэфроз, яму нельга знаходзіцца ў халодным і вільготным памяшканьні.
«У камэры шмат людзей, вельмі холадна. Ён дзеліцца адзеньнем зь іншымі, просіць цёплыя шкарпэткі — я ўжо столькі іх перадала на „Валадарку“! Адвакатка кажа, што гэта адна з самых халодных камэр на „Валадарцы“. Да таго ж вельмі рэдка выводзяць на прагулкі.
Па лістах адчуваю, што Ігар сумуе. Піша, што не азлобіўся на людзей, што судзімасьць — гэта яшчэ не канец сьвету і што любая праблема павінна не ламаць чалавека, а загартоўваць. Праз адваката перадае: „Мама, ці ня ты мяне вучыла быць сумленным, правільным, гаварыць праўду? Я ня здраджу сабе, сваёй пазыцыі. Мне няма ў чым раскайвацца, бо я нічога кепскага не рабіў“», — кажа Іна Пражэньнікава.
Маці шукае дапамогі
Іна Пражэньнікава шукае дапамогі неабыякавых людзей, каб аплаціць паслугі адваката.
«Сын сядзіць у турме, а ў мяне пазыкі растуць: аплата адваката, перадачы. Фонды салідарнасьці патрабуюць дакумэнты аб крымінальнай справе, а хто мне іх дасьць? У адваката падпіска аб невыдаваньні. Сьледчая ніякіх дакумэнтаў у крымінальнай справе, натуральна, мне не пакажа — сьледзтва яшчэ не завершана. Атрымліваецца замкнутае кола. Хоць Ігара прызналі 5 лістапада палітзьняволеным, ніхто не дапамог з кастрычніка.
Адзін адвакат адмовіўся абараняць сына — баіцца страціць працу. Цяпер адвакат два-тры разы на тыдзень наведвае Ігара. Адзін дзень працы адваката каштуе 300 рублёў — для мяне гэта вялікія грошы», — кажа Іна Пражэньнікава.