2 ліпеня Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі «спрабавалі падарваць расейскую вайсковую базу пад Вялейкай». Ён жа назваў некалькі прозьвішчаў затрыманых: Гулевіч, Ашурак, Глотаў, Гаспадароў.
Дзеяньні каардынаваліся нібыта праз тэлеграм-канал, які «адміністраваў грамадзянін Нямеччыны і грамадзянка Расеі». Гаворка вядзецца пра тэлеграм-канал «АГСБ» (Атрадаў грамадзянскай самаабароны Беларусі), які беларускія ўлады прызналі экстрэмісцкім.
За датычнасьць да «АГСБ» затрымалі дзясяткі беларусаў, некаторых ужо судзяць. У СІЗА знаходзіцца і грамадзянін Расеі Ягор Дуднікаў, які агучваў паведамленьні і відэаролікі ў канале і чаце. Аляксандар Лукашэнка назваў арышты «антытэрарыстычнай апэрацыяй».
Журналіст Алег Грузьдзіловіч, які выйшаў з ізалятара на Акрэсьціна 26 ліпеня, расказаў, што ў ізалятары знаходзіцца шмат фігурантаў справы аб «падрыве ў Вялейцы».
«Пад гэтую гісторыю забіраюць усіх, хто хоць нечым падазроны. Я сядзеў разам зь лекарам-анэстэзіёлягам, які проста займаўся калісьці пэйнтболам. Яго забралі з працы. Быў асьпірант БНТУ, які не займаўся тэхнічнымі справамі. Зараз застаўся ў маёй камэры яшчэ адзін чалавек, нічым зьвязаным з выбухоўкай ён не займаўся», — расказвае Алег Грузьдзіловіч.
Пры гэтым людзей, затрыманых па справе, адпускаюць. Паводле Алега Грузьдзіловіча, на волю выйшлі і лекар, і асьпірант БНТУ.
Пра дзясяткі затрыманых па «справе аб падрыве ў Вялейцы» расказаў і журналіст Андрэй Дынько, які выйшаў з ізалятара на Акрэсьціна.
«На Акрэсьціна я зразумеў, што там, у кожнай камэры па адным, сядзяць дзясяткі арыштаваных па справе аб „падрыве“ антэны Вялейскай РЛС Расеі. Між тым на момант майго затрыманьня СМІ зусім нічога ня ведалі пра гэтыя затрыманьні», — напісаў Андрэй Дынько.
Што за «вайсковая база» пад Вялейкай
43 вузел сувязі вайскова-марскога флёту Расеі знаходзіцца каля Вялейкі і забясьпечвае сувязь Галоўнага штабу Вайскова-марскога флёту Расеі з атамнымі падводнымі лодкамі ў раёнах Атлянтычнага, Ціхага і Індыйскага акіянаў. Пабудавалі гэтую базу ў 50-х гадах мінулага стагодзьдзя.
Статус аб’екта вызначае дамова ад 1995 году, якую працягваюць беларускі і расейскі бок.