Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскія памежнікі затрымалі яшчэ 131 мігранта. Лукашэнка заявіў, што кантраляваць мяжу будуць «настолькі, наколькі гэта выгадна»


Памежны слуп на беларуска-літоўскай мяжы
Памежны слуп на беларуска-літоўскай мяжы

Колькасьць мігрантаў, затрыманых на літоўска-беларускай мяжы, перавысіла леташнюю ў 16 разоў.

З раніцы 5-га па раніцу 6 ліпеня літоўскія памежнікі затрымалі 131 мігранта, якія незаконна перайшлі мяжу з боку Беларусі. Агульная колькасьць мігрантаў, затрыманых на літоўска-беларускай мяжы памежнікамі Літвы, вырасла да 1363 чалавек, што ў 16 разоў болей, чым летась.

За апошнія 24 гадзіны, акрамя грамадзян Іраку, сярод затрыманых было шмат мігрантаў з Конга, Камэруну і Гвінэі.

Значная частка затрыманых, як адзначае Дзяржаўнае бюро бясьпекі Літвы, імкнецца празь Літву ўехаць у краіны Заходняй Эўропы.

Напярэдадні прэзыдэнт Гітанас Наўседа заявіў, што «Літва адчувае беспрэцэдэнтны міграцыйны ціск і разьлічвае на дапамогу інстытутаў Эўразьвязу».

Наплыў мігрантаў зь беларускага боку працягваецца, нягледзячы на тое, што ад 2 ліпеня ў патруляваньні літоўскай мяжы мясцовым памежнікам дапамагаюць афіцэры Эўрапейскага агенцтва памежнай аховы Frontex. Акрамя іх, да памежных участкаў з тэрыторыяй Беларусі прыкамандзіравалі службовых асобаў іншых падразьдзяленьняў Службы аховы дзяржаўнай мяжы і выдзелілі на ахову пазачарговыя тэхнічныя рэсурсы.

6 ліпеня пра мігрантаў выказаўся Аляксандар Лукашэнка, піша БелТА. Ён заявіў, што Беларусь займалася і працягне займацца асноўнымі выклікамі на мяжы, змаганьнем з кантрабандай, але «будзе гэта рабіць настолькі, наколькі выгадна краіне».

Сёньня міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей пракамэнтаваў пачатак выхаду Беларусі з пагадненьня аб рэадмісіі з ЭЗ. Гэтае пагадненьне прадугледжвала абавязак Беларусі прымаць нелегальных мігрантаў, якія патрапілі празь Беларусі ў краіны ЭЗ і былі там затрыманыя.

«З улікам таго, што пасьля вядомых падзеяў мінулага году Эўразьвяз пайшоў на шэраг крокаў і спыніў фінансаваньне канкрэтных праектаў у рамках гэтага пагадненьня, то які сэнс нам удзельнічаць у гэтым пагадненьні? Мы тыя грошы, якія плянаваліся на ўладкаваньне памежнай інфраструктуры, рэалізацыю нейкіх іншых праектаў, зьвязаных з мабільнасьцю, павінныя будзем накіроўваць на ліквідацыю тых наступстваў, якія могуць мець месца ў Беларусі ў сувязі з уведзенымі санкцыямі. Гэта значыць, гэтыя грошы пойдуць на канкрэтных людзей, на народ, — сказаў Уладзімер Макей. — Чаму мы павінныя стрымліваць нейкіх зьбеглых мігрантаў, якія хочуць трапіць на той жа Захад у пошуках лепшага жыцьця толькі таму, што калісьці вядомыя краіны прынялі рашэньне ўчыніць там каляровыя рэвалюцыі ».

«Мы не зьбіраемся адымаць грошы ў народа і кідаць іх на непатрэбныя праекты, спрабуючы абараніць Захад, у той час як супраць нас робяцца адпаведныя санкцыйныя дзеяньні», — сказаў міністар замежных справаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG