Як адзначылі ў прэс-службе Лукашэнкі, «візыт працягвае практыку рэгулярных асабістых сустрэч лідэраў для абмеркаваньня актуальных пытаньняў». Удакладняецца, што Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін дамовіліся аб сустрэчы яшчэ 1 ліпеня падчас тэлефоннай размовы.
У заяўленым парадку дня — супрацоўніцтва ў розных сфэрах і міжнародная праблематыка. Сярод іншага абмяркуюць меры супрацьдзеяньня спробам Захаду «разгайдаць сытуацыю ў Беларусі», сказаў прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітрый Пяскоў.
Сустрэча праходзіць у Канстанцінаўскім палацы ў Санкт-Пецярбургу. На яе прыбыў і малодшы 16-гадовы сын Лукашэнкі Мікалай.
Пра што казалі Пуцін і Лукашэнка
Падчас размовы Лукашэнка сказаў, што ворагі яго ўлады «перайшлі да індывідуальнага тэрору», маючы на ўвазе распаўсюджаныя дзяржаўнымі СМІ гісторыі пра напады на тэлевядоўцу Рыгора Азаронка і на дом палітыка Алега Гайдукевіча.
«Галоўнае — гэта бясьпека нашых дзяржаў. Гэтаму трэба ўсю ўвагу ўдзяляць. Як бы яны нас ні закалыхвалі, мы бачым, што паступілі ў свой час правільна, удзяляючы ўвагу абароне нашых дзяржаў і бясьпецы. Я шмат чаго вам раскажу, што адбываецца. Дынаміка ашалелая. Штодня нешта зьмяняецца», — сказаў Лукашэнка Пуціну.
Ён паведаміў, што ў Беларусі вельмі актыўна пачалі працу ў дачыненьні да розных няўрадавых арганізацыяў і заходніх СМІ, «якія тут дэмакратыю нам дарылі, а фактычна насаджвалі»:
«І не дэмакратыю, а вось гэты вось тэрор. Вы павінны разумець, што мы проста ня можам іначай. Чым яны займаліся, зразумела. Яны фінансаваліся звонку. А мы ўсё думалі: ну добра, гэта ж дэмакратыя, давайце будзем гаварыць, супрацоўнічаць. Вось і атрымалі адпаведныя вынікі».
Беларусь, «чаго б ні каштавала», будзе выконваць узятыя на сябе абавязацельствы па крэдытах, дадзеных Расеяй, сказаў Лукашэнка Пуціну:
«У фінансавым пляне нам заўсёды было няпроста... Тут падтрымка была вельмі сур’ёзная з боку Расеі. Мы сьвята стараемся выконваць свае абавязацельствы па крэдытах, якія выдадзены і будзем іх выконваць, чаго б нам ні каштавала».
«Натуральна, што наша эканоміка вельмі сурʼёзна прывязаная да расейскай. Мы захавалі многія каапэрацыйныя адносіны з Расіяй, мы не пайшлі тым шляхам, як пайшлі іншыя рэспублікі. Асабліва наша паўднёвая рэспубліка. Мы ня рвалі сувязі. Таму захавалі ўсю прамысловасьць, а дзе-нідзе і дадалі, дзякуючы інвэстыцыям Расейскай Фэдэрацыі », — адзначыў Лукашэнка.
Пуцін, у сваю чаргу, назваў Беларусь «вялікім і надзейным» партнэрам у сфэры эканомікі. Ён сказаў, што таваразварот паміж краінамі вырас на 17%. За красавік-травень гандаль паказаў рост больш як на 37%.
Пяскоў: «Будзе абмеркаваньне спробаў Захаду разгойдваць сытуацыю ў Беларусі»
«Натуральна, адбудзецца абмен думкамі аб міжнародных справах. Вядома, будзе абмеркаваньне спробаў калектыўнага Захаду далей разгойдваць сытуацыю ў Беларусі, адпаведна, меры супрацьдзеяньня гэтаму», — адзначыў Дзьмітрый Пяскоў напярэдадні сустрэчы, дадаўшы, што спачатку палітыкі паразмаўляюць сам-насам, пасьля чаго працягнуць зносіны ў фармаце рабочага сьняданку.
Думка экспэрта: «Лукашэнка зноў будзе прасіць грошай»
Багдан Бязпалька, намесьнік дырэктара Цэнтру ўкраіністыкі і беларусістыкі МДУ імя Ламаносава, пракамэнтаваў рэсурсу «ПолитРоссия» тэрміновы візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Санкт-Пецярбург. У прыватнасьці, выказаў здагадку, што прычыны, хутчэй за ўсё, эканамічныя.
«Беларусь — дзяржава дастаткова закрытая, афіцыйная статыстыка часта не адпавядае прапагандзе. Цяпер беларусы ў цяжкім крызісе. Гэта зьвязана з ростам дзяржаўнай і крэдыторскай запазычанасьці ды недахопам абаротных сродкаў. Магчыма, эканоміка дасягнула яшчэ больш крытычнага стану і патрабуецца экстраная падтрымка. Лукашэнка зноў будзе прасіць грошай», — выказаў меркаваньне Багдан Бязпалька.
Пры гэтым ён ня выключыў, што для сустрэчы ёсьць і палітычныя прычыны. Лукашэнку пагражаюць новыя заходнія санкцыі, яму ня ўсё роўна, што пра гэта думае Пуцін.
Выглядае, што Лукашэнка не вяртаўся ў Менск пасьля сьвяткаваньня Купальля на сваёй радзіме ў Александрыі. Ягоны самалёт адлятаў у Санкт-Пецярбург з аэрадрому Балбасава, што побач з Воршай. Там знаходзіцца авіярамонтны завод, які нядаўна ён інспэктаваў, а таксама прамыслова-лягістычны комплекс «Брэміна-Ворша» з грузавым аэрадромам.
Узьлётна-пасадачнай паласе прысвоены міжнародны статус, цяпер тут могуць прымаць і адпраўляць грузавыя авіярэйсы і цывільныя судны. Беларускія ўлады разьлічвалі, што аэрадром стане буйным грузавым хабам, аднак праз ініцыдэнт 23 траўня з прымусовай пасадкай у Менску пасажырскага самалёта кампаніі Ryanair Беларусь апынулася ў авіяцыйнай блякадзе і меркаваная актыўнасьць практычна зьведзеная да нуля.