Паводле прэсавай службы Белага дому, Трамп і Пуцін пагадзіліся пачаць шлях да міру з 30-дзённай адмовы ад ўдараў па энэргетычнай інфраструктуры паміж Расеяй і Ўкраінай.
У заяве Белага дому гаворыцца, што абодва бакі падкрэсьлілі неабходнасьць паляпшэньня двухбаковых адносінаў паміж ЗША і Расеяй. Таксама маюць прайсьці тэхнічныя перамовы пра перамір’е на Чорным моры, поўнае перамірʼе і доўгатэрміновы мір. Гэтыя перамовы маюць пачацца неадкладна на Блізкім Усходзе.
Расейскае дзяржаўнае агенцтва ТАСС паведаміла, што Пуцін паінфармаваў Трампа пра абмен ваеннапалоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, 175 на 175, які адбудзецца 19 сакавіка. Акрамя таго заяўляецца, што «ў якасьці жэсту добрай волі» Расея перадасьць Украіне 23 цяжкапараненых украінскіх вайскоўцаў.
У заяве Крамля гаворыцца пра пазыцыю расейскага боку, што галоўнай умовай дыпляматычнага разьвязаньне канфлікту павінна стаць «поўнае спыненьне замежнай ваеннай дапамогі і прадастаўленьня разведвальнай інфармацыі Кіеву».
У сваім допісе ў сацыяльнай сетцы Truth Social Дональд Трамп сёньняшнюю назваў размову з Пуціным «добрай і прадуктыўнай».
Напярэдадні размовы Трамп пісаў у Truth Social, што «многія элемэнты канчатковага пагадненьня былі ўзгодненыя, але шмат яшчэ трэба зрабіць. Гінуць тысячы маладых салдатаў. Кожны тыдзень з абодвух бакоў гінуць 2500 салдатаў, і гэта павінна спыніцца зараз, я вельмі чакаю размовы з прэзыдэнтам Пуціным».
Пасьля перамоваў паміж прадстаўнікамі ЗША і Ўкраіны ў Саудаўскай Арабіі ўкраінскія і амэрыканскія афіцыйныя асобы абвясьцілі 11 сакавіка, што Кіеў пагадзіўся з прапановай аб 30-дзённым спыненьні агню.