Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўская паліцыя затрымала 8 чалавек, якія перашкаджалі разгортваньню намётавага мястэчка для мігрантаў


Мігранты на мяжы
Мігранты на мяжы

Наплыў мігрантаў з боку Беларусі не спыняецца. Паводле заяваў літоўскага боку, мігранты могуць гадзінамі быць у полі зроку беларускіх памежнікаў, але тыя ніяк не выконваюць сваіх абавязкаў у ахове мяжы.

За мінулыя содні ў Літве затрымалі 110 мігрантаў, якія незаконна перайшлі мяжу дзяржавы з боку Беларусі. Днём раней літоўскія памежнікі затрымалі 131 мігранта.

Як адзначае Дзяржаўнае бюро бясьпекі Літвы, іншаземцы «пасяляюцца на некалькі гадзін проста на мяжы зь беларускага боку і чакаюць. Нават пасьля шматлікіх паведамленьняў, атрыманых зь Літвы, прадстаўнікі суседняй краіны ня „бачаць“ іх і не рэагуюць на такіх мігрантаў».

Таксама фіксуюцца выпадкі, калі мігранты заўважаюць сачэньне літоўскіх памежнікаў, бесьперашкодна адступаюць углыб Беларусі, а затым вяртаюцца да мяжы зноўку, не сустракаючы ніякага супраціву памежных войскаў Беларусі.

93 чалавекі з затрыманых за дзень назваліся грамадзянамі Іраку. З 2839 мігрантаў, якіх сёлета затрымалі на мяжы зь Беларусьсю, 1724 заявілі, што яны іракцы, 191 — з Конга, 83 — з Расеі, 81 — з Ірану, 78 — з Гвінэі.

Літоўскае выданьне Delfi апублікавала відэа, на якім паказала, як памежнікі шукаюць мігрантаў на мяжы і затрымліваюць іх.

Колькасьць мігрантаў, якія прыйшлі зь беларускага боку і былі затрыманыя ў Літве, ужо ў 34,6 раза перавысіла леташні паказьнік.

Мігранты ўжо ладзілі бунты ў часовых месцах разьмяшчэньня, пачыналі закалоты, адмаўляліся прымаць ежу, патрабавалі дазволіць ім далейшы рух празь Літву ў краіны Заходняй Эўропы.

Вымагаючы апэратыўнага разьвязаньня праблемаў незаконнага перасячэньня мяжы, некаторыя грамадзяне Літвы пачалі пратэставаць супраць новых лягераў для мігрантаў у сваёй краіне. 26 ліпеня грамадзяне заблякавалі дарогу да палігону Руднікі у Салечніцкім раёне. Яны не давалі праехаць грузавіку з абсталяваньнем для намётавага мястэчка.

У выніку літоўская паліцыя затрымала і склала адміністрацыйныя пратаколы на 8 чалавек, паведаміла агенцтва BNS. Жывы плот зь людзей паліцыя разагнала сьлезацечным газам.

На мінулым тыдні хваляваньні адбыліся ў мястэчку Дзевянішкі — там мясцовыя жыхары выйшлі на пратэст і заявілі, што асьцерагаюцца нападаў мігрантаў на сваіх дзяцей. Колькасьць мігрантаў, затрыманых на мяжы і разьмешчаных побач у намётавым мястэчку, у тым месцы перавысіла колькасьць насельніцтва саміх Дзевянішак.

Улады Літвы неаднаразова абвінавачвалі ў міграцыйным крызісе афіцыйны Менск. На думку літоўскіх чыноўнікаў, Лукашэнка з падначаленымі ня толькі загадаў спыніць кантроль на мяжы, але і актыўна спрыяе наплыву мігрантаў, ладзячы ім пераезд з Іраку і іншых краін да межаў Эўразьвязу.

Спыніць наплыў мігрантаў Літве пакуль не дапамагло ні ўзмацненьне патруляваньня, ні перамовы аб дапамозе з NATO і Эўразьвязам, ні кілямэтры калючага дроту, расьцягнутага ўздоўж мяжы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG