6 ліпеня Лукашэнка склікаў Савет міністраў, каб абмеркаваць адказы на санкцыі ЭЗ. Адна з прапаноў — абмежаваць продаж прадукцыі зь Нямеччыны ў Беларусі і не прапускаць нямецкую прадукцыю транзытам у Расею і Кітай.
Што Беларусь прадае ў Нямеччыну
За мінулы год Беларусь прадала ў Нямеччыну тавараў на 937,8 мільёна даляраў. Зь іх нафтапрадуктаў — на 375,5 тысячы даляраў, адкідаў і лому чорных мэталаў — на 463,9 тысячы даляраў, гранулаў і парашку з чорных мэталаў — на 1,2 мільёна даляраў, пруткоў са сталі — на 24,5 мільёна даляраў.
У Нямеччыне набываюць таксама прадукцыю зь беларускага дрэва. Летась Нямеччына набыла паліўнай драўніны зь Беларусі на 12,1 мільёна даляраў, драўнянага пілавіньня — на 4,5 мільёна даляраў, расьпілаваных лесаматэрыялаў — на 55,7 мільёна даляраў.
Таксама, згодна са зьвесткамі МЗС, Нямеччына набывае беларускую прадукцыю хімічнай вытворчасьці, будаўнічыя матэрыялы, прадукцыю сельскай гаспадаркі і харчовай прамысловасьці.
Што Беларусь набывае ў Нямеччыне
Згодна з сайтам МЗС, двухбаковы гандаль зь Нямеччынай «характарызуецца вялікім аб’ёмам інвэстыцыйнага імпарту» — гэта машыны, абсталяваньне, транспартныя сродкі.
Напрыклад, летась Беларусь набыла ў Нямеччыне рухавікоў унутранага згараньня на 3,1 мільёна даляраў, поршневых рухавікоў унутранага згараньня — на 29,3 мільёна даляраў, рухавікоў, якія выкарыстоўваюцца на транспартных сродках — на 24,6 мільёна даляраў.
Дэталі зь Нямеччыны Беларусь выкарыстоўвае ў вытворчасьці, пра што кажуць дадзеныя статыстыкі. Летась Беларусь набыла ў Нямеччыне частак чыгуначных і трамвайных лякаматываў на 18,5 мільёна даляраў.
І нават трактары Беларусь набывае ў Нямеччыне: летась іх набылі на 24,5 мільёна даляраў. Легкавых аўтамабіляў Беларусь летась набыла ў Нямеччыне на 18,4 мільёна даляраў, аўтамабіляў з электрычным рухавіком — на 1,1 мільёна даляраў, грузавых аўтамабіляў — на 7,5 мільёна даляраў.
А што з транзытам у Расею і Кітай
У 2020 годзе Беларусь экспартавала ў Нямеччыну паслуг на 490 мільёнаў даляраў, а імпартавала — на 154,8 мільёна даляраў.
Паводле старшага аналітыка «Альпары Эўразія» Вадзіма Іосуба, транзыт празь Беларусь у Расею і Кітай важны найперш для Беларусі.
«Любога кшталту забароны — гэта ўдар па беларускай эканоміцы, па валютнай выручцы. Беларускі напрамак важны і для Расеі, і для Кітаю з пункту гледжаньня лягістыкі. Для Кітаю празь Беларусь праходзіць новы ўчастак „шаўковага шляху“, які зьвязвае Эўропу і Кітай. Для Кітаю — гэта выключна важны напрамак», — кажа Вадзім Іосуб.