Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Кубе ўспыхнулі антыўрадавыя пратэсты. Апошні раз такое было 30 гадоў таму


Гавана, 11 ліпеня 2021
Гавана, 11 ліпеня 2021

У кубінскай сталіцы Гаване і шэрагу іншых гарадоў прайшлі шматтысячныя акцыі пратэсту супраць камуністычнага ўраду краіны, піша ВВС.

Удзельнікі акцый патрабавалі свабоды, дэмакратыі і больш рашучых дзеяньняў уладаў у барацьбе з пандэміяй каранавірусу. Людзі скандавалі антыўрадавыя лёзунгі і агучвалі разнаплянавыя патрабаваньні: забясьпечыць насельніцтва вакцынамі ад каранавірусу і пакласьці канец штодзённым адключэньням электрычнасьці.

Транспартныя сродкі сілаў бясьпекі з супрацоўнікамі, узброенымі аўтаматамі, патрулявалі вуліцы. Як паведамляе агенцтва France Press, сярод лёзунгаў дэманстрантаў — «Далоў дыктатуру» і «Мы не баімся».

Паводле агенцтва Reuters, у Гаване заўважылі аўтамабілі сілавых ведамстваў, абсталяваныя кулямётамі.

Людзі «пратэстуюць супраць крызісу, супраць таго, што няма ні харчоў, ні лекаў, усё даводзіцца купляць у валютных крамах, гэты спіс можна працягваць і працягваць», заявіла адна з відавочцаў акцыі ў Сант’яга-дэ-Куба на паўднёва-ўсходнім узьбярэжжы краіны.

Як відаць на кадрах з месца падзей у сацсетках, дэманстрацыі праходзілі ў розных гарадах краіны — ад Гаваны да Сант’яга.

Куба адмовілася ад вакцын з Расеі і Кітаю

Як піша DW, Куба адмовілася ад вакцын з Расеі і Кітаю, а таксама ад удзелу ў праграме COVAX, якая дапамагае краінам зь нізкімі даходамі атрымліваць прэпараты.

Цэнтар геннай інжынэрыі і біятэхналёгіі Кубы (CIGB) распрацаваў уласную вакцыну супраць COVID-19 пад назвай Abdala.

За апошні дзень у краіне зарэгістравалі рэкордную колькасьць новых выпадкаў COVID-19. Людзі патрабуюць ад уладаў паскорыць тэмпы вакцынацыі.

Рэакцыя ўладаў

Антыўрадавыя дэманстрацыі — вялікая рэдкасьць для Кубы. Апошнія падобныя выступы адбыліся амаль 30 гадоў таму.

Прэзыдэнт Мігель Дыяс-Канэль абвінаваціў ЗША і «кубіна-амэрыканскую мафію» ў падаграваньні абстаноўкі на востраве. Дыяс-Канэль заклікаў камуністаў выходзіць на вуліцы і даваць адпор пратэстоўцам. Паводле яго, прыйшоў час абараніць рэвалюцыю.

«Мы гатовыя аддаць сваё жыцьцё. Ім трэба пераступіць праз нашы трупы, калі яны хочуць сустрэцца з рэвалюцыяй. Мы гатовыя да ўсяго і будзем біцца на вуліцах», — заявіў Дыяс-Канэль у эфіры дзяржаўнай тэлевізіі.

Рэакцыя ЗША

Дарадца прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Джэйк Саліван выказаў падтрымку пратэстоўцам.

«ЗША падтрымліваюць свабоду выказваньня і сходаў на Кубе і будуць асуджаць любы гвалту або напад на мірных пратэстоўцаў, якія ажыцьцяўляюць свае ўсеагульныя правы», — гаворыцца ў заяве Салівана, апублікаванай у «Твітэры».

  • Мігель Дыяс-Канэль зьмяніў Рауля Кастра на пасадзе сакратара ЦК КПК.
  • У красавіку, прэзыдэнт Мігель Дыяс-Канэль быў абраны першым сакратаром Цэнтральнага камітэту (ЦК) Камуністычнай партыі Кубы (КПК) замест 89-гадовага на той момант Рауля Кастра.
  • Кастра абвясьціў аб адстаўцы з пасады кіраўніка Кампартыі Кубы на партыйным зьездзе ў Гаване 16 красавіка. Ён сказаў, што пакідае кіраўніцтва краінай «добра падрыхтаваным партыйным дзеячам», якія «будуць гарантаваць пераемнасьць ідэй Кубінскай рэвалюцыі 1959 году».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG