Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заўзеем за нашых! Беларускія «спартоўцы пратэсту» на Алімпіядзе ў Токіё (РАСКЛАД)


Беларускія «спартоўцы пратэсту», якія выступяць у Токіё
Беларускія «спартоўцы пратэсту», якія выступяць у Токіё

Сёньня ў Токіё стартуе цырымонія адкрыцьця шматпакутных летніх Алімпійскіх гульняў, праз пандэмію каранавірусу перанесеных яшчэ зь мінулага году. Свабода адабрала для вас расклад выступаў тых беларускіх алімпійцаў, хто летась не пабаяўся выступіць супраць гвалту і за новыя свабодныя выбары.

У першапачатковым сьпісе Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі было 96 атлетаў, затым ён павялічыўся яшчэ на паўтара дзясятка. Пасьля адмовы ехаць у Японію майстроў вялікага і малога тэнісу — Вікторыі Азаранкі і Ўладзімера Самсонава — канчатковая лічба зафіксавалася на адзнацы 108. У гэтым ліку і тыя, хто пацярпеў за сваю грамадзянскую пазыцыю і да апошняга ня меў пэўнасьці наконт месца ў нацыянальнай зборнай.

Нягледзячы на самую нешматлікую прысутнасьць на летніх Гульнях за ўсю гісторыю выступаў сувэрэннай камандай, Беларусь ужо стала безумоўнай адметнасьцю стракатага інтэрнацыяналу — бадай, упершыню пад адным краінавым дахам няма ідэйнага адзінства. Пунктам падзелу стала рэакцыя на леташнія пратэсты супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў і на далейшы гвалт сілавікоў.

Калі адны спартоўцы рашуча асудзілі падтасоўкі з падлікамі галасоў і беспадстаўную жорсткасьць праваахоўнікаў, іншыя публічна нахвальвалі тагачаснага прэзыдэнта НАК Лукашэнку за ваяўнічую рашучасьць.

Падставай да канчатковага расколу стаў ліст Свабоднага аб’яднаньня спартоўцаў з асуджэньнем гвалту, патрабаваньнямі сумленных выбараў і адстаўкі Лукашэнкі. Свае подпісы пакінулі больш за 2100 чалавек. Праўда, некаторыя пад ціскам чыноўнікаў пазыцыю памянялі, іншых выключылі са складу камандаў у відах спорту ці замянілі на ляяльных кандыдатаў.

Але сямёрка адважных — найперш бо незаменныя — усё ж атрымала магчымасьць парадаваць сваіх заўзятараў. Такім чынам, вось расклад выступаў «пратэставых» беларускіх атлетаў.

Паглядзець выяву ў вялікім памеры>>>
Паглядзець выяву ў вялікім памеры>>>

Карына Казлоўская

Каманда стралкоў з луку. Карына Казлоўская — першая зьлева
Каманда стралкоў з луку. Карына Казлоўская — першая зьлева

Стральба з лука, жанчыны

  • 23 ліпеня, пятніца — камандная кваліфікацыя (03:00 — тут і далей час беларускі)
  • 25 ліпеня, нядзеля — 1/8 фіналу (03:30), 1/4, 1/2 фінала і фінал (07:45)
  • 27 ліпеня, аўторак — індывідуальная праграма (03:30, 10:00)
  • 30 ліпеня, пятніца — 1/8 фіналу (03:30), 1/4, ½, фінал (10:00)

Карына Казлоўская — спартоўка-інструктарка нацыянальнай каманды ў стральбе з лука, адна з самых маладых падпісантак звароту супраць дзеяньняў беларускіх уладаў. Дарэчы, яе партнэркі па камандзе Карына Дзямінская і Ганна Марусава — падпісанткі праўладнага ліста за Лукашэнку.

Дзяўчыне нядаўна споўніўся 21 год. Пазалетась яна прадстаўляла Беларусь на ІІ Эўрапейскіх гульнях у Менску, заваяваўшы срэбны мэдаль у складзе жаночай каманды. У той жа год на Сусьветных вайсковых гульнях у кітайскім Ухані выйграла залатую ўзнагароду.

Акрамя згаданага ліста, Карына Казлоўская разам з плыўчыхай Аляксандрай Герасіменяй, штурхальніцай ядра Надзеяй Астапчук і шматборцам Андрэем Краўчанкам падпісала Мэмарандум у абарону сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі.

Дзьмітры Асанаў

Бокс, катэгорыя да 63 кг, мужчыны

  • 25 ліпеня, нядзеля — 1/16 фіналу (05:00)
  • 31 ліпеня, субота — 1/8 фіналу (05:00, 11:00)
  • 3 жніўня, аўторак — ¼ фіналу пры ўмове выхаду (05:00, 11:00)
  • 6 жніўня, пятніца — ½ фіналу пры ўмове выхаду (08:00)
  • 8 жніўня, нядзеля — фінал пры ўмове выхаду (08:00)

Дзьмітры Асанаў — адзін з самых пэрспэктыўных баксэраў у лёгкай вагавай катэгорыі, шматразовы чэмпіён Эўропы, прызэр чэмпіянату сьвету. Аляксандар Лукашэнка асабіста ўручаў яму пасьведчаньне заслужанага майстра спорту.

Аднак усё зьмянілася пасьля леташніх пратэстаў, калі ўраджэнец Маладэчна апынуўся ў ліку «спартовых экстрэмістаў» — імя баксэра стаіць пад № 2 у адкрытым лісьце з патрабаваньнямі да ўлады. За гэта Міністэрства спорту і Фэдэрацыя боксу не дазволілі яму дэбютаваць сярод прафэсіяналаў, а заробак зрэзалі амаль у 10 разоў.

Мінулым летам Дзьмітрыя Асанава прызналі пераможцам конкурсу «Найлепшы ў боксе», які ладзіць Міжнародная асацыяцыя боксу. Беларус стаў першым у катэгорыі «Эліта».

Яўген Цуркін

Яўген Цуркін і Аляксандра Герасіменя
Яўген Цуркін і Аляксандра Герасіменя

Плаваньне, мужчыны

  • 27 ліпеня, аўторак — 100 м вольным стылем, кваліфікацыя (13:00)
  • 28 ліпеня, серада — 1/2 фіналу (04:30)
  • 29 ліпеня, чацьвер — фінал (04:30)
  • 29 ліпеня, чацьвер — 100 м батэрфляем, кваліфікацыя (13:00)
  • 30 ліпеня, пятніца — 1/2 фіналу (04:30)
  • 30 ліпеня, пятніца — 50 м вольным стылем, кваліфікацыя (13:00)
  • 31 ліпеня, субота — ½ фіналу (04:30)
  • 31 ліпеня, субота — фінал 100 м батэрфляем (04:30)
  • 1 жніўня, нядзеля — фінал 50 м вольным стылем (04:30)

Яўген Цуркін — чэмпіён Эўропы, прызэр чэмпіянату сьвету, удзельнік Алімпійскіх гульняў 2012 і 2016 гадоў. Ягонае прозьвішча зьявілася пад лістом спартоўцаў за свабодныя выбары ў ліку апошніх, толькі на пачатку чэрвеня. Прычына — боязь за сям’ю.

Ягоная жонка — двухразовая алімпійская віцэ-чэмпіёнка ў плаваньні, кіраўніца Фонду спартовай салідарнасьці Аляксандра Герасіменя. Сьледчы камітэт абвясьціў яе ў вышук за «заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі з выкарыстаньнем інтэрнэту і СМІ» (ч. 3 арт. 361 КК). Яшчэ да таго з прычыны прэсінгу яна зьехала ў Літву.

Паводле Яўгена Цуркіна, падчас падпісаньня кантракту яму даслалі дадатковае пагадненьне, дзе адзін з пунктаў забараняў выказвацца ў СМІ без узгадненьня з працадаўцам. Плывец адказаў, што гэта парушае 33-ы артыкул Канстытуцыі, і адмовіўся ставіць подпіс.

Эльвіра Герман

Бег на 100 м з бар’ерамі, жанчыны

  • 31 ліпеня, субота — кваліфікацыйныя забегі (03:00)
  • 1 жніўня, нядзеля — 1/2 фіналу (13:00)
  • 2 жніўня, панядзелак — фінал (03:00)

Эльвіра Герман — уладальніца кантынэнтальных і сусьветных тытулаў у бар’ерным бегу спачатку ў моладзевых катэгорыях, а цяпер і сярод дарослых. Месца сярод удзельнікаў Алімпіяды зарэзэрвавала сабе яшчэ год таму.

Адрозна ад калегі Аліны Талай, якая раней актыўна заяўляла пра сябе ў культурніцкім жыцьці, але змаўчала наконт падзей у краіне, Эльвіру Герман фальсыфікацыя выбараў ды жорсткасьць сілавікоў абурылі.

Лёгкаатлетка аказалася ў першай абойме тых, хто падпісаў ліст супраць беззаконьня. А калі пачаўся шантаж з боку функцыянэраў, заявіла, што зьедзе выступаць за іншую краіну, калі ад яе будуць патрабаваць памяняць пазыцыю. Толькі тады дзяўчыну пакінулі ў спакоі. Тым больш на Токіё-2020 яна фігуруе як «мэдалёвае спадзяваньне».

Дар’я Барысевіч

Бег на 1500 мэтраў, жанчыны

  • 2 жніўня, панядзелак — кваліфікацыйныя забегі (03:00)
  • 4 жніўня, серада — 1/2 фіналу (12:30)
  • 6 жніўня, пятніца — фінал (13:50)

Дар’я Барысевіч — адна з найлепшых стаерак краіны, прызэрка чэмпіянату сьвету. Алімпійскую ліцэнзію заваявала яшчэ летась на этапе Брыльянтавай лігі. Але пасьля ліста свабодных спартоўцаў, падпісанага разам з мужам-хадаком Дзьмітрыем Дзюбіным, пачаўся прэсінг.

За «крамольны» подпіс мэтанакіравана шальмавалі, выехаць на замежныя зборы ўдалося толькі дзякуючы незалежнай падтрымцы. Летась у канцы лістапада скончыўся яе кантракт у Памежным камітэце, аўтаматычна яна страціла і месца ў нацыянальнай камандзе. Але з улікам несумненных заслуг (асабліва з пэрсанальным унёскам на вяртаньне лёгкаатлетычнай каманды ў Супэрлігу) усё ж рэабілітавалі — прынамсі на час Алімпіяды.

Яе муж Дзьмітры Дзюбін дзякуючы апэратыўнаму «пакаяньню» сур’ёзных санкцый пазьбег і таксама выправіўся ў Токіё.

Марыя Жодзік

Скачкі ў вышыню, жанчыны

  • 5 жніўня, чацьвер — кваліфікацыя (03:00)
  • 7 жніўня, субота — фінал (13:00)

Марыя Жодзік — пэрспэктыўная маладая скакуха ў вышыню, выхаванка Баранавіцкай школы алімпійскага рэзэрву № 2. Здолела адабрацца на Алімпіяду толькі ў чэрвені па выніках чэмпіянату Беларусі і з асабістым рэкордам (196 см) — ужо пасьля агучваньня папярэдняга сьпісу кандыдатаў на паездку.

Пасьля таго як НАК зацьвердзіў яе ў выніковым складзе дэлегацыі, у многіх аматараў лёгкай атлетыкі зьявілася яшчэ адна нагода сачыць за спаборніцтвамі — 22-гадовая Марыя Жодзік стала яшчэ адной прадстаўніцай Беларусі з подпісам за сумленныя выбары ў актыве.

Спробы націснуць на маладую спартоўку, каб зьмяніць пазыцыю, плёну не далі, і цяпер ідэйным антаганістам давядзецца адзін да аднаго неяк прыстасоўвацца.

Вольга Мазуронак

Маратон, жанчыны

  • 7 жніўня, субота (01:00)

Вольга Мазуронак — чэмпіёнка Эўропы ў маратонскім бегу, беларускае спадзяваньне ў самым цяжкім відзе лёгкай атлетыкі. Пры гэтым стала ахвярай уласнай пазыцыі, якую наверсе палічылі «здрадай».

Прыгразілі месцам у нацыянальнай камандзе, зьнялі прэзыдэнцкую стыпэндыю, адкамандзіравалі зь Мінспорту ў Мінабароны, а ўрэшце звольнілі і адтуль. «Кантрольным стрэлам» пазбавілі міжсэзоннага збору. У выніку Фонд спартовай салідарнасьці падтрымаў уганараваную лёгкаатлетку, арганізаваўшы ёй выезд у Турэччыну.

Як і ў трыё лучніц, у дуэце беларускіх маратонцаў таксама склалася цікавая сытуацыя. Другая ўдзельніца забегаў на звышдоўгія дыстанцыі Ніна Савіна — падпісантка праўладнага ліста, таму яе матэрыяльная і фінансавая падрыхтоўка была забясьпечаная ў поўным аб’ёме.

***

8 жніўня а 14-й гадзіне паводле беларускага часу заплянаванае ўрачыстае закрыцьцё Алімпійскіх гульняў у Токіё.

Найбольш пасьпяховымі для зборнай Беларусі былі Гульні 2000 году ў Сыднэі, дзе спартоўцы агулам здабылі 17 узнагародаў рознай вартасьці. Найгоршымі аказаліся папярэднія старты ў Рыё-дэ-Жанэйра, адкуль удалося прывезьці 9 мэдалёў, толькі адзін залаты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG