Цяпер з выплатамі «ковідных» надбавак дзейнічае такое правіла: калі на працягу зьмены мэдпэрсанал кантактаваў з пацыентам з каранавіруснай інфэкцыяй, аплата ідзе за ўсю зьмену. Калі такіх зьменаў на працягу месяца было больш за 30%, аплата ідзе за ўвесь месяц.
З 1 жніўня Міністэрства аховы здароўя выключае з рэкамэндацый пункт аб ужываньні разьліку «траціна адпрацаваных гадзін і (або) зьменаў ва ўмовах інфэкцыі» для вызначэньня надбаўкі ў поўным аб’ёме за ўвесь адпрацаваны час. То бок надбаўку будуць плаціць не за ўвесь месяц, а калі набіраецца 30% працоўных зьменаў працы з COVID-19 — толькі за канкрэтныя зьмены, у якія мэдык працаваў з пацыентамі з COVID-19. Паводле ведамства, надбаўкі адкарэктавалі «з улікам наяўнай эпідэмічнага становішча, узроўню захворваньня і вакцынацыі работнікаў аховы здароўя».
У Міністэрстве аховы здароўя прыводзяць прыклад: лекар-тэрапэўт адпрацаваў за месяц 160 гадзін або 20 рабочых дзён. Зь іх на працягу 7 рабочых дзён (зьмена ў 8 гадзін), гэта значыць больш за траціну адпрацаванага часу ў месяц, і аказваў мэдыцынскую дапамогу пацыентам з COVID-19 на працягу 1-2 гадзін у дзень. «Ковідная» надбаўка з 1 жніўня будзе ў такім выпадку за 7 рабочых дзён ці за 56 гадзін (7 зьменаў памнажаем на 8 гадзін), а не за ўвесь адпрацаваны час (160 гадзін), як гэта было б цяпер.
У міністэрстве таксама ўдакладняюць, што вызначэньне і выплата «ковіднай» надбаўкі праводзіцца за працоўныя дні (або зьмены), асобна па кожным радку табэлю ўліку працоўнага часу — працы на асноўнай пасадзе, працы звыш нормы працоўнага часу, працы на ўмовах сумяшчальніцтва, падчас якіх адбыўся кантакт з пацыентам з дыягназам COVID-19, што пацьверджана першаснай мэдыцынскай дакумэнтацыяй.
У ведамстве таксама зьвярнулі ўвагу на тое, што кіраўнікам арганізацый аховы здароўя «неабходна працягнуць працу для рацыянальнай расстаноўкі кадраў і мінімізацыі (бяз шкоды для якасьці) работнікаў, якія прыцягваюцца да аказаньня мэдыцынскай дапамогі пацыентам з COVID-19».
Паводле Міністэрства аховы здароўя, на надбаўкі за працу з пацыентамі з COVID-19 сёлета накіравалі 589,4 мільёна рублёў са сродкаў кансалідаванага бюджэту. За травень 2021 году гэтыя выплаты атрымалі амаль 69 тысяч работнікаў аховы здароўя.