Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьняволеная журналістка Свабоды Іна Студзінская, якая абвясьціла галадоўку, дагэтуль ня бачыла адваката


Зьняволеныя з 16 ліпеня журналісты Свабоды Алесь Дашчынскі, Інэса Студзінская і Алег Грузьдзіловіч.
Зьняволеныя з 16 ліпеня журналісты Свабоды Алесь Дашчынскі, Інэса Студзінская і Алег Грузьдзіловіч.

21 ліпеня трое журналістаў Радыё Свабода Алег Грузьдзіловіч, Алесь Дашчынскі і Іна Студзінcкая застаюцца ў менскім ізалятары на Акрэсьціна. Толькі да аднаго зь іх, Алеся Дашчынскага, сёньня трапіў адвакат. Абвінавачаньні ім дагэтуль невядомыя. Допытаў не было.

Па стане на вечар 21 ліпеня журналістка Свабоды Іна Студзінскай ня бачыла свайго адваката, хоць дамова зь ім была падпісаная яшчэ 16 ліпеня, у дзень яе затрыманьня, і ўсе неабходныя дакумэнты былі апэратыўна перададзеныя ва ўпраўленьне Сьледчага камітэту па Менску. Адвакат дагэтуль ня ведае, паводле якога артыкула яе затрымалі, яшчэ не было ніводнага допыту.

Адвакат спадзяецца пабачыць Іну 22 ліпеня. Тады ж у турме на Акрэсьціна ў Менску прымаюць перадачы. Гэта адзіны на тыдні дзень для перадач.

20 ліпеня стала вядома, што Іна Студзінская абвясьціла галадоўку. Пра гэта Радыё Свабода паведаміла знаёмая Студзінскай, якая атрымала інфармацыю ад яе сукамэрніцы. Інфармацыі пра ход галадоўкі і стан здароўя Іны Студзінскай па стане на 18 гадзін 21 ліпеня няма.

Журналісты Свабоды Іна Студзінская, Алег Грузьдзіловіч і Алесь Дашчынскі знаходзяцца ў ізалятары УУС Менскага гарвыканкаму на завулку Акрэсьціна.

Толькі да Алеся Дашчынскага 21 ліпеня змагла трапіць адвакатка, сустрэча ў ізалятары доўжылася паўтары гадзіны. Падчас сустрэчы абмеркавалі абарону па справе, адвакатка патлумачыла Алесю палажэньні Крымінальнага і Крымінальна-працэсуальнага кодэксаў. Алесь папрасіў перадаць яму сродкі гігіены, адзеньне, ваду, вітаміны. Зь ягоных слоў, фізычны і псыхічны гвалт супраць яго не ўжываўся, зьнешніх прыкмет траўмаў на момант сустрэчы не было.

З Алегам Грузьдзіловічам ягоная адвакатка сустрэцца не змагла.

16 ліпеня пасьля ператрусаў за кратамі апынуліся журналісты Алег Грузьдзіловіч, Інэса Студзінская і Алесь Дашчынскі, якія шмат гадоў працавалі на Радыё Свабода, а летась былі пазбаўленыя акрэдытацыі МЗС Беларусі.

20 ліпеня супрацоўнік менскага ізалятара на завулку Акрэсьціна паведаміў родным, што Алега Грузьдзіловіча і Алеся Дашчынскага затрымалі на тэрмін да 10 дзён. У той жа дзень стала вядома, што Інэса Студзінская пачала галадоўку. Сваякам і калегам дагэтуль невядома, у чым абвінавачваюць журналістаў. У той жа дзень усіх траіх прызналі палітвязьнямі.

Справу вядзе ўпраўленьне Сьледчага камітэту па горадзе Менску. Кіраўнік Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Джэймі Флай зрабіў заяву з нагоды затрыманьня журналістаў:

«Арышт Алеся Дашчынскага з РСЭ / РС, як і арышты яго калег Алега Грузьдзіловіча, Іны Студзінскай і многіх іншых незалежных беларускіх журналістаў, зьяўляецца апошнім яркім сьведчаньнем адчаю Аляксандра Лукашэнкі. Гэтыя бесьперапынныя напады на журналістаў, якія служаць народу Беларусі, не схаваюць праўды аб тым, што адбываецца ў краіне. Алесь і яго калегі павінны быць неадкладна вызваленыя».

21 ліпеня суд адмовіўся адпусьціць журналіста «Белсату» Ігара Ільяша. Скаргу на яго затрыманьне разглядаў судзьдзя Партызанскага раёну Міхаіл Макарэвіч. Пра гэта @euroradio паведаміў брат журналіста. Ільяша затрымалі ў Менску 16 ліпеня. У чым яго падазраюць, невядома.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG