Тэлеканал «Белсат», спасылаючыся на словы адвакаткі, піша, што Ігар бадзёры і спакойны. У камэры ён сядзіць зь іншымі «палітычнымі», матрацаў і бялізны нікому не даюць.
Ільяш таксама сказаў, што лісты яму можна не дасылаць, бо ўсё роўна не дойдуць. Калегам ён прасіў перадаць:
«Працаваць, працаваць і працаваць у тры разы болей! Не спыняцца і не апускаць рук!»
Журналіста-дасьледчыка, мужа журналісткі «Белсату» Кацярыны Андрэевай, раней асуджанай на 2 гады пазбаўленьня волі за рэпартаж з акцыі пратэсту ў Менску, Ігара Ільяша затрымалі 16 ліпеня. У той дзень пад вартай апынуліся Алег Грузьдзіловіч, Алесь Дашчынскі, Інэса Студзінская — пазбаўленыя летась акрэдытацыі МЗС журналісты беларускай службы Радыё Свабода, а таксама журналістка «Белсату» Ганна Галёта. Усе яны да гэтага моманту за кратамі.