Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 15 тысяч даляраў за паездку. Літоўскае расьсьледаваньне пра незаконную міграцыю празь Беларусь


Мігранты з Іраку ў літоўскім лягеры ўцекачоў, 11 ліпеня 2021, ілюстрацыйнае фота.
Мігранты з Іраку ў літоўскім лягеры ўцекачоў, 11 ліпеня 2021, ілюстрацыйнае фота.

Ад 6000 да 15 000 даляраў — столькі за паездку да літоўскай мяжы просяць «праваднікі», якія дапамагаюць мігрантам незаконна прабрацца ў Літву празь Беларусь.

Пра гэта гаворыцца ў расьсьледаваньні, якое апублікавала літоўскае выданьне LRT. «Праваднікі» абяцаюць, што па прыбыцьці ў Літву ня ўзьнікне праблем зь пералётам у іншыя краіны Эўразьвязу.

Паводле аддзелу расьсьледаваньняў LRT, рэжым Аляксандра Лукашэнкі зарабляе ня толькі на візах, пасяленьні ў гатэлях Менску, перавозках, але і на закладах, якія зьбіраюць зь мігрантаў ірацкія турыстычныя агенцтвы. Такі заклад для аднаго грамадзяніна Іраку, якая хоча ляцець у Беларусь, складае 3000 даляраў і застаецца ў кішэні рэжыму, калі чалавек ня вернецца ў Ірак.

LRT піша, што ў Менскім аэрапорце чакаюць чорныя мікрааўтобусы «Mercedes», якія дастаўляюць тых, хто прыляцеў з Іраку, у менскія гатэлі. Ад аднаго да чатырох дзён — у сталіцы Беларусі, а потым — грук у дзьверы гатэльнага нумара і ўказаньне зьбірацца: «Выяжджаем сёньня ўначы». Затым — 5–6-гадзінная паездка на аўтамабілі да мяжы зь Літвой. Указаньне пешшу ісьці празь лес, да плота, які, як сьцьвярджаюць, няцяжка пераадолець. І тут, у Літве, як кажуць, будзе чакаць аўтамабіль, які дапаможа зьехаць далей — у Заходнюю Эўропу.

Такую карціну паездкі малююць больш за дзесяць мігрантаў, якія захрасьлі ў Літве і зь якімі гутарылі журналісты LRT.

Як піша выданьне, штодня мігранты прыбываюць дзясяткамі і сотнямі, пасьля таго як Аляксандар Лукашэнка прыгразіў напоўніць Эўропу бежанцамі: курды з Іраку, Ірану, Турэччыны, па колькасьці іх даганяюць грамадзяне краін Афрыкі.

LRT з калегамі ў Іраку і Беларусі высьвятлялі схемы шляху мігрантаў празь Беларусь. Уладальнік ірацкага турапэратара «Smile Holiday for Travel and Tourism» Меер Сахебран (Meer Sahebqran), зь якім гутарыла LRT, сказаў, што ірацкія турысты спыняюцца толькі ў тых гатэлях, якія зацьвердзілі абодва ўрады — Беларусі і Іраку. Сярод прапанаваных гатэляў — ацэненыя трыма зорачкамі «Плянэта» і «Спадарожнік», чатырма зоркамі — «Minsk Hotel». І самыя дарагія — «Crown Plaza Minsk» і «Marriott Hotel». Акрамя гэтага, абедзьвюм краінам вядомыя ўсе людзі, якія прыляцелі з Іраку ў Менск.

Сахебран сказаў LRT, што магчымасьць атрымаць турыстычную візу ў Беларусь зьявілася ўсяго 3 ці 4 месяцы таму. І хоць такія візы даволі лёгкадаступныя, кожны, хто едзе ў Беларусь, павінен пакінуць заклад 3000 даляраў у якасьці гарантыі. Паводле Сахебрана, калі чалавек не вяртаецца, гэты заклад павінен быць выплачаны Беларусі як штраф.

«Гэта як штраф. Ты плаціш грошы кампаніі, якая арганізавала турыстычную групу. Ірацкай кампаніі, якая супрацоўнічае зь Беларусьсю. Пацьверджаньне павінна прыйсьці зь Беларусі: імя, гасьцініца, у якой ты спыніўся, працягласьць знаходжаньня ў Беларусі. Інфармацыю пацьвярджаюць арганізацыі ў Беларусі», — расказаў Сахебран.

Чытаць цалкам тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG