Пра гэта заявіла намесьніца дзяржсакратара ЗША Вікторыя Нуланд. Падрабязнасьці пагадненьня абвесьцяць пазьней. Нуланд паведаміла толькі некаторыя зь іх.
Паводле слоў Нуланд, Вашынгтон і Бэрлін будуць дамагацца падаўжэньня дамовы пра транзыт расейскага газу праз Украіну на 10 гадоў. Тэрмін цяперашняга пагадненьня мінае ў 2024 годзе.
Нуланд адзначыла, што ЗША і Нямеччына будуць імкнуцца зьнізіць эканамічную залежнасьць Украіны ад транзыту і паставак расейскага газу. Акрамя таго, нямецкія ўлады будуць дамагацца санкцый у дачыненьні да Масквы, калі Расея будзе выкарыстоўваць энэргарэсурсы для ціску на іншыя краіны. Украіна атрымае ад Бэрліну і Вашынгтону фінансавую падтрымку на дывэрсыфікацыю крыніц энэргарэсурсаў.
Тым часам кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў, камэнтуючы дамову ЗША і Нямеччыны наконт «Паўночнага патоку — 2», сказаў, што «любая пагроза санкцый — новая, старая або бягучая — ня можа быць прымальнай, паколькі іх можа ўводзіць толькі Рада Бясьпекі ААН».
- Будаваць «Паўночны паток — 2» пачалі ў 2016 годзе. Чакалася, што газаправод увядуць у эксплюатацыю ў канцы 2019 году, але гэтага не адбылося. Класьці трубы перасталі ў сьнежні 2019 году больш як на год праз пагрозу санкцый ЗША.
- На пачатку 2021 году работу аднавілі расейскія судны. Яны, як і кампаніі-ўладальнікі, былі ўнесеныя Вашынгтонам у санкцыйны сьпіс. ЗША, аднак, ня сталі накладаць санкцыі на кампанію-апэратара «Паўночнага патоку — 2», заснаваную расейскім «Газпромам».
- Адміністрацыя ЗША падкрэсьлівала, што выступае супраць будаўніцтва газаправоду, лічачы яго пагрозай энэргетычнай бясьпецы ЭЗ і Ўкраіны. Наўзамен Вашынгтон раней прапаноўваў Эўропе ўласныя энэргарэсурсы.
- Пры гэтым Вашынгтон адзначаў, што перашкодзіць дабудове газаправоду праз санкцыі было б вельмі праблематычна. У прыватнасьці, санкцыі супраць нямецкіх кампаній, якія ўдзельнічаюць у будаўніцтве, маглі б закрануць супрацоўніцтва ЗША і Нямеччыны.