Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтамэханік у Польшчы атрымлівае 1200 эўра, у Беларусі — 400. Параўноўваем заробкі


Рабочы фарбуе сьцяну ў колеры польскага сьцяга. Ілюстрацыйная выява
Рабочы фарбуе сьцяну ў колеры польскага сьцяга. Ілюстрацыйная выява

Мінімальны заробак у Польшчы — 616 эўра, а сярэдні за 2020 год — 1136,84 эўра. У Беларусі сярэдні налічаны заробак у чэрвені складаў 1433 рублі. Гэта каля 466 эўра. Як выглядае сытуацыя ў розных сфэрах?

Настаўнікі

Паводле парталу аналізу заробкаў, сярэдні заробак у настаўніка пачатковай школы ў Польшчы — 6872,5 злотага (1511,95 эўра). Сярэдні заробак у адукацыі ў Беларусі за травень гэтага году — 328 эўра.

На адным з сайтаў пошуку працы знаходзім вакансію выхавацеля ў прыватным дзіцячым садку ў Варшаве з заробкам 2500–3000 злотых (550–660 эўра) «чыстымі».

У Менску выхавацеля дзіцячага садка шукаюць на 202 эўра ў месяц.

Настаўнік дашкольнай адукацыі ў Кракаве атрымае 4200 злотых (924 эўра) да сплаты падаткаў.

У Горадні выхавацелю дзіцячага садка прапануюць тыя ж 202 эўра на месяц.

Настаўніку матэматыкі і фізыкі ў школе ў Познані прапануюць 3200–4100 злотых (704–902 эўра) «бруднымі».

Мэдыкі

Сярэдні заробак польскай мэдсястры — 7682,91 злотага (1690,24 эўра). Сярэдні заробак у галіне аховы здароўя ў Беларусі, паводле Белстату, — 426 эўра.

У прыватным цэнтры мэдсястры прапануюць 5000–6000 злотых (1100–1320 эўра) на месяц да сплаты падаткаў.

Заробак у мэдычнай сястры ў дзяржаўным шпіталі ў Беларусі — 251 эўра. У прыватным цэнтры ў Менску мэдсястры гатовыя плаціць 405 эўра.

А фэльчар-кіроўца ў дзяржаўнай бальніцы ў польскіх Кельцах атрымае ад 3000 злотых (660 эўра) да сплаты падаткаў.

Фэльчару ў беларускіх Докшыцах прапануюць 204 эўра на месяц.

Прадаўцы

Сярэдні заробак прадаўца ў Польшчы — 4601,4 злотага (1012,3 эўра). Сярэдні заробак у сфэры оптавага і розьнічнага гандлю ў Беларусі за травень — 408 эўра.

Прадаўцу-касіру ў супэрмаркеце ў польскім Баляслаўцы прапануюць 2800–3520 злотых (616–774,4 эўра) да сплаты падаткаў.

Прадавец-кансультант у мэблевай краме ў Варшаве зможа зарабіць 2600–5000 злотых (572–1100 эўра) «бруднымі».

А вось касір у Варшаве атрымае 3500–4500 злотых (770–990 эўра) да сплаты падаткаў.

Прадаўцу ў менскай краме «Віталюр» прапануюць да 370 эўра на месяц.

Прадаўцу ў Сьветлагорску абяцаюць 202 эўра на месяц.

Ратаўнікі/пажарныя

Сярэдні заробак пажарнага ў Польшчы — 7610,4 злотага (1674,3 эўра), ратаўніка — 3534,7 злотага (777,6 эўра). Ратаўніку ў Менску гатовыя плаціць 287 эўра на месяц. На працу гатовыя браць бяз досьведу.

Знаходзім вакансію ратавальніка на водах у Еленяй-Гуры — 6000 злотых (1320 эўра) да сплаты падаткаў.

ІТ-спэцыялісты

Сярэдні заробак айцішніка ў Польшчы — 8922 злотых (1962 эўра). Сярэдні заробак у ІТ у Беларусі, паводле падлікаў парталу dev.by, — 1618 эўра.

Знаходзім вакансію праграміста ў Познані з заробкам 5500–8000 злотых (1210–1760 эўра) «бруднымі». У Менску распрацоўшчыку прапануюць ад 1600 эўра да 2100.

А вось data-інжынэр атрымае ва Ўроцлаве ад 14 000 да 26 200 злотых (ад 3080 да 5764 эўра)

У Менску senior engineer можа атрымаць да 4300 эўра.

Кіроўцы

Сярэдні заробак кіроўцы ў Польшчы — 3391,75 злотага (746,2 эўра). Сярэдні заробак у сфэры грузавога транспарту ў Менску, паводле Белстату, — 490 эўра.

Кіроўца катэгорыі В у Сьвянтонішках атрымае 4800–5000 злотых (1056–1100 эўра) «бруднымі».

Кіроўца-міжнароднік у Беларусі можа атрымаць да 1520 эўра на месяц, гэта самая прыбытковая вакансія ў гэтай сфэры, якую знаходзім.

А вось з катэгорыяй С і Е ў Кельцах абяцаюць 9200–9500 злотых (2024–2090 эўра) да сплаты падаткаў.

За такія ж катэгорыі ў Гожуве-Велькапольскім дадуць 12 000–14 500 злотых (2640–3190 эўра) «бруднымі».

Паліцэйскія

Сярэдні заробак польскага паліцэйскага — 7901,75 злотага (1738 эўра). У Менску міліцыянэру абяцаюць ад 371 эўра.

Аўтамэханікі

Сярэдні заробак аўтамэханіка ў Польшчы — 5608,6 злотага (1233,9 эўра). У Беларусі ў сфэры оптавага і розьнічнага гандлю і ў рамонце аўтамабіляў сярэдні заробак — 408 эўра.

Аўтамэханіку на СТА ў Варшаве прапануюць 5000–8000 злотых (1100–1760 эўра) да сплаты падаткаў. Такі ж самы заробак абяцаюць і ва Ўроцлаве. Таксама ёсьць вакансія мэханіка з 4500–6500 злотых (990–1430 эўра) на рукі.

У Менску аўтамэханіку прапануюць да 439 эўра на месяц. Вакансія з самым высокім заробкам — 1698 эўра.

Электрыку-мэханіку заплацяць 3000–5000 злотых (660–1100 эўра) «бруднымі».

Інжынэры

Сярэдняя зарплата інжынэра ў Польшчы — 8881,9 злотага (1954 эўра).

У Кракаве інжынэру каналізацыі заплацяць 4800–8000 злотых (1056–1760 эўра) «бруднымі».

Інжынэр на будоўлі ў Сакалове-Падляскім атрымае 3500–7000 злотых (770–1540 эўра) да сплаты падаткаў.

Інжынэру-электратэхніку ў Варшаве абяцаюць 5000–6000 злотых (1100–1320 эўра) «бруднымі».

А вось інжынэр-кіраўнік на будоўлі ў Лешні атрымае 16 000–19 000 злотых (3520–4180 эўра) да сплаты падаткаў.

Інжынэру-электрыку ў Менску прапануюць 608 эўра на месяц.

Інжынэр-канструктар можа разьлічваць на 675 эўра, інжынэр-тэхноляг — на 405 эўра.

Прыбіральшчыкі

Сярэдні заробак польскага прыбіральшчыка — 3180 злотых (699 эўра).

Прыбіральшчыку ў Дзержанюве прапануюць 2800–3000 злотых (616–660 эўра) да сплаты падаткаў.

У Любліне амаль столькі ж — 2850 злотых (627 эўра) «бруднымі».

Прыбіральшчыку ў Менску прапануюць ад 200 да 330 эўра на месяц.

Будаўнікі

Паводле парталу аналізу заробкаў, сярэдні заробак будаўніка ў Польшчы складае 70 483 злотых у год, гэта 15 506 эўра (у месяц 5874 злотых, або 1292 эўра).

Таксама, паводле экспэртаў парталу, сярэдні заробак патэнцыйна можа вырасьці на 16% у бліжэйшыя 5 гадоў і складзе 1505 эўра ў месяц.

Сярэдні заробак у сфэры будаўніцтва ў Беларусі, паводле Белстату, — 487 эўра.

На вакансіі інжынэра-будаўніка (брыгадзіра) у Варшаве прапануюць зарплату 6000–8000 злотых, гэта 1320–1760 эўра.

А сталяру-будаўніку заплацяць ад 2869 да 3663 эўра.

У Гданьску мулярам, фасадчыкам, плітачнікам і цесьлярам прапануюць 3500–6000 злотых, гэта 770–1320 эўра зь бясплатным пражываньнем.

Вакансія будаўніка ёсьць і з заробкам 4500–8500 злотых — 990–1870 эўра брута (бяз выплаты ўнёскаў і падаткаў)

У Торуні, Улацлаўку, Інаўроцлаве, Шчэціне і іншых гарадах рознарабочаму прапануюць 3800–4500 злотых, гэта 836–990 эўра. Але неабходна плаціць за жытло — каля 60 эўра ў месяц.

На іншым рэсурсе знаходзім вакансію будаўніка ва Ўроцлаве з зарплатай 13 500–16 000 злотых, гэта 2970–3520 эўра брута.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG