Арганізацыя інтэрнэт-маніторынгу NetBlocks паведаміла пра тое, што на Кубе ўлады блякуюць доступ да сацыяльных сетак, у прыватнасьці да папулярных сярод жыхароў краіны Facebook і WhatsApp, інфармуе агенцтва Reuters. На такія захады ўлады пайшлі пасьля найбуйнейшых за апошнія 30 гадоў пратэстаў.
Прэзыдэнт Кубы Мігель Дыяс-Канэль раней заклікаў прыхільнікаў камуністычнай улады выйсьці на вуліцу і «абараніць рэвалюцыю», а пратэсты назваў ініцыятывай «контрарэвалюцыйнай меншасьці». Міністар замежных спраў Бруна Радрыгес абвінаваціў у арганізацыі дэманстрацый «наймітаў, якія фінансуюцца ЗША».
Увечары панядзелка пратэсты ўспыхнулі ў паўднёвым прыгарадзе сталіцы Гаваны Гуінэры: адзін чалавек загінуў, а некалькі атрымалі траўмы, у тым ліку супрацоўнікі сілавых службаў. Агенцтва са спасылкай на відавочцаў беспарадкаў напісала пра заўважаныя ў прыгарадзе групы з драўлянымі палкамі. Актывісты заяўляюць, што ўрад выкарыстоўвае так званыя «брыгады хуткага рэагаваньня» — арганізаваныя ўрадам групы цывільных рэкрутаў для супрацьдзеяньня пратэстоўцам.
У панядзелак і аўторак у краіне блякавалі доступ да сацыяльных сетак, але затым доступ збольшага аднавіўся. Улады асьцерагаюцца, што пратэстоўцы выкарыстоўваюць інтэрнэт для каардынацыі акцый. Прадстаўнік Facebook Джо Озбарн ад імя кампаніі асудзіў штучныя перашкоды для працы інтэрнэт-злучэньняў. У Twitter паведамілі, што не зафіксавалі праблем са сваёй сеткай.
Агенцтва навінаў Кубы, якое фінансуецца ўрадам, заявіла, што пастарунак паліцыі ў прыгарадзе штурмавалі «асацыяльныя і крымінальныя элемэнты», якія нібыта мелі на мэце атакі на афіцыйных асобаў і руйнаваньне аб’ектаў інфраструктуры. Дзяржаўныя СМІ таксама паведамілі, што Рауль Кастра, які пакінуў пасаду кіраўніка Камуністычнай партыі Кубы ў красавіку, прысутнічаў на пасяджэньні палітычнага бюро, дзе разглядаліся «правакацыі».
Пры гэтым напярэдадні некаторых затрыманых маніфэстантаў вызвалілі з-пад варты.
Рэакцыя на кубінскія пратэсты з боку іншых дзяржаў Лацінскай Амэрыкі стала рознай. Прэзыдэнт Мэксыкі зьвінаваціў ЗША ў распальваньні хваляваньняў праз эмбарга, а палітычнае кіраўніцтва Чылі і Пэру афіцыйна заклікалі ўрад у Гаване дазволіць маніфэстацыі за дэмакратызацыю краіны.
ЗША выступаюць за дэмакратызацыю Кубы. Падчас перадвыбарчай кампаніі Джо Байдэн абяцаў вярнуцца да стратэгіі Барака Абамы, які часткова аднавіў гандлёва-эканамічныя адносіны з Кубай, перарваныя ў выніку эканамічнага эмбарга, уведзенага ў 1962 годзе. За прэзыдэнцтвам Дональда Трампа вялікая частка абмежаваньняў была адноўленая і Кубу вярнулі ў сьпіс краін – спонсараў тэрарызму. Пакуль забароны, уведзеныя Трампам, застаюцца ў сіле.