«Сёньня беларусы маюць магчымасьць адзначыць ва ўкраінскай сталіцы, на сымбалічным месцы, сваё сьвята, якое Лукашэнка незаконна скасаваў, але беларуская апазыцыя адзначала яго, нягледзячы на рэпрэсіі», — сказала сустаршыня Руху салідарнасьці «Разам» Алена Талстая.
Словы падтрымкі і віншаваньняў беларусам выказалі прадстаўнікі некалькіх украінскіх партый, у тым ліку «Голасу», «Свабоды» і Народнага руху Ўкраіны.
«Вашай дзяржаўнасьці ня 30 гадоў, вы маеце глыбокую тысячагадовую гісторыю дзяржаўнасьці, на працягу якой беларусы і ўкраінцы былі разам. Дзяржаўнасьць заўсёды тапіла Масква. Яна і сёньня намагаецца забраць вашу ідэнтычнасьць праз дыктатара Лукашэнку, але я веру, што наступную гадавіну мы будзем адзначаць у Менску», — заявіў прадстаўнік партыі «Свабода» Юры Сірацюк.
«Мы разумеем, што там, у Менску, вырашаецца лёс Украіны, бо калі Беларусь страціць незалежнасьць і ня будзе дзяржавай беларускай нацыі, дзе ня будзе панаваць беларуская мова, культура і звычаі, то і Ўкраіне будзе цяжка ўтрымацца», — дадаў палітык.
Сьвяткаваньне адбывалася ў сымбалічным для ўкраінцаў месцы — у парку імя Тараса Шаўчэнкі. Ён разьмяшчаецца насупраць адной з найстарэйшых навучальных устаноў — Кіеўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту імя Тараса Шаўчэнкі. У гэтым парку здаўна адбываюцца значныя падзеі, зьвязаныя зь незалежнасьцю Ўкраіны, а таксама большасьць сацыяльна-палітычных акцый салідарнасьці, арганізаваных партыямі, грамадзкімі арганізацыямі і ўкраінскім студэнцтвам.
Веча і канцэрт вёў вядомы беларускі тэлевядоўца і актор Дзяніс Дудзінскі, які год таму выступіў супраць гвалту над удзельнікамі акцый пратэсту, а пазьней зьехаў зь Беларусі. Цяпер ён займаецца працэсам легалізацыі ва Ўкраіне і працягвае сваю прафэсійную дзейнасьць у міжнароднай кампаніі.
«Мы прыглядаемся, знаёмімся, асвойваемся, працуем», — сказаў Дзяніс Дудзінскі Свабодзе. Кажа, што не шкадуе аб тых зьменах, якія адбыліся ў ягоным жыцьці пасьля выбараў у 2020 годзе і ягонага выступу супраць гвалту над удзельнікамі акцый пратэсту. «Я нават не задумваюся аб гэтым. Я гэта зрабіў бы зноўку, зрабіў бы зараз, заўтра ці пасьлязаўтра».
Вядоўца лічыць, што дэклярацыя аб сувэрэнітэце стала першым крокам да незалежнасьці Беларусі. «Для мяне дзень ухваленьня дэклярацыі — гэта гістарычны факт. Таму ня варта ад яго адмаўляцца».
У канцэрце ўзялі ўдзел народны артыст Украіны Кірыла Стэцэнка, лідэр вядомага ўкраінскага фолк-мэтал-гурту «Тінь Сонця» Сяргей Васілюк, вядомыя кабзары Сьвятаслаў Сіленка і Тарас Кампанічэнка, а таксама выканаўцы Арэст Крыса і Лэся Рой, беларускі бард Андрэй Касмовіч, беларуская сьпявачка з грузінскімі каранямі Ketevan.
На пляцоўцы кожны ахвочы мог напісаць ліст беларускім палітвязьням. Вэтэран Народнага руху Ўкраіны Валер Серада ўдзельнічаў у Менску ў Чарнобыльскім шляху ў 1989 годзе. Цяпер ён адмыслова прыйшоў сюды, каб выказаць беларусам салідарнасьць і падтрымку.
«Мы з вамі! Дарагія сябры, цярпеньне — і воля, і свабода прыйдзе», — напісаў ён на паштоўцы для беларускіх вязьняў.