Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дасьледніца міграцыі:  беларускія памежнікі проста кажуць мігрантам «ня блытайцеся пад нагамі»


Мігранты, якіх затрымалі ў Літве пасьля перасячэньня імі беларуска-літоўскай мяжы
Мігранты, якіх затрымалі ў Літве пасьля перасячэньня імі беларуска-літоўскай мяжы

У апошнія дні паток мігрантаў, якія незаконна перасякаюць літоўскую мяжу з боку Беларусі, пайшоў на спад.

Гэтак лічыць Індрэ Макарайціце, кіраўніца бюро расьсьледаваньняў літоўскай тэлерадыёкампаніі LRT, якое нядаўна апублікавала расьсьледаваньне пра мігрантаў на беларуска-літоўскай мяжы. Паводле Макарайціце, паток зьменшыўся і праз чуткі сярод патэнцыйных мігрантаў у Іраку, Сырыі і Аўганістане пра далёка ня райскія ўмовы ўтрыманьня мігрантаў у Літве.

Індрэ Макарайціце дала інтэрвію расейскай службе Радыё Свабода.

— Калі пачаў расьці паток нелегальных мігрантаў зь Беларусі ў Літву?

— Калі паглядзець статыстыку, у красавіку і ў першай палове траўня мяжу пераходзілі некалькі дзясяткаў чалавек. Гэты лік рэзка вырас пасьля інцыдэнту з самалётам Ryanair у Менску, рост назіраўся пачынаючы з другой паловы траўня, увесь чэрвень і ліпень. Але і да пасадкі самалёта іх ужо было больш, чым у 2020 і 2019 гадах.

— Ці была праблема нелегальных мігрантаў актуальная для Літвы раней?

— Не. Раней нелегальных пераходаў мяжы фіксавалася каля 100 на год. Многія з гэтых людзей атрымалі статус уцекача.

— Чаму павелічэньне колькасьці нелегалаў нясе праблему для Літвы?

— Па-першае, мы ніколі раней не сутыкаліся з такім патокам. Па-другое, усе яны просяць палітычнага прытулку. Гэта значыць, што пачынаюцца доўгія працэдуры, і пакуль яны ня скончацца пазытыўным ці нэгатыўным адказам, такім людзям трэба даць жытло, неяк дапамагчы, даць грошы, інтэграваць іх. Нават у выпадку адмоўнага адказу яны могуць падаць апэляцыю, чакаць яшчэ і яшчэ.

Мы падлічылі, і экспэрты гэта пацьвердзілі, што агулам усе працэдуры могуць працягвацца каля году. У Літвы проста няма інфраструктуры, каб пасяліць усіх гэтых людзей. Цяпер іх амаль 2000. Яны павінны неяк жыць, ім трэба забясьпечыць месца для жытла, там ёсьць сем’і зь дзецьмі. Яшчэ адна праблема ў тым, што Літва — ня іхная мэта. Іхная мэта — Нямеччына, краіны Скандынавіі. Але паводле закону першая краіна Эўразьвязу на іхным шляху абавязаная зрабіць так, каб яны не пайшлі далей у ЭЗ. Калі іх зловяць у іншай краіне ЭЗ, паводле міжнародных дамоваў яны будуць вернутыя ў Літву, у Літве для іх гэта павінна скончыцца альбо наданьнем прытулку, альбо дэпартацыяй.

— Ці можа Літва дэпартаваць гэтых людзей назад у Беларусь?

— Гэта немагчыма, бо Лукашэнка сказаў, што дэнансуе дамову аб рэадмісіі з ЭЗ. Дэпартацыя магчымая толькі ў краіны, адкуль яны прыехалі. З гэтым ёсьць шмат праблемаў, бо простых рэйсаў зь Вільні ў Багдад або Тэгеран няма. Ёсьць рэйсы ў Стамбул, але працэдура дэпартацыі праз трэція краіны вельмі доўгая і цяжкая.

— Вам удалося прасачыць шлях мігрантаў аж да краін, адкуль яны ўцякаюць. Якія цікавыя дэталі схемы іх перапраўкі вы выявілі?

— Наш чалавек у Іраку гаварыў з праваднікамі і кантрабандыстамі, ён нават рабіў гэта онлайн так, каб мы маглі за гэтымі размовамі назіраць у «жывым эфіры». У Іраку тыя, хто хоча зьехаць, проста купляюць турыстычную паездку і атрымліваюць турыстычную візу ў Беларусь. У іракцаў гэта насамрэч вельмі папулярны маршрут, бо мала якія краіны наагул пускаюць іх да сябе з турыстычнымі мэтамі. Сярод іракцаў ёсьць забесьпечаныя людзі, якія карыстаюцца магчымасьцю, каб проста прыехаць у Беларусь адпачыць. Цікава, што аблягчэньне візавага рэжыму Беларусі з Іракам, дзякуючы якому візы на тэрмін да 15 дзён выдаюць амаль аўтаматычна, адбылося ўсяго 3–4 месяцы таму.

Тыя, хто хоча эміграваць з Іраку, проста купляюць пуцёўку ў Менск. Яны селяцца ў нармальных трохзоркавых і нават пяцізоркавых гатэлях — «Спадарожнік», «Юбілейная». Яны апавядаюць, што жывуць там 3–4 дні, пасьля чаго да іх прыяжджае ўжо беларускі праваднік, які вязе іх да мяжы і адпускае, паказваючы: «Эўропа — там». Гэтыя праваднікі кажуць мігрантам, што з другога боку іх будзе чакаць машына зь літоўскім ці нават курдзкім кіроўцам, якая адвязе іх адразу ў Нямеччыну. У пакет коштам 15 000 даляраў уваходзіць менавіта шлях з Курдыстану да Нямеччыны.

— Ці ўдалося вам знайсьці пацьверджаньне таго, што Беларусь на дзяржаўным узроўні ўцягнутая ў схему перапраўкі мігрантаў у Літву?

— На гэтае пытаньне адказаць і цяжка, і лёгка. З аднаго боку, мы разумеем, што ў Беларусі нічога падобнага ня можа адбывацца бязь ведама ўладаў. Калі мігранты сустракаюць беларускіх памежнікаў, тыя проста кажуць ім «ня блытайцеся пад нагамі».

Літоўскія ўлады кажуць, што беларускія памежнікі дапамагаюць мігрантам, але я не магу гаварыць пра гэта са 100% упэўненасьцю. Ад саміх мігрантаў мы ведаем толькі, што яны не замінаюць. Але мы выявілі іншую цікавую акалічнасьць: беларуская дзяржаўная турыстычная кампанія, якая зьяўляецца апэратарам гэтых турыстычных паездак з Іраку ў Беларусь, мае дамову з Іракам — пра тое, што кожны пакупнік пуцёўкі абавязаны пакінуць у Іраку заклад у 3–4 тысячы даляраў на выпадак невяртаньня зь Беларусі.

Калі чалавек не вяртаецца, то гэты заклад пералiчваюць у выглядзе штрафу беларускай дзяржаве празь беларускае консульства ў Багдадзе. Мы падлічылі, што паколькі ў Літве ўжо амаль 900 нелегальных мігрантаў з Іраку, то беларускі рэжым атрымаў ад гэтай схемы як мінімум 2 мільёны эўраў.

Цалкам чытаць інтэрвію тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG